Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ю.Цімашэнка: “Пытаньне пра Кучму – другараднае”


Юры Сьвірко, Кіеў Хоць чакалася, што ўкраінскі Кабінэт міністраў у сераду разгледзіць пытаньне пра пазбаўленьне экс-прэзыдэнта Леаніда Кучмы прывілеяў, гэтага не адбылося. А сам спадар Кучма зьехаў на адпачынак у Чэхію, пакуль у Кіеве некаторыя парлямэнтары патрабуюць яго арыштаваць.

Прэм’ер-міністар Украіны Юлія Цімашэнка патлумачыла, што пытаньне пра Леаніда Кучму проста не пасьпелі разгледзець, і дадала, што гэтае пытаньне з парадку дня не здымаецца. “Аднак час ёсьць найдаражэйшым, і вырашэньне пытаньня што да Леаніда Кучмы ёсьць не прыярытэтам, а другарадным у справе навядзеньня парадку ва Ўкраіне”, -- заявіла спадарыня Цімашэнка.

Нагадаем, што за некалькі дзён да яе прызначэньня на пасаду ўкраінскага прэм’ера часовы выканаўца абавязкаў кіраўніка ўраду Мікола Азараў падпісаў распараджэньне Кабінэту міністраў, паводле якога былы прэзыдэнт Леанід Кучма атрымаў набор прывілеяў. А менавіта – дзяржаўнае матэрыяльнае забесьпячэньне (каля 500 даляраў на месяц), дзяржаўнае лецішча ў пажыцьцёвае карыстаньне разам з пэрсаналам абслугоўваньня – кухарам, дзьвюма пакаёўкамі, двума афіцыянтамі, чатырма кіроўцамі двух аўтамабіляў ды пяцьцю ахоўнікамі, а таксама грошы на дарадцу і двух памочнікаў, бясплатны адпачынак і праезд у транспарце.

Спадар Кучма пасьпеў пасьля гэтага прадаць сваю шыкоўную кватэру ў цэнтры Кіева на вуліцы Дзесяціннай, каля будынку МЗС Украіны.

На другі дзень пасьля зацьвярджэньня яе прэм’ер-міністрам Юлія Цімашэнка даручыла правесьці аналіз падставаў для наданьня прывілеяў былому прэзыдэнту.

А сам ён тым часам паехаў на чэскі курорт Карлавы Вары для аздараўленчага адпачынку на 24 дні. Пра гэта заявіла былая прэсавая сакратарка прэзыдэнта Алена Грамніцкая, якая цяпер працуе прэсавай сакратаркай дабрачыннага фонду спадара Кучмы з назовам «Украіна», што абяцае пачаць працу ўжо ў сакавіку. Спадарыня Грамніцкая абвергла інфармацыю пра тое, што Леанід Кучма вырашыў схавацца ў Чэхіі ад крымінальнага перасьледу ва Ўкраіне, і сказала: «Гаворка йдзе пра звычайную прыватную паездку, права на якую мае кожны грамадзянін Украіны».

Амаль тое самае заявіў і амбасадар Чэхіі ў Кіеве Карэл Штынул, паводле якога былы ўкраінскі прэзыдэнт не спрабаваў атрымаць чэскую візу больш як на 1 месяц.

(Штынул: ) “Ніякіх цяжкасьцяў не было, таму што спадар Кучма падаў заяву як грамадзянін Украіны – заяву на візу, на якую мае права кожны ўкраінскі грамадзянін, што выконвае правілы”.

Спадар Кучма пасьля выбараў новага прэзыдэнта Ўкраіны ўжо езьдзіў за мяжу – разам зь першым кіраўніком дзяржавы Леанідам Краўчуком ён наведаў футбольны матч зборных Украіны і Альбаніі. Паводле афіцыйнай вэрсіі, паездка адбылася на запрашэньне альбанскага прэзыдэнта, зь якім два экс-прэзыдэнты Ўкраіны мелі сяброўскую сустрэчу і абед.

Варта нагадаць, што дэпутат украінскай Вярхоўнай Рады Рыгор Амельчанка афіцыйна зьвярнуўся да генэральнага пракурора Ўкраіны з патрабаваньнем узяць Леаніда Кучму пад варту за тое, што ён меў дачыненьне да забойства апазыцыйнага журналіста Георгія Гангадзэ, зьбіцьця парлямэнтара Аляксандра Ельяшкевіча, хабарніцтва, растраты дзяржаўных грошай і злоўжываньня службовым становішчам. Адказу Генпракуратуры яшчэ няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG