Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хачу параіць Аляксандру Рыгоравічу, як зьліквідаваць гэтую атаку: адкрыць доступ да СМІ грамадзянам з адрознымі ад афіцыйных поглядамі”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 17 і 18 лютага 2005 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Мікола Саскевіч: ) “Дзень добры, шаноўнае панства! Я вось чуў, што на сустрэчы прэзыдэнта ЗША з прэзыдэнтам Расеі ў Славакіі Амэрыка будзе рэкамэндаваць Расеі паўплываць на дыктатарскую бяспраўную Беларусь, то бок Расея павінна пастарацца дэмакратызаваць Беларусь. Але як можа кагэбэшная імпэрская Расея, якая сама згарнула ўсе дэмакратычныя ўстоі паўплываць на такую самую кагэбэшную антынародную ўладу ў Беларусі? Вось я вам задаю такое пытаньне”.

(Жэрдзеў, Гомель: ) “На пытаньне тыдня, якія я гляджу тэлеперадачы. Спачатку нагадаю, што казаў Макар Нагульнаў, літаратурны герой, пра газэты, чаму ён іх не чытае: “Бо, калі прачытаю я, як там нэграў б’юць, то нэрвы мае не вытрымліваюць, таму я не магу чытаць”. Вось прыкладна такія пачуцьці ў мяне ад тэлебачаньня па некалькім прычынам.

Першая прычына: на ўсіх каналах бочку мёду даюць разам зь дзёгцем. Дзёгаць – гэта рэкляма, якая перабівае любую перадачу, і цэльнасьць успрыманьня страчваецца. А што тычыцца БТ, нават калі там ідуць спартовыя перадачы, яны ж робяць вось што. Калі, напрыклад, ідзе добрая спартовая перадача па БТ і адначасова па НТБ, то НТБ звычайна наогул выключаюць. Таму БТ пэрсону гэтую паказвае, на каго алергія ў нармальных людзей, і хлусьліўцаў усялякіх слухаць прыходзіцца. Ці можна такое тэлебачаньне глядзець?”

(Спадарыня: ) “Тэлеканалы гляджу розныя: і рускія, і тыя, што называюць сябе беларускімі, толькі вось роднай мовы там амаль не чуваць. Выключэньні – перадачы міжнароднага францускага каналу, дзе пераклад на беларускую мову, высокапрафэсійны, прыгожы, граматны, прыемна і слухаць і вучыцца. Рускія тэлеканалы даюць больш-менш аб’ектыўную інфармацыю, але і там, мне здаецца, апошнія гады існуе цэнзура, ва ўсялякім разе крытычных матэрыялаў і перадач ня шмат, больш гульняў, сэрыялаў. А беларускія каналы гляджу, каб даведацца, як добра жывем мы, асабліва на вёсцы. Праўда, калі параўноўваем з рэальным жыцьцём, мне здаецца, што я і мае землякі жывем у нейкім іншым вымярэньні, у паралельным сьвеце, і нашыя ўладары нас проста ня бачаць. І мару, што аднойчы адкрыецца паміж нашымі паралельнымі сьветамі брама, і яны да нас зваляцца, можа тады ў нашым жыцьці што-небудзь і зьменіцца. А так вяскоўцы, як апошнія героі, змагаюцца за тое, каб выжыць, толькі вось прызоў нам ніхто не дае, нават заробак і той чыста сымбалічны”.

(Спадар: ) “Прывітаньне, Свабода! Я тэлефаную па тэме 2-й сусьветнай вайны. Дракахруст казаў, што кожны чацьверты альбо кожны трэці жыхар… Але вось тут зь Беластоцкай вобласьцю нешта незразумелае. Каб вы далі такія лічбы, якая колькасьць насельніцтва Беларусі зь Беластоцкай вобласьці. Я разумею, што дакладна немагчыма, ішлі рэпрэсіі, арышты, высылка ў Сыбір, але было б цікава даведацца пра насельніцтва і на 1939 год, і на чэрвень 1941. Тады ж Беластоцкую вобласьць адрэзалі, якое насельніцтва тады было? Якое насельніцтва перадалося Польшчы? Колькі выяжджала тады з Польшчы да нас ці ад нас у Польшчу ў пасьляваенны гады? Вось гэтыя зьвесткі цікава было б даведацца”.

(Анастас Семяновіч: ) “Шаноўныя гаспадыні і гаспадары Радыё Свабода! На пытаньне тыдня адказ вельмі кароткі. З 1994 году, калі зьявілася пасада прэзыдэнта Беларусі, глядзець абсалютна няма чаго, акрамя хлусьні. На вялікі жаль, нават футбол, хакей, якія вёў камэнтатар Навіцкі, перайшоў на іншую мову іншай дзяржавы. Пасьля гэтага перастаў глядзець любімы футбол, хакей. Быў час, калі рэгулярна я глядзеў НТБ, калі вёў перадачы Яўген Кісялёў, але расейскія бальшавікі яго прыбралі. Яны перанялі беларускую хлусьню”.

(Спадар: ) “Добрай раніцы! Учора па тэлебачаньні і па радыё зноў быў парасяча-сьвінячы віск, ягонымі словамі я кажу, Лукашэнкі наконт таго, што яго крыўдзяць галасы Свабоды, расейскія яго крыўдзяць, і мы яго крыўдзім – усе яго крыўдзяць. Ведаеце, “волка бьют не за то, что сер, а за то, что овцу съел”. Давёў краіну да крайнасьці і ўсё зразумець ня можа, чым адрозьніваецца дурань ад звышдурня. Дурню скажаш: “Ды ладна, Вася, ты ня дурань, ты добры, разумны чалавек.” А звышдурню яшчэ ж даказаць трэба”.

(Уладзімер: ) “Прывітаньне! Наконт вашага пытаньня. Нашыя ўсе тэлеканалы можна назваць адным словам – мясцовыя альбо тутэйшыя, беларускага ў іх вельмі мала. Мы глядзім руханку па СТБ, прагноз надвор’я, таксама некаторыя перадачы на “Ладзе” і на “БТ”, акрамя ідэалягічных. Таксама можна паглядзець даволі добрыя навіны на “Euronews”, мастацкія стужкі на канале “Hallmark”. Вось і ўсё, што ў нас можна паглядзець. Дарэчы, нядаўна зьявіўся новы тэлеканал у кабэльных сетках. У адной мастацкай стужцы даволі доўга паказвалі катаваньне жанчыны з распрананьнем, зь біцьцём. Гэта прапусьцілі, а вось пра добрае каханьне ў нас фільм можа і не зьявіцца, бо гэта чамусьці лічыцца парнаграфіяй. Вось калі ўсе гэтыя зьявы зьнікнуць, тады нашае тэлебачаньне можа пачаць рух да сапраўднай беларускасьці”.

(Іван Карпавіч: ) “Хачу адказаць на пытаньне тыдня наконт радыё і тэлебачаньня на Беларусі. Я яго даўно ўжо не гляджу і ня слухаю – гэта суцэльная хлусьня! Гэта па-першае. Я карыстаюся інфармацыяй толькі беларускай і расейскай Свабоды. Гэта па-другое. А трэцяе. Часам зьвяраю НТБ і расейскае тэлебачаньне зь інфармацыяй заходніх крыніцаў”.

(Жыхар Менску: ) “Шаноўная Свабода! Сёньня 17 лютага Свабода на расейскай мове паведаміла, што Лукашэнка заявіў аб тым, што яго дзяржава падвяргаецца інфармацыйнай атацы. Хачу параіць Аляксандру Рыгоравічу, як зьліквідаваць гэтую атаку. І гэта вельмі проста: адкрыць доступ да сродкаў масавай інфармацыі грамадзянам з адрознымі ад афіцыйных поглядамі, і за гэта іх не выштурхваць і не саджаць за краты”.

(Спадар: ) “Вы пытаеце, якія тэлевізійныя перадачы мы лепш глядзім, расейскія ці беларускія. Асабіста я гляджу і тыя, і другія, калі яны карысныя і цікавыя, калі не, то выключаю. Лукашэнка ня хоча, каб людзі слухалі радыёстанцыю Свабода, Нямецкую хвалю, BBC, Голас Амэрыкі і іншыя радыёстанцыі. Не дачакаецца ён гэтага! Ня менш за 60 год людзі слухалі і будуць слухаць, таму што мы сядзім зараз за жалезнай заслонай”.

(Слухач, Мікашэвічы: ) “Наконт БТ. Няма чаго там глядзець! І пакуль Лукашэнка будзе кіраваць намі, ніхто з нас яго глядзець і ня будзе!”

(Сяржук, Менск: ) “Шаноўныя слухачы Радыё Свабода! Я прапаную такое параўнаньне. Уявіце, што вам даюць есьці талерку супа, зь якога выцягнулі мяса, а туды харкнулі. Ці можна такое есьці? Падобнае робіць цэнзура ў сродках масавай інфармацыі. Яна выдаляе важную інфармацыю, а замест яе выдае хлусьню. Ці можна на такое глядзець ці слухаць? На Беларусі мы маем жорсткую і подлую цэнзуру, расейская цэнзура таксама ня лепшая. Я наогул не карыстаюся ані лукашэнкаўскімі СМІ, ані расейскімі. Ёсьць іншыя крыніцы інфармацыі”.

(Юшкевіч Аляксандар: ) “Вельмі доўга я аналізаваў ды думаў наконт таго, што зараз я скажу. Вырашаў, казаць ці не, але вырашыў, што больш устрымлівацца не магу. Мне зараз 25 год, адукацыя вышэйшая, але ў нашай краіне яна ня мае акрэдытацыі. На сёньняшні дзень у мяне няма свайго жыльля, бо няма бацькоў, якія дзякуючы нейкім даўнім сувязям ды напрацоўкам з савецкага часу маглі мне нешта пакінуць, дый жыў я ў вёсцы ў звычайнай хацінцы. А так хочацца мець добры, утульны дом. Так, я зарабляю грошы, але іх, як у большасьці нашага народу, хапае толькі на нейкае харчаваньне. А каб мне, маладому чалавеку, было магчымым зарабіць ды пабудаваць нешта прыстойнае нават і гутаркі быць ня можа. Гляджу я на сваіх равесьнікаў – сытуацыя такая ў большасьці. Але адрозьненьне ў тым, што ў іх ёсьць бацькі, якія сім-тым маглі б ім дапамагчы. І вельмі часта хочацца так зьдзейсьніць нешта такое, аб чым можна было потым не шкадаваць ды прасіць палітычнага прытулку. Але я разумею, што мая хата тут, і гэта мая краіна. Ведаеце, я хачу нешта рабіць, я не магу больш сядзець моўчкі цярпець гэты зьдзек, таму што я – чалавек.

Хацеў бы я, каб вы са мной зьвязаліся, калі лічыце, што я вам патрэбны. Я магу пісаць нейкія нататкі, вершы, нават апавяданьні. Я хрысьціянін пратэстанцкай царквы, веру, аналізую, у рэшце рэшт жыву сярод народу і многім магу падзяліцца. Калі я вам патрэбен, калі ласка са мной зьвяжыцеся, пажадана пасьля 22 гадзін кожнага вечара”.

(Мікола Саскевіч: ) “Дзень добры, шаноўныя пані і панове! Асабіста я ўвесь час бяру інфармацыю ад роднай беларускай Радыё Свабоды, украінскай Радыё Свабоды, расейскай Радыё Свабоды, ад радыёстанцыі Голас Амэрыкі, ад роднай беларускай Радыё Палёнія, часам слухаю BBC і Нямецкую хвалю. Карацей, усю інфармацыю атрымліваю ад заходніх радыёстанцыяў.

Што тычыцца беларускіх тэлеканалаў, то глядзець там няма чаго. Усё – хлусьня і нецікавыя тэлепраграмы. Адразу можна сказаць, што лукашэнкаўскі рэжым лічыць беларускі народ быдлам. А калі беларускія тэлежурналісты выступаюць у навінах, то слухаючы іх можна падумаць, што гэтыя тэлежурналісты альбо дурні, альбо страшныя халуі дыктатара. З-за такіх як яны сорамна становіцца за сваю краіну, за сваю нацыю. Адзінае хачу сказаць дзякуй вядучаму перадачаў “Падарожжа” і “Дылетант” на БТ. Вось ён малайчына, цікавая і патрэбная перадача. Яшчэ гляджу духоўную праграму “Існасьць”.

Што тычыцца расейскіх тэлеканалаў, усе яны паступова ператвараюцца ў такое самае тэлебачаньне, як і на Беларусі, бязьлікае, нецікавае, ілжывае. Калі я і гляджу беларускае ці расейскае тэлебачаньне, то толькі амэрыканскія фільмы. Ці гляджу навіны, але толькі дзеля карцінкі”.

(Спадарыня: ) “Што тычыцца беларускага тэлебачаньня, то цалкам нармальныя перадачы, ня горшыя за расейскія. Але я хацела б бачыць твары на тэлебачаньні праціўнікаў нашага прэзыдэнта Лукашэнка Аляксандра Рыгоравіча, галоўных падбухторшчыкаў. Хачу ведаць, дзе яны працуюць, за кошт чаго жывуць, якую карысьць прыносяць дзяржаве. Пажадана пачаць зь Клімава Андрэя, які ў сьнежні 2004 году заклікаў Джорджа Буша прымяніць да Беларусі югаслаўскі варыянт, а пасьля бамбёжак зьбіраецца стаць прэзыдэнтам Беларусі. Хочацца бачыць яго фізіяномію, даведацца, ці ўсё ў парадку ў яго з галавой, калі ён гатовы асудзіць народ на пакуты і сьмерць дзеля кіраўніцкай пасады”.

(Уладзімер: ) “Прывітаньне! Наконт выступу спадара Зянона. Сапраўды прыводзяцца вельмі слушныя высновы. Але дзеля таго, каб наш народ стаў нацыяй, каб ён зразумеў свае мэты, выконваў іх, яму патрэбна, перш за ўсё, добрае здароўе. Калі чалавек хворы, то ён можа абваліць усе канструкцыі. У выніку – ўся барацьба будзе дарэмнай, прывядзе да вялікіх матэрыяльных стратаў”.

(Спадарыня: ) “Сярод шматлікіх праблемаў мяне асабліва абурае, чаму зь вялікай хуткасьцю ў нашай дзяржаве так растуць кошты. На гэта Лукашэнка глядзіць вельмі спакойна. Кошты растуць на ўсё: на газ, на сьвятло, на жыльлё і нават на прадукты харчаваньня. Яшчэ тры тыдня таму танны мінтай каштаваў у нашым горадзе Наваградку 1 800, а цяпер каштуе 2 240. Дый тое гэтую рыбу прадавец суне чалавеку гнілую, тухлую. Нават карп, які плавае ў акварыюме жывы, а купляюць яго тухлым. Сапсуюцца мясныя прадукты, гнілая агародніна адкрыта ляжыць у нас на прылаўках у крамах. І ўсё гэта прадаецца за высокія кошты.

Чаму нашае кіраўніцтва так бесчалавечна і каварна прыніжае свой народ? Няўжо нельга ўсё гэта ўцаніць і любавацца тым, што стары чалавек альбо маленькае дзіця можа дазволіць сабе нармальнае харчаваньне? Не! Гэтага ўлады рабіць ня хочуць! Яны лепш будуць каварна паносіць усіх тых, хто кажа толькі праўду.

Я таксама не магу глядзець на гэтую подлую і каварную хлусьню спакойна! Мы павінны змагацца, каб наш народ жыў нармальным жыцьцём! Чаму ён павінен за мізэрныя пэнсію і заробак шмат працаваць і галодным хадзіць? Як так жыць далей? Вялікі дзякуй за ўвагу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG