Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Казулін: “Мы павінны вызваліць наша грамадзтва ад страху”


Аляксей Знаткевіч, Прага Выступаючы 22 лютага на нарадзе ў пытаньнях барацьбы з карупцыяй, Аляксандар Лукашэнка зрабіў чарговыя абвінавачваньні на адрас апазыцыі і Захаду. У прыватнасьці, ён заявіў: “Мы ведаем, што вядуцца пошукі людзей, быццам не зьвязаных ні з апазыцыяй, ні з уладай, каб іх як незалежных выставіць для захопу ўлады”. Магчыма, што гэта было сказана пра былога рэктара Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Аляксандра Казуліна. Менавіта яго ў мінулыя выходныя прапанавалі на ролю лідэра аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі, якую цяпер спрабуюць стварыць чальцы Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) і Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады.

Казуліна звольнілі з пасады ў 2003 годзе, нейкі час ён быў падазраваным па справе аб крадзяжы маёмасьці на прадпрыемстве, што належала БДУ. Некаторыя аналітыкі тлумачылі перасьлед Казуліна тым, што пераважная большасьць студэнтаў БДУ прагаласавала на выбарах прэзыдэнта супраць Аляксандра Лукашэнкі.

Мы зьвязаліся са спадаром Казуліным, і першае пытаньне да яго – чаму былы рэктар вырашыў пайсьці ў палітыку?

(Казулін: ) “Па-першае, трэба разумець, што такое палітыка, а што – імкненьне змагацца за свой народ і сваю краіну. У дзень абаронцаў Айчыны, я магу проста і ясна сказаць, што сваю Айчыну трэба любіць, трэба жадаць і ўмець яе абараняць. Але я ўжо казаў, што стоячы на каленях гэта зрабіць проста немагчыма. Многія гавораць, што ўвесь корань зла – у адным чалавеку, але я лічу, што многія нашы праблемы – у нас саміх. Трэба мяняць сьвядомасьць у грамадзтве, трэба мяняць тую сытуацыю, якая на сёньня склалася. Сьвядомасьць людзей заціснутая страхам, які, як іржа, разьядае асобы, самастойнасьць, творчасьць, ініцыятыву. Мы павінны вызваліць наша грамадзтва ад страху. Мы павінны ўсім паказаць, што ёсьць народ, вялікая і магутная сіла. Гэта ня быдла, якім можна паганяць. Воля народу мае быць пачутая. Любыя рэпрэсіі супраць народу заўжды вядуць да сур’ёзных наступстваў”.

(Карэспандэнт: ) “Ці будзеце вы вылучацца кандыдатам у прэзыдэнты?”

(Казулін: ) “Гаварыць нешта загадзя немагчыма. Кандыдат у прэзыдэнты павінен атрымаць народную падтрымку. Ён не павінен зьяўляцца з паветра. Я ўвогуле супраць таго, каб людзі вылучалі сябе самі. Я за тое, каб справамі даводзіць сваю адпаведнасьць. Калі людзі ў мяне павераць, калі яны за мной пойдуць, тады нешта будзе рэальна”.

(Карэспандэнт: ) “Увечары 22 лютага стала вядома пра звальненьне з працы выкладчыкаў БДУ Алега Лойкі і Алеся Пашкевіча, які зьяўляецца старшынём Саюза пісьменьнікаў Беларусі. Пра звальненьне Радыё Свабода паведаміў сам Алесь Пашкевіч. Паводле яго, прычына звальненьня – подпісы абодвух выкладчыкаў пад Зваротам да беларускага народу, апублікаваным ў “Народнай волі” ў мінулую суботу, у якім дэкляруецца стварэньне новага грамадзкага руху “Воля народу”. Першым пад гэтым зваротам падпісаўся якраз былы рэктар БДУ Аляксандар Казулін. Я спытаўся ў яго: ці можна нейкім чынам абараніць людзей, звольненых з працы?”

(Казулін: ) “Мы сёньня думаем пра гэта. Паверце, гэтыя людзі не застануцца па-за справай, і паверце, што мы іх здолеем абараніць. Мы цяпер абдумваем мэханізмы, як гэта зрабіць. Але тое, што ўлада сёньня так пасьпешліва рэагуе, звальняючы людзей, ціснучы на псыхіку, на дзяцей, на сваякоў – гэта абсалютна ненармальна. Бо гэты зварот падпісалі людзі з самых розных групаў насельніцтва – ад даярак, таксістаў, рабочых, людзей з калгасаў і саўгасаў да інтэлігенцыі, навукоўцаў, пісьменьнікаў, мастакоў, скульптараў. Тут сапраўды ўвесь спэктар нашага народу. І калі гэты народ пачынаюць труціць, ганяць, узьнікае пытаньне – чаму ўлада, якая кажа, што карыстаецца падтрымкай 80 працэнтаў народу, баіцца гэтага волевыяўленьня?”

(Карэспандэнт: ) “Чаму былы кіраўнік Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту не карыстаецца беларускай мовай?”

(Казулін: ) “Ведаеце, я вучыўся ў спэцыялізаванай “ангельскай” школе, і калі я вучыўся, на тыдзень было 10 гадзін ангельскай мовы (у тым ліку гісторыі і літаратуры), а беларускай мовы не было ніводнай гадзіны. Беларускай літаратуры была толькі адна гадзіна. У мяне не было асяродзьдзя беларускай мовы. Цяпер гэтае асяродзьдзе зьяўляецца, і я, натуральна, буду размаўляць на беларускай роднай мове”.

(Карэспандэнт: ) “Можна пачуць, што калі Вы кіравалі БДУ, студэнтаў перасьледавалі, у тым ліку выключалі з унівэрсытэту, за палітычную дзейнасьць...”

(Казулін: ) “Ведаеце, калі я быў рэктарам, да мяне прыяжджалі ўпаўнаважаныя ў правах чалавека, па-мойму, з Амэрыкі. Яны таксама атрымалі запіску, што такое ёсьць. Мы далі ім магчымасьць пайсьці ва ўсе студэнцкія аўдыторыі, куды яны хочуць. Пасьля двух дзён свабодных пошукаў яны прыйшлі і папрасілі прабачэньня, сказалі, што ня маюць ніякіх пытаньняў да рэктара”.

Гл. таксама • Хто стаіць за ініцыятывай новага грамадзкага руху “Воля народу”? • Былы рэктар БДУ А.Казулін стаў на чале новай ініцыятывы “Воля народу”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG