Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 лютага 1918 году была выдадзеная Першая ўстаўная грамата да народаў Беларусі


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 20 і 21 лютага

Спачатку – пра каляндар учорашняе нядзелі.

20 лютага 1810 году пакінуў гэты сьвет Марцін Пачобут-Адляніцкі, славуты віленскі астраном і асьветнік. Нарадзіўся ён у вёсцы Саломенка на Гарадзеншчыне, вучыўся ў Гарадзенскім і Полацкім езуіцкіх калегіюмах і ў Слуцкай пэдагагічнай сэмінарыі. Гэта Пачобут-Адляніцкі арганізаваў і ўзначаліў Віленскую астранамічную абсэрваторыю, быў прафэсарам Віленскай акадэміі, рэктарам Галоўнай школы Вялікага Княства Літоўскага. Назіраў зоркі, плянэты і астэроіды, адкрыў новае сузор’е.

20 лютага 1918 году была выдадзеная Першая ўстаўная грамата да народаў Беларусі. Гэты юрыдычны і палітычны акт, прыняты Выканаўчым камітэтам Рады Ўсебеларускага Зьезду, яшчэ не абвяшчаў Беларусь самастойнай дзяржавай. Краіне надаваўся статус аўтаноміі з рэспубліканскім ладам у складзе Расейскай дэмакратычнай рэспублікі. Канчатковая незалежнасьць Беларусі будзе абвешчаная Трэцяй устаўной граматай крыху больш чым празь месяц, 25 сакавіка 1918 году.

20 лютага 1947 году нарадзіўся тэатральны рэжысэр Валеры Мазынскі, стваральнік менскага тэатру “Вольная сцэна“. Паходзіць Мазынскі зь вёскі Вялікае Стахава Барысаўскага раёну.

20 лютага 1963 году памёр кампазытар Канстанцін Галкоўскі – адзін з клясыкаў сучаснай беларускай музыкі. Нарадзіўся Галкоўскі ў Вільні, скончыў Пецярбурскую кансэрваторыю, а тады ўсё жыцьцё жыў у родным горадзе, пісаў музыку і выкладаў у Віленскай кансэрваторыі. Пасьля вайны Галкоўскі стаў народным артыстам Літоўскай ССР. Ягоныя творы заснаваныя на беларускім фальклёры, ёсьць у ягоным даробку рамансы і хоры на вершы Багушэвіча, Купалы, Коласа, Танка, Бядулі. На будынку, дзе жыў кампазытар, на віленскай вуліцы Завальнай сёньня вісіць мэмарыяльная шыльда, на якой прозьвішча творцы згарманізаванае на літоўскі лад – Галкаўскас.

Цяпер пра сёньняшні каляндар.

21 лютага 1804 году, 200 гадоў таму, ангельскі вынаходнік Рычард Трэвітык паказаў на коннай чыгунцы першы ў сьвеце паравоз. Паравоз той працягнуў груз 10 тонаў і 70 чалавек на дзесяць міляў. Сама машына важыла 5 тонаў і рэйкі пад ёй, не вытрымліваючы, ламаліся.

21 лютага 1893 году нарадзіўся славуты гішпанскі гітарыст-віртуоз Андрэс Сэговія. Кажуць, ніводзін іншы музычны інструмэнт сваёй роляй у ўсясьветнай музыцы так не абавязаны аднаму чалавеку, як абавязаная гітара Сэговіі.

21 лютага 1940 году ў гітлераўскай Нямеччыне пачынаецца будаўніцтва першага лягера масавага зьнішчэньня Асьвенціма.
XS
SM
MD
LG