Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які вынік візыту прадстаўнікоў шасьці апазыцыйных партыяў у Мінюст?


Альгерд Невяроўскі, Менск Падчас сустрэчы з намесьнікам міністра юстыцыі Алегам Краўцовым яны казалі пра цяжкасьці, зь якімі сутыкнуліся партыі, юрыдычныя адрасы якіх знаходзяцца ў жылых памяшканьнях. А Вінцука Вячорку ў будынку Мінюсту спрабавалі затрымаць міліцыянты.

У сустрэчы з намесьнікам міністра юстыцыі Алегам Краўцовым бралі ўдзел прадстаўнікі Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі камуністаў, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, “Народнай грамады” і партыі жанчын “Надзея”. Усе гэтыя партыі днямі атрымалі ад Міністэрства юстыцыі папярэджаньні за тое, што многія іх рэгіянальныя структуры маюць юрыдычныя адрасы ў жылых памяшканьнях. Паводле ж патрабаваньня Мінюсту, да 1 лютага ўсе зарэгістраваныя партыйныя структуры павінны былі знайсьці сабе памяшканьні ў нежылым фондзе.

Апазыцыйныя лідэры патлумачылі намесьніку міністра, што гэтае патрабаваньне Мінюсту незаконнае і выканаць яго немагчыма. Бо партыйныя структуры рэгістраваліся ў жылых памяшканьнях паводле дзейнага заканадаўства, а закон ня мае зваротнай сілы. Паводле прадстаўнікоў партыяў, мінюстаўскае распараджэньне немагчыма выканаць яшчэ і таму, што ніхто з уладальнікаў офісных будынкаў ня хоча здаваць у арэнду свае памяшканьні партыйным структурам па льготных расцэнках, на якія партыі маюць права паводле закону. Тым больш, што мясцовыя чыноўнікі часта перашкаджаюць апазыцыянэрам арандаваць памяшканьні.

Гаворыць адзін з удзельнікаў сустрэчы, лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Я зазначыў, што запрашэньне нас на размову пасьля вынясеньня папярэджаньня ня сьведчыць пра імкненьне Міністэрства юстыцыі весьці з намі дыялёг і супрацу. А сьведчыць, на жаль, пра імкненьне гаварыць з пазыцыі сілы. І ўзьнікае пытаньне: ці сапраўды Міністэрства юстыцыі стаіць на варце закону?”

Прадстаўнікі партыяў таксама казалі, што Мінюст ня мусіць быць карным органам і павінен нармальна супрацоўнічаць са структурамі грамадзянскай супольнасьці. Алег Краўцоў з гэтымі аргумэнтамі пагадзіўся. Ён прасіў выпрацаваць прапановы ў справе ўрэгуляваньня сытуацыі вакол партыйных структураў і перадаць іх у Міністэрства юстыцыі. Але прадстаўнікі партыяў ня надта спадзяюцца, што ціск уладаў на апазыцыю будзе спынены. Вінцук Вячорка працягвае:

(Вячорка: ) “Міністэрства юстыцыі, як і ўсе дзяржаўна-ўрадавыя інстытуцыі, належыць да адной дзяржаўнай машыны, перад якой пастаўленая гранічна ясная задача. Таму я ня маю ніякіх ілюзіяў да таго, што палітычная мэта зьнішчыць грамадзянскую супольнасьць інстытуцыянальна — яна кіроўным рэжымам перасьледуецца”.

Тым часам улады працягваюць ліквідацыю дэмакратычных грамадзкіх арганізацыяў і ціск на актывістаў. 21 лютага Вярхоўны суд на прапанову Мінюсту ліквідаваў жаночы рух “Адраджэньне Айчыны”. Прычынай ліквідацыі сталі памылкі ў афармленьні дакумэнтацыі гэтай арганізацыі.

А сёньня Вінцука Вячорку ў будынку Мінюсту спрабавалі затрымаць міліцыянты. Яны хацелі даставіць яго на допыт у гарадзкую пракуратуру, дзе расьсьледуецца крымінальная справа па фактах паклёпу на прадстаўнікоў улады падчас правядзеньня выбарчай кампаніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG