Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран і Сырыя заявілі пра супрацоўніцтва ў адказ на ціск ЗША


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Іран і Сырыя заявілі пра болей шчыльнае супрацоўніцтва ў адказ на ціск, які абедзьве краіны адчуваюць з боку Злучаных Штатаў. Але пакуль не вядома, наколькі гэты саюз будзе шчыльным. Тэму працягвае наш карэспандэнт.

Слова саюз зьявілася адразу ж пасьля таго, як ЗША ўзмацнілі крытыку абодвух рэжымаў. Тэгеран і Дамаск абавязаліся супрацоўнічаць супраць, як яны выказаліся, агульных выклікаў. Гэты намер быў абвешчаны ў сераду ў Тэгеране пасьля сустрэчы іранскага прадстаўніка віцэ-прэзыдэнта і сырыйскага прэм’ер-міністра. Аднак канкрэтна Злучаныя Штаты яны не назвалі.

Тым часам, міністар замежных справаў Ірану Камал Харазі ўхіліўся ад гаворкі пра блізкі саюз менавіта з Сырыяй. У сваім выступе ў Бэрліне ён гаварыў увогуле пра міжнароднае супрацоўніцтва дзеля разьвязаньня блізкаўсходніх праблемаў.

(Харазі: ) “Іран і Сырыя маюць шмат агульных інтарэсаў. Гэта не азначае, што яны зьбіраюцца ўтварыць агульны фронт супраць Злучаных Штатаў. Але мы ўсе павінны аб’яднаць намаганьні ў супрацоўніцтве – і эўрапейскі бок, і краіны на Блізкім Усходзе, каб вырашыць праблемы і крызысы, зь якімі сутыкаецца Блізкі Ўсход.”

Саюз Сырыі і Ірану цалкам магчымы. Гэтыя краіны і раней аб’ядноўваліся, каб супрацьстаяць зьнешнім пагрозам. Сырыя, нягледзячы на яе гістарычныя сувязі з Іракам, падтрымала Іран у ірана-ірацкай вайне 1980-х гадоў, хоць той саюз і матываваўся асабістай варожасьцю паміж сырыйскім прэзыдэнтам Хафезам Асадам і ірацкім лідэрам Садамам Хусэйнам. Сырыя і Іран аб’ядноўваліся ў тыя ж 80-я гады і каб прымусіць ЗША вывесьці свае войскі зь Лібану. Аб’ядналі яны свае намаганьні і ў 2000 годзе, каб Ізраіль пакінуў гэтую краіну.

Гэтым разам саюз Сырыі і Ірану паўстае пасьля таго, як ЗША абвінавацілі Іран у падтрымцы тэрарызму і спробах вырабляць ядзерную зброю, а Сырыю – таксама ў падтрымцы тэрарызму і ў актыўных дзеяньнях супраць кааліцыі на чале з ЗША ў Іраку. Сырыя і Іран гэты абвінавачаньні адмаўляюць.

ЗША ўзмацнілі крытыку Сырыі пасьля забойства ў панядзелак былога лібанскага прэм’ер-міністра Рафіка Харазі. Сырыя, якая разьмясьціла сваё 14-тысячнае войска ў Лібане, падазраецца ў дачыненьні да гэтага забойства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG