Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Белорусский рынок”: “нічога, акрамя галаўнога болю, новы парадак вылічэньня падатку на дададзеную вартасьць не прынясе”


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд незалежнага друку

“Витебский курьер” публікуе артыкул пра дзедаўшчыну ў войску. Матэрыял называецца “На лаву падсудных сядуць… пацярпелыя”. Стараслужачыя рэгулярна зьдзекаваліся з маладых жаўнераў. Бязьмежжа спыніў камандзір часьці: па ягонай ініцыятыве была ўзбуджаная крымінальная справа, і двое стараслужачых асуджаныя на паўтара гады дысцыплінарнага батальёну. “Дзяды” прызналі сваю віну і падрабязна распавялі, каго і як “выхоўвалі”. А вось шасьцёра пацярпелых, якіх зьбівалі, усё адмаўлялі, і цяпер сядуць на лаву падсудных за дачу непраўдзівых паказаньняў.

“Белорусский рынок” сьцьвярджае, што “нічога, акрамя галаўнога болю, новы парадак вылічэньня падатку на дададзеную вартасьць не прынясе”. У канцэрне “Беллегпрам” мяркуюць, што пераход на ўплату ПДВ паводле краіны прызначэньня для Баранавіцкага вытворчага баваўнянага аб’яднаньня можа стацца выгодным і паспрыяць выхаду з крызысу. Аднак на самім прадпрыемстве аптымізму канцэрну не падзяляюць.

У сьвежым нумары “Белорусского рынка” чытайце таксама эксклюзіўнае інтэрвію дарадцы прэзыдэнта Ўкраіны,былога віцэ-прэм’ера Расеі Барыса Нямцова пад загалоўкам “Украіне патрэбны закон аб нацыяналізацыі”.

Маладзечанская “Рэгіянальная газэта” друкуе “Тайшэцкі раманс”. Прыканцы 1940-х малады беларускі настаўнік Іосіф Сушко сядзеў у сталінскім лягеры пад Тайшэтам разам са знакамітай сьпявачкай, выканаўцай рускіх народных песень і рамансаў Лідзіяй Русланавай. Беларус акампаніраваў слыннай сьпявачцы ў лягернай мастацкай самадзейнасьці. Цяпер заслужаны работнік культуры Беларусі, кіраўнік ансамблю песьні і танца “Спадчына” Іосіф Сушко жыве ў Маладзечне.

“Брестская газета” паведамляе, што найбуйнейшая ў Беларусі страўсіная фэрма, разьмешчаная пад Кобрынам, хутка выйдзе на праектную магутнасьць і пачне прадаваць мяса страўсаў. У сакавіку з Польшчы будзе дастаўлена новая партыя птушак.

Супрацоўнікі Ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй разам з памежнікамі затрымалі на шашы Менск-Берасьце два грузавіка з прычэпамі, у якіх знаходзілася 36 тысяч літраў нелегальнага сьпірту. Сьпірт быў расфасаваны ў пяцілітровыя плястыкавыя бутэлькі. А накладныя былі выпісаныя на 16 тон туалетнай паперы. Кошт нелегальнага сьпірту ацэньваюць у 30 тысяч даляраў, піша “Брестская газета”.

І ў працяг тэмы: у сьвежым нумары “Белорусской газеты” – журналісцкае расьсьледваньне. На працягу некалькіх гадоў гарэлку вядомых у Беларусі марак рабілі з дэзынфэкцыйнага сродку “Дэзынсол”. А з дазволу Міністэрства аховы здароўя падпольныя цэхі па вырабу кантрафактнай гарэлкі былі забясьпечаныя танным сьпіртам.

Вось яшчэ некалькі загалоўкаў “Белорусской газеты” – “На Захадзе заклікаюць пазбавіць краіну інвэстыцыяў”, “Беларусь думае аб ЗША”, “Вязьням сумленьня – скідка 30%”, “Камсамольцы адстраляліся”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG