Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа стварае беларускую FM-радыёстанцыю “Пагоня”


Ігар Карней, Менск Заходнія палітычныя і грамадзкія арганізацыі шукаюць магчымасьці фінансаваньня праектаў інфармацыйнага тэле– і радыёвяшчаньня на Беларусь. Намер наладзіць тэлетрансьляцыю з тэрыторыі Эўразьвязу яшчэ раз пацьвердзіў Эўрапарлямэнт. У хуткім часе з Польшчы на сумежныя беларускія рэгіёны пры фінансавай падтрымцы таго ж Эўразьвязу пачне вяшчаньне FM-радыёстанцыя “Пагоня”. Пра неабходнасьць беларускамоўных праграмаў на “Нямецкай хвалі” абвясьціў фонд Адэнаўэра.

Яшчэ летась дэпутаты Эўрапарлямэнту ад Літвы заявілі пра неабходнасьць незалежнага тэлерадыёвяшчаньня на Беларусь з сумежных краінаў. Аргумэнтам “за” — сытуацыя з правам на распаўсюд і атрыманьне інфармацыі ў Беларусі: уціск на незалежную прэсу, перасьлед журналістаў, татальны кантроль за электроннымі СМІ.

Цяпер адпаведны запыт накіраваны ў Эўракамісію, дзе праект праходзіць фінансавае абгрунтаваньне. Адказным за “беларускую ідэю” у Эўрапарлямэнце — літоўскі дэпутат Юстас Паляцкіс. Кіраўніца бюро спадара Паляцкіса ў Вільні Гіедрэ Пурванэцкене лічыць, што ідэя мае шанцы на рэалізацыю. Аднак што да канкрэтных тэрмінаў — адказаць пакуль не бярэцца.

(Пурванэцкене: ) “Пакуль спадар Паляцкіс нас не інфармаваў, як пытаньне разьвіваецца. Нам, прынамсі, ніякіх захадаў рабіць пакуль не даручалі”.

Паралельна з гэтым абвешчана пра хуткі намер наладзіць вяшчаньне з Польшчы FM-радыёстанцыі “Пагоня”, таксама фінансаванай Эўразьвязам. А напярэдадні нямецкі Фонд Адэнаўэра выказаўся на карысьць таго, каб распачаць радыёвяшчаньне на нацыянальных мовах у найбольш праблемных краінах, уключна зь Беларусьсю. А гэта значыць, цалкам верагодны пачатак трансьляцыяў па-беларуску радыёстанцыі “Нямецкая хваля”.

На тле размоваў пра магчымасьць замежнага тэле– і радыёвяшчаньня актывізуецца афіцыйная прапаганда ў Беларусі. У пачатку лютага пачалося вяшчаньне спадарожнікавага каналу “Беларусь-ТБ”. Міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч у інтэрвію агенцтву “Інтэрфакс” заявіў, што яму ўсё вядома пра спробы Захаду пачаць “інфармацыйную вайну супраць Беларусі”, а таму ўлады гатовыя да контрадзеяньняў. На гэтую ж тэму выказаўся Аляксандар Лукашэнка, які падчас сустрэчы з кіраўнікамі нацыянальных тэлеканалаў наўпрост заявіў: імкненьне Захаду наладзіць свае крыніцы інфармаваньня беларусаў вяртае ў час халоднай вайны. Былы кіраўнік Беларускага тэлебачаньня Генадзь Бураўкін лічыць, што барацьба за ўплыў на інфармацыйнай прасторы будзе толькі ўзмацняцца. Характарыстыку ж цяперашняму тэлебачаньню, якое, дзякуючы “Беларусь-ТБ”, выйшла на міжнародную прастору, дае такую:

(Бураўкін: ) “Бачна адно толькі жаданьне — яно скіраванае на нейкія асабістыя інтарэсы і зацікаўленьні ўладаў, бо дзеяньні Лукашэнкі Расея, Украіна, я ўжо не кажу пра Захад, вельмі часта, жорстка і, на мой погляд, справядліва крытыкуюць”.

У дэмакратычным лягеры ідэю неангажаванага інфармаваньня беларусаў вітаюць, але досыць асьцярожна ставяцца да тэхнічнага моманту ў ажыцьцяўленьні такіх маштабных праектаў. Перадусім зьвяртаюць увагу на абмежаваную колькасьць уладальнікаў спадарожнікавых антэнаў, на лякальны характар тэрыторыяў, якія ахопліваюцца FM-вяшчаньнем, і на ня вельмі якасны прыём на кароткіх і сярэдніх хвалях.

Гл.таксама • Фонд Адэнаўэра лічыць неабходным пачаць беларускае вяшчаньне на “Deutsche Welle”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG