Дзейная Канстытуцыя краіны прадугледжвае чатыры крыніцы заканадаўчай ініцыятывы: прэзыдэнт, урад, парлямэнт і грамадзяне Беларусі, калі іх ня менш за 50 тысячаў. У мінулай кадэнцыі грамадзяне сваім правам не скарысталіся наагул, дэпутаты ўнесьлі толькі зь дзесятак праектаў, прычым палову зь іх – асабіста Віктар Кучыньскі.
І раней прэзыдэнцкія прапановы былі пад асаблівым назіраньнем. Ну а цяпер, калі ў Нацыянальным сходзе зьявіўся ўпаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы Валеры Цапкала, мабыць, увагі будзе яшчэ больш.
Што тычыцца новых законапраектаў, дык пад першым нумарам у сьпісе стаіць той, якога так даўно чакаюць прадпрымальнікі – “Аб падтрымцы малога і сярэдняга бізнэсу”. Як пішуць распрацоўшчыкі, у ім удасканаляць “прававое рэгуляваньне дзейнасьці суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, у тым ліку і рамесьніцкай дзейнасьці”. Другі дакумэнт – зьмяненьні і дапаўненьні ў некаторыя заканадаўчыя акты пра спрашчэньне натарыяльных паслугаў.
У адмысловы сьпіс трапілі і папраўкі да закону “Аб рэкляме”. Гэта рэакцыя на тое, што спадару Лукашэнку вельмі не падабаецца прысутнасьць замежных топ-мадэляў на рэклямных білбордах. Невыпадкова ж ва ўказе адзначаецца, што зьмяненьні да закону “Аб рэкляме” будуць уносіцца “дзеля разьвіцьця рэклямнай дзейнасьці, сыходзячы з нацыянальных інтарэсаў”.
Я думаю, няма сэнсу пералічваць усе законапраекты. Бадай, больш цікава, чаму сьпіс адкрываюць прадпрымальнікі. На гэтае пытаньне я папрасіў адказаць аднаго зь лідэраў малога і сярэдняга бізнэсу Беларусі Віктара Гарбачова:
(Гарбачоў: ) “Апошнія падзеі падштурхнулі іх паставіць на першае месца дзеля таго, каб супакоіць нас: маўляў, мы пра вас памятаем. Вось яны гэты закон пад агульную марку і піхаюць. Ёсьць у мяне гэты законапраект, ляжыць. Але ў прадпрымальніцкія структуры ён не дасылаўся, адзін асобнік мы, можна сказаць, падпольна дасталі яшчэ летась. Ні зь кім ён не абмяркоўваўся. Наверсе зьбіраюцца людзі, адарваныя ад нізоў, і вырашаюць. Але ж рэальнай абстаноўкі яны ня ведаюць”.
Згаданыя законапраекты, так бы мовіць – пад прэзыдэнцкім грыфам, таму перад імі запальваюць зялёнае сьвятло. А які лёс іншых законапраектаў? Сярод іх – “Аб гуманітарнай дзейнасьці” (у гэтай сфэры, дарэчы, пакуль усё вырашаецца выключна ўказамі ды дэкратамі кіраўніка дзяржавы), “Аб аўтамабільным транспарце й аўтамабільных перавозках”, “Аб дзяржаўным рэгуляваньні вытворчасьці і абароту алькагольнай прадукцыі” ды іншыя.
Не магу не сказаць пра тое, што, адпаведна з плянам, у сакавіку ў Нацыянальны сход мусіць нарэшце трапіць для вывучэньня новая рэдакцыя закону “Аб друку й іншых сродках масавай інфармацыі”. Можа, нарэшце журналісцкая супольнасьць і даведаецца, што ж нам прапаноўваецца зьмяніць.
Але ўсё робіцца ня так хутка. Прыкладам, бліжэйшая сэсія Палаты прадстаўнікоў пачнецца толькі 2 красавіка. І гэта зусім не азначае, што дэпутаты адразу возьмуцца за новыя законапраекты. Чаму? Ды таму, што цяпер у Палаце знаходзяцца амаль 80 падобных дакумэнтаў, якія засталіся ад папярэдняга складу. Некаторыя зь іх разгледжаныя ў першым чытаньні, але ёсьць і такія, да якіх, як кажуць, не даходзяць рукі ўжо некалькі гадоў.
Ну а своеасаблівым рэкардсмэнам стаў праект закону “Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь”, які ня могуць разгледзець пачынаючы з 1998 году. Вось такі гэта дзіўны парлямэнт, які ня мае нават уласнага закону. А чаму так атрымліваецца? Адказ на пытаньне дае той жа Віктар Гарбачоў. І хаця ён гаворыць пра закон аб прадпрымальніцтве, ягоныя словы можна аднесьці і да іншых непажаданых для ўладаў законапраектаў:
(Гарбачоў: ) “Праект закона “Аб малым і сярэднім бізнэсе” ў іхных колах знаходзіцца ўжо некалькі год. Яны яго перакладаюць справа налева ды наадварот, і ніяк не адважацца за яго ўзяцца. Прычына тут зразумелая – прадпрымальнікам лепш кіраваць не праз закон, а праз дэкрэты ды ўказы. А праект гэты ў мяне ўжо дакладна ня менш за год ляжыць”.