Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго варта чакаць ад сустрэчы Пуціна з Бушам у Браціславе?


Юры Дракахруст, Прага Заўтрашняя сустрэча прэзыдэнтаў Буша і Пуціна, якая адбудзецца ў Браціславе, пройдзе на фоне абвастрэньня адносінаў паміж дзьвюма краінамі. Хаця самі лідэры гавораць аб сваім сяброўстве, грамадзкая думка у абедзьвюх краінах робіцца больш крытычнай у дачыненьні да іншай краіны, высокія прадстаўнікі абодвух урадаў абменьваюцца рэзкімі заявамі, якія часам нагадваюць тон “халоднай вайны”. Чаго варта чакаць ад браціслаўскага саміту?

Апошні раз Джордж Буш і Ўладзімер Пуцін сустракаліся ў ЗША у верасьні 2003 году. З тае пары ў двухбаковых адносінах назапасілася шмат праблемаў, пачынаючы з амэрыканскай апэрацыі ў Іраку і сканчаючы супрацоўніцтвам Масквы і Тэгерану ў ядзернай галіне.

Арышт нафтавага магната Міхаіла Хадаркоўскага, разгром ягонай кампаніі “Юкос”, манапалізацыя Крамлём расейскіх тэлеканалаў, адмена абраньня губэрнатараў – усе гэтыя падзеі падводзяць да пытаньня, ці не адбываецца ў Расеі адкат ад дэмакратыі і вяршэнства закону.

Паводзіны Расеі падчас перадвыбарчай кампаніі ва Ўкраіны засьведчылі намер Масквы трымаць пад сваім кантролем краіны постсавецкай прасторы.

Днямі выступаючы ў Брусэлі прэзыдэнт Буш падкрэсьліў амэрыканскую занепакоенасьць палітычнымі тэндэнцыямі ў Расеі.

(Буш: ) “Каб Расея дамаглася посьпеху як эўрапейская нацыя, расейскія ўлады павінны аднавіць сваю адданасьць дэмакратыі і вяршэнству закону. Мы разумеем, што рэформа ня можа адбыцца імгненна. Але мы павінны нагадаць Расеі, што нашае супрацоўніцтва грунтуецца на свабодзе друку, жыцьцяздольнай апазыцыі, падзеле ўладаў і вяршэнстве закону. Злучаныя Штаты і ўсе эўрапейскія краіны павінны паставіць дэмакратычныя рэформы ў цэнтар іх дыялёгу з Расеяй”.

Сёньня Ўладзімер Пуцін у інтэрвію славацкім мэдыям у пэўнай ступені даў адказ свайму амэрыканскаму калегу.

(Пуцін: ) “Расея 14 гадоў таму зрабіла для сябе выбар на карысьць дэмакратыі. І не для таго, каб быць прыемнай для каго б то ні было, а для сябе самой, для нашых грамадзянаў. Безумоўна, асноўныя прынцыпы дэмакратыі, інстытуты дэмакратыі павінны быць адаптаваныя да рэаліяў сёньняшняга расейскага жыцьця, да нашых традыцыяў і гісторыі. І гэта мы зробім самі”.

Экспэрты адзначаюць, што хаця ЗША і Расея даволі далёка адышлі ад атмасфэры супрацоўніцтва, якая была ў двухбаковых адносінах пасьля 9 верасьня 2001 году, застаецца шмат сфэраў, дзе яны маюць агульныя інтарэсы – барацьба зь міжнародным тэрарызмам, прадухіленьне распаўсюду ядзернай зброі, забесьпячэньне стабільнасьці на Карэйскай паўвыспе, энэргетычныя праекты.

Чакаецца, што акрамя жорсткага дыялёгу па спрэчных пытаньнях на перамовах магчымы і пэўны прагрэс у сфэрах, дзе інтарэсы бакоў блізкія.

На думку расейскага палітоляга Сяргея Маркава, які вядомы шчыльнымі адносінамі з Крамлём, ад браціслаўскага саміту ня варта чакаць аніякіх значных вынікаў.

(Маркаў: ) “Я мяркую, што ад гэтага саміту мы не павінны чакаць ані паляпшэньня, ані пагаршэньня.. Яны пацьвердзяць, што абраўшыся на новы тэрмін, прэзыдэнты будуць прытрымлівацца ранейшай палітыкі. Там няма аніякіх крызысаў і аніякіх прарываў”.

У сваёй інаўгурацыйнай прамове прэзыдэнт Буш заявіў, што мэтай Амэрыкі зьяўляецца распаўсюд свабоды і дэмакратыі ва ўсім сьвеце. Але магчыма, што гэтая тэма насамрэч ня стане цэнтральнай на перамовах у Браціславе. Стывэн Дэ Спігелер, адмысловец па Расеі з Галяндыі прыгадвае, што Злучаныя Штаты часам дэманструюць дастатковую гнуткасьць у дачыненьнях з краінамі, значна менш дэмакратычнымі, чым Расея.

(Дэ Спігэлэр: ) “Нават у новую эпоху пашырэньня свабоды, ЗША глядзяць скрозь пальцы на тое, што адбываецца ў Пакістане, што адбываецца ў Савудаўскай Арабіі, што адбываецца ў шмат якіх іншых месцах сьвету, дзе стратэгічныя інтарэсы маюць перавагу над ідэалягічнымі імпульсамі”.

На думку некаторых аналітыкаў у пэўным сэнсе праграма-мінімум Буша на перамовах з Пуціным – дамагчыся, каб супрацоўнітва Расеі з Іранам і Сірыяй было менш небясьпечным. Ужо цытаваны Стывэн Дэ Спігелер мяркуе, што ад Расеі можна было б дамагчыся гарантыяў, што ядзернае паліва з рэактара, які яна будуе ў Іране, будзе вяртацца ў Расею. Што тычыцца абяцаных Масквой паставак Дамаску сродкаў СПА, то Расею можна было б пераканаць не пастаўляць Сірыі самыя сучасныя ракетныя комплексы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG