Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні кандыдатамі ў дэпутаты ў 52-й акрузе зарэгістраваныя два апазыцыянэры


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Гарадзенскай Цэнтральнай выбарчай акрузе N52 зарэгістраваны чатыры кандыдаты, не зарэгістраваныя два. З прадстаўнікоў апазыцыі ўдзельнічаць у выбарах дэпутата Палаты прадстаўнікоў будуць прадстаўнік партыі БНФ Сяргей Антусевіч і генэрал Валеры Фралоў. Два іншыя кандыдаты, гэта —рэктар Гарадзенскага унівэрсытэту Сяргей Маскевіч і дырэктар гарадзенскага каледжу бытавога абслугоўваньня Васіль Міхно. На паседжаньні выбарчай камісіі быў наш карэспандэнт.

Камісія зьбіралася сёньня а 18-й гадзіне. Напачатку яе ўдзельнікі не дазволілі прысутнічаць у якасьці назіральніка прадстаўніку Аб’яднанай грамадзянскай партыі Юрыю Істоміну. Потым пачалася рэгістрацыя. Першым зарэгістравалі Сяргея Антусевіча. Ягоная каманда добра папрацавала, камісія знайшла толькі адзін несапраўдны подпіс. Яго таксама вылучыў зьезд партыі БНФ. Вось што сказаў пасьля рэгістрацыі Сяргей Антусевіч:

(Антусевіч: ) “Я цудоўна разумею кошт гульні, у якую мы ўвязаліся. Але я думаю, што нават гэтае апошняе месца дэпутата парлямэнту вельмі важнае для нас, для той сытуацыі, якая ёсьць у Беларусі”.

Пасьля Сяргея Антусевіча камісія зарэгістравала кандыдатам у дэпутаты Валерыя Фралова. У яго несапраўдных подпісаў выявілі 8,5 працэнта.

А вось намесьніку старшыні АГП Яраславу Раманчуку і былому дэпутату з групы “Рэспубліка” Сяргею Скрабцу камісія адмовіла ў рэгістрацыі. У Раманчука было, нібыта, больш за 20 адсоткаў несапраўдных подпісаў і нейкі няўлічаны даход, – паведаміла камісія.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Раманчука Юры Істомін так пракамэнтаваў адмоўнае рашэньне выбарчай камісіі:

(Істомін: ) “Подпісы мы праверылі, асабіста спраўдзілі 15 адсоткаў усіх подпісаў. Таму ў мяне ўзьніклі сумненьні адносна афармленьня подпісаў, а ў другую чаргу — што людзі нібыта адмаўляліся ад подпісаў за Яраслава Раманчука”.

Што датычыць Сяргея Скрабца, дык ягоных прадстаўнікоў не было. А прадстаўнік выбарчай камісіі паведаміў, што ў яго падпісных лістах былі знойдзены несапраўдныя подпісы, а 81 чалавек нават адклікаў свае подпісы. У выніку сапраўднымі аказаліся менш за 900 подпісаў, – падсумавала камісія, каб адмовіць Сяргею Скрабцу у рэгістрацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG