Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: Колькі ў Амэрыцы “Русских Америк”?


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд незалежнага друку.

“У Аклахоме так і не даведаюцца пра Лукашэнку”, шкадуе “Белорусская деловая газета”. Журналістка Ірына Халіп шукала ў ЗША газэту “Русская Америка”, галоўны рэдактар якой, нехта Аркадзь Мар, амаль тыдзень гасьціў у хлебасольнага беларускага прэзыдэнта. І высьветліла, што газэтаў “Русская Америка” там прыкладна столькі ж, колькі гуртоў “Ласкавы май” гастралявала ў 1980-я гг. па бяскрайніх прасторах СССР. “Русские Америки” ёсьць ў Сіэтле, Нью-Ёрку, Аклахоме. А Аркадзь Мар – эмігрант з Ташкенту, які “разьвёў” ужо Туркмэнбашы Ніязава і кыргызскага прэзыдэнта Акаева.

“Сацыял-дэмакратыя як люстэрка рускай рэвалюцыі” – пад такім загалоўкам “БДГ” публікуе аналітычны матэрыял Аляксандра Фядуты пра спробы аб’яднаньня дзьвюх сацыял-дэмакратычных партыяў. “Калі няма надзеі на прыход да ўлады, партыя пачынае займацца ўнутрыпартыйнымі інтрыгамі”, мяркуе А.Фядута.

24 лютага – юбілей лепшага паэта краіны, цалкам справядліва сьцьвярджае “БДГ”. Роўных Рыгору Барадуліну па паэтычнаму генію ў Беларусі ўжо няма больш за паўстагодзьдзя. 2 сакавіка ў Доме літаратара – урачыстая вечарына.



“Витебский курьер” у сьвежым нумары за аўторак распавядае пра ініцыятыву мёрскіх мясцовых уладаў. Цяпер сьпісы грамадзянаў, якія маюць запазычанасьць за камунальныя паслугі, рэгулярна публікуюцца ў “Мёрскіх навінах”. Прычым у апошнім нумары газэты ня толькі зьмешчаны сьпіс прозьвішчаў васямнаццаці злосных неплацельшчыкаў, але і дакладны адрас кожнага. Магчыма, для зручнасьці мясцовых злодзеяў: каб у гэтыя кватэры ня ўлазілі, бо ўсё адно там няма чым пажывіцца.

Адразу восем ваўкоў зь вялікай зграі зьнішчылі паляўнічыя ў Мёрскім раёне ў мінулыя выходныя. Зграя загрызла некалькі коз і двух маладых ласёў. У аблаве ўдзельнічалі больш за 40 егераў і загоншчыкаў, у тым ліку і 6 паляўнічых з Чэхіі. Мяркуецца, што зграя прыйшла зь непраходных балотаў гідралягічнага заказьніка “Ельня”, дзе ў драпежнікаў ёсьць усе ўмовы для размнажэньня, але за ежай яны выбіраюцца на “вялікую зямлю”, піша “Витебский курьер”.

“Лыжнік Сяргей Далідовіч бег “аднарукім” – у яго зламалася лыжная палка – і заняў шостае месца ў камбінаванай гонцы на 30 кілямэтраў, паведамляе “Комсомольская правда” в Белоруссии”. Ніколі яшчэ выхаванцы беларускай школы не ўздымаліся на такія вышыні. Спартоўца натхніла нараджэньне дачкі Дашы, сьцьвярджае жонка лыжніка Ірына. А калі нарадзілася іх першая дачка Оля, Сяргей выйграў гонку Кубка сьвету. Так што нараджэньне дачушак стымулюе, сьцьвярджае “Комсомольская правда” в Белоруссии”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG