Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія тэлеканалы найчасьцей глядзяць жыхары Віцебску?


Браніслава Станкевіч, Віцебск Меркаваньні віцебскіх мінакоў зьбірала наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, якія тэлеканалы — расейскія, беларускія або яшчэ якія — вам найбольш падабаюцца? І чаму?”

(Спадарыня: ) “Канечне, расейскія болей любім, а беларускія — ня вельмі. Бо па беларускіх амаль не бывае нічога цікавага”.

(Спадарыня: ) “Я таксама гляджу часьцей расейскія каналы. Пераважна таму, што беларускія каналы не паказваюць добрых фільмаў. А вось навіны гляджу беларускія”.

(Спадар: ) “Ніякія не люблю глядзець — ні расейскія, ні беларускія. Па беларускіх мана, а расейскіх не гляджу, бо яны па-расейску. Каб паказвалі па беларускіх каналах праўду, ды гаварылі там па-беларуску, дык я глядзеў бы беларускае тэлебачаньне. А так няма чаго мне паглядзець!”

(Спадар: ) “Расейскія гляджу. Бо яны цікавейшыя, болей сэрыялаў”.

(Спадарыня: ) “Па беларускіх таксама часам добрыя фільмы паказваюць. Вось глядзела, да прыкладу, па канале “Лад” кіно “Цені зьнікаюць апоўдні”. Вельмі нават цікавы фільм”.

(Спадар: ) “Беларускіх каналаў не гляджу, а гляджу НТВ расейскае. Бо па беларускіх, апрача хлусьні, нічога не пабачыш. Адны толькі спрэс ухваленьні Аляксандра Рыгоравіча!”

(Спадарыня: ) “Часьцей гляджу расейскія каналы, бо там цікавейшыя і фільмы, і перадачы”.

(Спадар: ) “На расейскім тэлебачаньні болей забаўляльных праграмаў, музычных, але і сур’ёзнага таксама шмат. А на нашых тэлеканалах праграмы адно тыя, што даспадобы ўраду. І таму глядзець іх нецікава”.

(Спадар: ) “А я лічу, што цэнзура ёсьць паўсюль — і на расейскіх каналах, і на беларускіх. І гэта ім замінае”.

(Спадар: ) “З усіх каналаў часьцеў гляджу або расейскія тэлеканалы, або ўкраінскі канал “Інтэр плюс”. Уважліва глядзеў, як былі выбары ва Ўкраіне: паказвалі ўсе спрэчкі, усе дыскусіі. У нас падобнае паказаць пакуль што немагчыма”.

(Спадарыня: ) “У нас, я думаю, больш папулярныя расейскія каналы, як НТВ, РТР. Што да беларускіх каналаў, мая праца таксама зьвязаная з тэлебачаньнем, і вельмі часта даводзіцца сутыкацца з тым, што мы ня можам паказаць таго, што б нам хацелася. Пра “надоі і ўдоі” глядзець, можа, камусьці і цікава, але людзі хочуць атрымліваць і іншую інфармацыю. Больш аб’ектыўную, больш цікавую і больш праўдзівую”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG