Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд вырашыў – БНФ выселіць


Сяргей Астраўцоў, Горадня Абласны гаспадарчы суд у Горадні пастанавіў выселіць з памяшканьняў абласную Раду БНФ “Адраджэньне”, а таксама Ленінскую раённую. Скасаваць зь імі дамову аб арэндзе і выселіць арганізацыі—гэтага дамагалася жыльлёвае рамонтна-эксплюатацыйнае прадпрыемства Ленінскага раёну горада.

Абласная Рада БНФ павінна пакінуць памяшканьне на вуліцы К.Маркса, 11 цягам дзесяці дзён.

Такое рашэньне прыняў судзьдзя Кулакоўскі. Вось што сказаў пасьля суду кіраўнік абласной Рады Сяргей Мальчык:

(Мальчык: ) “Згодна №66 артыкула, калі па аднатыпных справах прынятае рашэньне, бо суд прызнаў даказанай тую ці іншую пазыцыю, то ў наступнай справе суд можа не шукаць доказы у аднатыпным працэсе. Ён можа спаслацца на тое, што суд ужо прыняў рашэньне па такой справе, яно ўступіла ў сілу, і таму на падставе гэтага адразу прыняць рашэньне і задаволіць пазоў”.

І спадар Мальчык меў рацыю. Пасьля прыняцьця рашэньня наконт абласной Рады судзьдзя Кулакоўскі пастанавіў выселіць і Ленінскую раённую Раду, якая знаходзіцца па тым жа адрасе—К.Маркса, 11. Заўтра будзе прынятае рашэньне адносна гарадзкой Рады БНФ. У арганізацыі ня маюць ілюзіяў адносна таго, якім яно будзе.

Жыльлёвае рамонтна-эксплюатацыйнае прадпрыемства спасылаецца на тое, што будынак у аварыйным стане, таму ўсіх трэба выселіць. Яшчэ 8 лютага гаспадарчы суд прыняў рашэньне выселіць гарадзкую і абласную арганізацыі Партыі камуністаў беларускай, якія таксама мелі два пакоі на К.Маркса, 11.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG