Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія прадпрымальнікі незадаволеныя перамовамі


Міхал Стэльмак, Менск Беларускія прадпрымальнікі будуць рыхтавацца да новых акцыяў пратэсту. Пра гэта было заяўлена іх лідэрамі пасьля сёньняшніх перамоваў з уладамі, у выніку якіх бакі ня прыйшлі да разуменьня ў пытаньні падатку на дабаўленую вартасьць (ПДВ).

Нагадаем, бізнэсоўцы патрабуюць адмены гэтага падатку які, на іх думку, прывядзе іх да банкруцтва. Таксама нагадаем, што гэты падатак стаў прычынай агульнацыянальнага страйку, які адбыўся 10 лютага і ў якім брала ўдзел некалькі дзесяткаў тысяч бізнэсоўцаў.

Перамовы паміж прадпрымальнікамі і ўладамі адбыліся ў дэпартамэнце прадпрымальніцтва Міністэрстве эканомікі. Сцэнар, які быў прапанаваны уладамі, прадугледжваў стварэньне адмысловай рабочай групы для вырашэньня канфліктных пытаньняў у доўгатэрміновай пэрспэктыве.

Гэты парадак, аднак, парушылі лідэры грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”. Намесьнік старшыні гэтага аб’яднаньня Аляксандр Лапотка абвясьціў чыноўнікам, што дэмагагічны характар перамоваў ня адпавядае той напружанасьці, што склалася зараз у прадпрымальніцкім асяродзьдзі. Тут, паводле ягоных словаў, з прычыны ўвядзеньня падатку на дабаўленую вартасьць насьпявае сацыяльны выбух.

(Лапотка: ) “Я сказаў тое, што стаяць людзі. Яны рыхтуюцца пісаць заявы ў падатковыя інспэкцыі пра няўплату падаткаў. А чыноўнікі падманваюць. Яны баяцца паведаміць прэзыдэнту пра рэальнае становішча. А становішча такое, што калі да 1 сакавіка ня будзе вырашана пытаньне адмены падатку на дабаўленую вартасьць, то прадпрымальнікі пачнуць новыя акцыі пратэсту. Яны будуць патрабаваць адстаўкі ўраду”.

Кіраўнік ўрадавай дэлегацыі, намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур абвясьціў на перамовах, што ўрадавыя чыноўнікі ня маюць паўнамоцтваў адмяняць падатак на дабаўленую вартасьць. Ён паведаміў, што ўрад накіраваў Аляксандру Лукашэнку адмысловы ліст пра гэты падатак, у якім выказаны прапановы наконт урэгуляваньня канфліктнай сытуацыі, і цяпер яны чакаюць адказу.

Разам з тым, паводле спадара Тура, ён ня чакае, што Лукашэнка адменіць для прадпрымальнікаў падатковае новаўвядзеньне. Гэтая заява чыноўніка абурыла сяброў “Пэрспэктывы”, і яны палічылі далейшыя перамовы бессэнсоўнымі.

Вось як пракамэнтаваў іхныя вынікі лідэр барысаўскіх прадпрымальнікаў Віктар Гарбачоў:

(Гарбачоў: ) “Ідзе зацягваньне часу для драбленьня прадпрымальніцтва. Працягвае нарастаць напружанасьць. Яны перавялі стрэлкі на прэзыдэнта. Але мы папярэджваем і КГБ, і мясцовыя ўлады, што ад сёньняшняга дня, у сувязі з тым, што няма станоўчага адказу, уся адказнасьць за акцыі перакладваецца на ўрад. Ён адказны за тое, што народ будзе выходзіць на плошчы”.

Вынікі сёньняшніх перамоваў расчаравалі і шараговых прадпрымальнікаў. Спадзяваньні на ўрад, як зазначыў у гутарцы са мной менскі бізнэсовец Аляксандр Драніцкі, ня спраўдзіліся:

(Драніцкі: ) “Я скажу, што ўлада паказала, што яна ў прынцыпе ня пойдзе на адмену ПДВ. І толькі салідарныя выступленьні ўсіх прадпрымальнікаў, калі сотні тысяч людзей выйдуць на вуліцы, могуць зьмяніць сытуацыю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG