Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызначыў новага кіраўніка справамі прэзыдэнта


Алег Грузьдзіловіч, Менск 21 лютага Аляксандр Лукашэнка сваім загадам вызваліў Аляксандра Кулічкова ад пасады міністра гандлю і прызначыў яго кіраўніком справаў прэзыдэнта.

Прызначанаму кіраўніком справамі прэзыдэнта Аляксандру Кулічкову сёлета споўніцца 60 гадоў. З 2001 году ён працаваў міністрам гандлю, а да таго два гады быў дарадцам прэзыдэнта. Аляксандр Кулічкоў вядомы як чалавек, чый палітычны лёс даўно зьвязаны зь лёсам Аляксандра Лукашэнкі. Былы намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Аляксандр Кулічкоў быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня адначасова з дырэктарам саўгасу “Гарадзец” Аляксандрам Лукашэнкам.

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 1994 года Кулічкоў актыўна падтрымаў Аляксандра Лукашэнку і пасьля выбараў узначаліў кіраўніцтва Магілёўскай вобласьці.

Аднак ў 1999 годзе ягоныя адносны з прэзыдэнтам рэзка пагоршыліся. Дайшло да таго, што падчас нарады ў адміністрацыі, якая трансьлявалася па БТ, Аляксандр Лукашэнка нібыта за кадравыя памылкі зьняў Кулічкова з пасады і публічна загадаў выдаліць яго з залы. Паводле кулуарных зьвестак, сапраўднай прычынай пазбаўленьня ад Кулічкова стала ягонае нежаданьне спрыяць гандлёвым махінацыям, якія былі санкцыянаваныя на самым версе. Тое, што цяпер Аляксандра Кулічкова прызначылі кіраваць справамі прэзыдэнта, былы прэсавы сакратар прэзыдэнта Аляксандр Фядута лічыць паказчыкам стылю кіраваньня, уласьцівага для Аляксандра Лукашэнкі.

(Фядута: ) “Па-першае, у Аляксандра Лукашэнкі няма таго, што можна было б назваць кадравым запасам. Ён робіць адно і тое ж: ламае людзей, а потым іх вяртае, бо абапірацца ён можа толькі на тых, хто не аказвае ніяага супраціву. Гэтак было ў свой час з Мальцавым, з Князевым, зараз гэта адбываецца з Кулічковым. Вось такія людзі, якія прызнаюць, што яны пацярпелі паразу ад Лукашэнкі, яны яму вельмі і вельмі патрэбны. Але менавіта гэтыя людзі, якія вымушаныя былі прызнаць ад яго паразу, ненавідзяць яго больш за ўсіх”.

Нагадаем, як складваліся лёсы папярэднікаў Аляксандра Кулічкова на пасадзе кіраўніка справамі прэзыдэнта. Былы сябра і адзінадумец Аляксандра Лукашэнкі Іван Ціцянкоў у 1999 годзе зьехаў у Маскву і, паводле зьвестак, сувязяў зь беларускім лідэрам не падтрымлівае. Уладзімер Ганчарэнка ўзначальваў кіраўніцтва справамі менш за год, цяпер ён міністар сувязі. Галіна Жураўкова працавала на гэтай пасадзе больш за два гады, за якія пасьпела накрасьці як найменей 3 мільёны даляраў і была асуджаная на 4 гады зьняволеньня. Апошнім кіраўніком справамі прэзыдэнта быў Генадзь Лаўранкоў, якога на мінулым тыдні зьнялі і прызначылі на пасаду памочніка прэзыдэнта па Магілёўскай вобласьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG