Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіл Чыгір: “Немагчыма адной рукой змагацца з карупцыяй, а другой — абараняць такіх карупцыянэраў, як Галіна Жураўкова”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Фікцыяй назваў экс-прэм’ер Міхаіл Чыгір чарговы наступ на карупцыю, пра які гаварыў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе 22 лютага. Міхаіл Чыгір не выключае, што размовы пра барацьбу з карупцыяй спатрэбіліся ўладзе, каб распачаць новыя справы супраць апазыцыянэраў.

Падчас нарады на тэму барацьбы з карупцыяй, якая адбылася 22 лютага, Аляксандар Лукашэнка шмат казаў пра тое, што адказнасьць чыноўнікаў за парушэньні закону будзе “жалезнай”. А як выконваюцца ўжо вынесеныя прысуды чыноўнікам, якіх суд прызнаў злодзеямі?

Больш за два тыдні таму, 8 лютага, была асуджаная на 4 гады зьняволеньня былая кіраўніца справаў прэзыдэнта Галіна Жураўкова, аднак прысуд адносна яе дагэтуль ня выкананы. Гэта Радыё Свабода пацьвердзіў Уладзімер Коўчур, кіраўнік дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных справаў. Ён паведаміў, што ў падначаленых яму ўстановах утрыманьня злачынцаў былой кіраўніцы справаў Галіны Жураўковай няма.

Нагадаем, Галіна Жураўкова назвалася хворай і на абвяшчэньне прысуду ў Вярхоўны суд не зьявілася. У Міністэрстве ўнутраных справаў дагэтуль не рабілі ніякіх захадаў для пошукаў Галіны Жураўковай, бо лічаць, што за яе дагэтуль адказны суд. Між тым, зь Вярхоўнага суду Беларусі адказваюць, што далей Галінай Жураўковай мусіць займацца менавіта міліцыя.

Шмат хто ў Беларусі не выключае, што Галіне Жураўковай далі магчымасьць зьехаць зь Беларусі. Такога меркаваньня прытрымліваецца і былы прэм’ер Міхаіл Чыгір.

(Чыгір: ) “Жураўкова — гэта зусім іншы чалавек. Тым больш, яна пакаялася, што вельмі шмат значыць у нашай краіне. Мабыць, яна накрала больш, як усе разам узятыя, але будзе на свабодзе. А тыя, хто накраў меней, альбо ўвогуле ня краў, будуць доўга сядзець”.

Міхаіл Чыгір не выключае, што новы віток барацьбы з карупцыяй насамрэч ператворыцца ў новыя крымінальныя справы супраць апазыцыянэраў.

(Чыгір: ) “Прагучала гэтак, што тыя, якія накралі, зноў лезуць да ўлады. Мяркую, ён меў на ўвазе Казуліна. Тады — старая гісторыя, як з Чыгіром, як з Марынічам. Гэтак можа быць і з Казуліным”.

Экс-прэм’ер Міхаіл Чыгір быў арыштаваны ў красавіку 1999 году неўзабаве пасьля таго, як абвясьціў пра свой удзел у прэзыдэнцкіх выбарах, якія паводле Канстытуцыі 1994 году спрабавала наладзіць апазыцыя.

Міхаіл Чыгір адседзеў у ізалятары КГБ больш за восем месяцаў, пазьней быў прызнаны судом вінаватым у крадзяжы 1 мільёна даляраў і атрымаў умоўны тэрмін зьняволеньня. Праваабаронцы і апазыцыя лічаць справу Міхаіла Чыгіра сфальшаванай сьледзтвам на загад уладаў. Гэткае ж стаўленьне і да справы былога міністра і амбасадара Міхаіла Марыніча, якога арыштавалі ў красавіку 2004 году і дагэтуль утрымліваюць за кратамі. Перасьлед Марыніча таксама пачаўся пасьля таго, як ён сышоў у апазыцыю і заявіў пра намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Нібыта за крадзеж кампутараў Марыніча асудзілі да 3,5 гадоў калёніі. Між тым, арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала яго вязьнем сумленьня.

У 2003 годзе была распачатая крымінальная справа супраць кіраўнікоў прадпрыемства “Унідрагмэт”, якое падпарадкаванае БГУ. Сьледчыя яшчэ не агалосілі абвінавачаньня кіраўнікам “Унідрагмэту”, як Аляксандар Лукашэнка сваім загадам зьняў Аляксандра Казуліна з пасады рэктара, а дзяржаўныя мэдыі абвясьцілі пра ягоную датычнасьць да “выкраданьня золата”. Праз год справа супраць кіраўнікоў “Унідрагмэту” была закрытая, у іх папрасілі прабачэньня, але Аляксандра Казуліна на працы гэтак і не аднавілі. Грамадзкасьць зьвязала гэтыя падзеі з чуткамі пра тое, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году Аляксандар Казулін называўся ў ліку магчымых кандыдатаў ад аб’яднанай апазыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG