Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17 лютага 1933 году выйшаў у сьвет першы нумар тыднёвіка “Newsweek”


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 17 лютага

17 лютага 1600 году на пляцы ў Рыме запалала вогнішча. На вогнішчы тым гарэў чалавек, які не згадзіўся адмовіцца ад сваіх перакананьняў. І быў гэта Джардана Бруна, італьянскі філёзаф і пісьменьнік. Зь юнацтва вылучаўся Джардана незалежнасьцю сваіх поглядаў, за што праз усё жыцьцё і цярпеў. Ён мусіў вандраваць па гарадах Італіі, жыў у Жэнэве, дзе нейкі час захапляўся кальвінізмам, выкладаў у Тулузе – менавіта там была напісаная ягоная найлепшая камэдыя “Падсьвечнік”. У Англіі выйшлі з друку ягоны славуты твор “Пра бясконцасьць, сусьвет і плянэты”, у якім Бруна сьледам за Капернікам адстойваў геліяцэнтрычную сыстэму сусьвету, а таксама дыялёгі на тэмы маралі і грамадзкага ўладкаваньня. Пісаў Бруна таксама вершы і паэмы. І вось аднойчы высокі апякун запрасіў яго ў Вэнэцыю і выдаў інквізыцыі. Пасьля доўгага судзілішча Джардана Бруна быў спалены на вогнішчы.

17 лютага 1933 году выйшаў у сьвет першы нумар знакамітага амэрыканскага тыднёвіка “Newsweek”. Гэты часопіс выдаецца ў Нью-Ёрку і мае свае вэрсіі ў розных краінах сьвету, да прыкладу, у Расеі і Польшчы. Беларускай вэрсіі “Newsweek” пакуль няма.

Сёньня спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэньня нямецкага прамыслоўца Фрыдрыха Крупа. Менавіта на заводах Крупа вырабляўся мэталь для патрэбаў гітлераўскае арміі. Таксама з крупаўскага мэталю зроблены флагшток на будынку былога ЦК КПБ, а сёньняшняй прэзыдэнтуры ў Менску.

17 лютага 1929 году прыйшоў на сьвет Ясір Арафат – палестынскі лідэр, якога ў нашых краях кожны ведае зь дзяцінства, бо Арафат быў яркім пэрсанажам телевізійных навінаў на працягу некалькіх дзесяткаў гадоў. Ясір Арафат быў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру, якую атрымаў у 1994 годзе.

17 лютага ў 1963 годзе нарадзіўся слынны амэрыканскі баскетбаліст Майкл Джордан.

А яшчэ 17 лютага ў 1863 годзе, акурат калі ў Беларусі пачыналася паўстаньне Кастуся Каліноўскага, у Жэнэве была заснаваная арганізацыя Міжнароднага Чырвонага Крыжа. Напачатку гэта было добраахвотнае таварыства дапамогі ваеннапалонным, хворым і параненым вайскоўцам.
XS
SM
MD
LG