Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд Чыгуначнага раёну Гомелю задаволіў скаргу вядомага палітыка Віктара Карняенкі на пашпартна-візавую службу


Казімір Яноўскі, Гомель Судзьдзя Ларыса Казырэвіч, якая разглядала скаргу Віктара Карняенкі, пастановай забавязала пашпартна-візавую службу Чыгуначнага райаддзелу міліцыі выдаць спадару Карняенку дазвол на часовы выезд за межы Беларусі. Управа ўнутраных справаў аблвыканкаму павінна сплаціць палітыку 120 тысяч рублёў судовых выдаткаў.

Сёньняшняму судоваму рашэньню папярэднічалі тры паседжаньні. Выканаўца абавязкаў начальніка пашпартна-візавай службы Чыгуначнага РАУСу Мікалай Прыймачук тлумачыў суду, што абмежаваньне на выезд Віктару Карняенку абумоўлена было дасланым ва ўправу міграцыі і грамадзянства паведамленьнем падатковай інспэкцыі Савецкага раёну пра наяўнасьць у палітыка нясплачанага ў бюджэт штрафу.

Падчас судовага разьбіральніцтва высьветлілася, што супрацоўнікі пашпартна-візавай службы не зрабілі неабходнай праверкі на наяўнасьць у спадара Карняенкі прычынаў дзеля абмежаваньня выезду за мяжу. Службоўцы парушылі закон і ведамасную інструкцыю наконт парадку выезду грамадзянаў за межы Беларусі.

Начальнік падатковай інспэкцыі Савецкага раёну Валянцін Крылоў беспадстаўна паінфармаваў абласную ўправу міграцыі і грамадзянства пра нібыта ня сплачаны палітыкам штраф. Насамрэч падатковая інспэкцыя мае прэтэнзіі да закрытага судом паводле ініцыятывы самой жа інспэкцыі грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”, якім кіраваў спадар Карняенка.

Апошні ў сваю чаргу задаволеным рашэньнем суду. Пры гэтым спадар Карняенка зьвяртае ўвагу на распаўсюджаную ў краіне самадзейнасьць уладных чыноўнікаў:

(Карняенка: ) “Для мяне відавочна, што запушчаны такі небясьпечны працэс у нашай краіне. Канстытуцыя і законы падмяняюцца інструкцыямі, проста сьветапоглядам беларускіх бюракратаў, якія думаюць: вось так — і ўсё тут. Уласнасьцю ў чынавенства сталася ўлада. Межаў самадурства фактычна не існуе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG