Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы ў Беларусі?


Галіна Абакунчык, Менск 21 лютага ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэтае сьвята абвешчана Генэральнай канфэрэнцыяй ЮНЭСКА ў 1999 годзе дзеля захаваньня моваў, якім пагражае зьнікненьне. Сьвята роднай мовы прымеркаванае да гадавіны гібелі пецярых студэнтаў Бангладэш, якія выступалі за самастойнасьць мовы бангла ў Пакістане. Як адзначалі Міжнародны дзень роднай мовы ў Беларусі?

Таварыства беларускай мовы адзначыла сьвята цырымоніяй перадачы збору мастацкай літаратуры ў падарунак беларускай гімназіі Менску. З ініцыятывы грамадзкасьці творчыя вечарыны з удзелам беларускіх літаратараў і сьпевакоў адбыліся ў іншых буйных гарадах краіны. З боку дзяржавы беларускую мову ўшанавала толькі Нацыянальная бібліятэка. Менавіта ініцыятыва грамадзкасьці і недзяржаўных структураў у справе пашырэньня беларускай мовы ёсьць адметнасьцю моўнай сытуацыі ў Беларусі цягам апошніх гадоў, паведаміў старшыня таварыства Алег Трусаў.

(Трусаў: ) “Адносіны да беларускай мовы ў грамадзтве зьмяніліся: яе перасталі лічыць калгаснай, а наадварот, калі малады чалавек размаўляе па-беларуску, то гэта крута, гэта прыгожа. І нават многія расейскамоўныя гурты пачалі сьпяваць па-беларуску. Да прыкладу, “Нэйрадзюбэль”. Па другое, зьмянілася стаўленьне да беларускай мовы з боку старэйшага пакаленьня: сотні чалавек ставяць подпісы пад зваротам да кіраўніка БТ за павелічэньне беларускамоўных праграмаў. І гэтыя дзьве плыні далі добры плён: цяпер да беларускай мовы зьвярнуліся буйныя фірмы. Па-беларуску рэкляму робяць “Самсунг”, “Панасонік”, “Галіна Блянка”, “Бош” пераходзіць на беларускую мову, і гэты сьпіс можна доўжыць”.

Як заявіў спадар Трусаў, стаўленьне да беларускай мовы ў вышэйшых эшалёнах улады сёньня ня можа задавальняць, хоць яно і неадназначнае: па-ранейшаму скарачаецца беларуская мова ў галіне адукацыі, але зьяўляецца загад пра 75% беларускай музыкі ў радыёэфіры. Некаторыя міністры, да прыкладу, віцэ-прэм’ер Уладзімер Дражын валодаюць роднай мовай і карыстаюцца ёй, а іншыя, як кіраўнік ураду Сяргей Сідорскі, прынцыпова ігнаруюць. На пытаньне “Свабоды”, ці павялічваецца выкарыстаньне беларускай мовы ў справаводзтве і ў асяродку парлямэнтароў, прадстаўнік камісіі ў справах навукі й культуры Валеры Гамеза адказаў:

(Гамеза: ) “Не праводзілі такіх дасьледаваньняў, хоць ведаю, што зьменшылася карыстаньне беларускай мовай”.

Каб выправіць гэткае становішча і пашырыць выкарыстаньне беларускай мовы ў дзяржаўных структурах, Таварыства беларускай мовы распрацавала папраўкі ў адпаведны закон. Дарэчы, Канстытуцыйны суд прызнаў дзейны закон аб мовах не адпаведным Канстытуцыі. Але, як паведаміў спадар Гамеза, разгляд паправак у моўнае заканадаўства ў плянах Палаты прадстаўнікоў на 2005 год не прадугледжаны.

Паводле апошняга перапісу насельніцтва, 37% жыхароў Беларусі заявілі, што карыстаюцца роднай мовай у побыце штодня. 74,5 % назвалі беларускую мову роднай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG