Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ц.Дранчук: “Рукамі паплечнікаў Клімава спрабуюць зрабіць яму крымінальную справу”


Алесь Дашчынскі, Менск Улады працягваюць перасьлед аўтараў вядомага палітычнага праекту “Беларуская рэвалюцыя”. Менская гарадзкая пракуратура зьбірае матэрыялы па крымінальнай справе, узбуджанай супраць прадпрымальніка, дэпутата Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня Андрэя Клімава. Сьледчыя выклікаюць на допыты ня толькі спадара Клімава, але і ягоных паплечнікаў.

Крымінальная справа ўзбуджана з-за кнігі Андрэя Клімава “Відавочныя ісьціны”, “Я зрабіў свой выбар” і “Шпацыры з вампірам”, у якіх, паводле пракуратуры, нібыта ўтрымліваюцца зьняважлівыя выказваньні на адрас кіраўніка краіны Лукашэнкі. Экспэртную выснову зрабіў нават інстытут мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук. Адпаведны крымінальны артыкул прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін да двух гадоў.

На нядаўнім допыце сьледчы запытаўся, ці хоча Андрэй Клімаў папрасіць прабачэньня ў Лукашэнкі за зьнявагу? Палітык адмовіўся і перастаў хадзіць па выкліках у пракуратуру, бо, паводле Клімава, сьледчы ўжо сфармаваў сваю пазыцыю і папросту выконвае загад зьверху.

(Клімаў: ) “Яны баяцца мяне чапаць, але спрабуюць націснуць на маё атачэньне, на блізкіх мне людзей, каб запалохаць мяне і дамагчыся зрыву акцыі, якая адбудзецца 25 сакавіка. Яе мэта – пратэст супраць намеру Лукашэнкі ў чарговы раз парушыць канстытуцыю і абірацца ў трэці раз на вышэйшую дзяржаўную пасаду”.

Толькі што Андрэй Клімаў падаў заяўку ў Менскі гарвыканкам на правядзеньне масавай маніфэстацыі, якая павінна распачаць палітычны праект “Беларуская рэвалюцыя”. Тым часам пракуратура актывізавалася і пачала цікавіцца паплечнікамі Клімава. На якой падставе іх выклікае сьледчы?

Цімафея Дранчука, Леаніда Малахава, Уладзімера Падгола выклікаюць у якасьці сьведкаў па “справе Клімава”. Спадару Дранчуку, да прыкладу, сьледчы даў сьпіс пытаньняў, на якія яму запрапанавана адказаць дома ў выглядзе своеасаблівага сачыненьня. Сярод пытаньняў – пра ўзаемаадносіны Клімава з прэзыдэнтам: знаёмы асабіста, непрыязныя, ці мелі яны стасункі й так далей. Сьледчага цікавіць, калі ў Клімава ўзьнікла ідэя напісаць кнігі, пра што там напісана, ці атрымаліся яны такімі, якімі іх задумваў аўтар першапачаткова, ці паведамляў Клімаў, якія мэты ён перасьледаваў пры напісаньні й распаўсюдзе гэтых кніг, выкарыстоўваючы словы, фразы, выказваньні, якія зьневажаюць прэзыдэнта. Сьледчыя цікавіліся ў спадара Дранчука таксама асобай Яўгена Агурцова, суаўтара адной з клімаўскіх кнігаў.

(Дранчук: ) “Яны на самай справе спрабуюць рукамі паплечнікаў Клімава зрабіць яму крымінальную справу. Я ўпэўнены, што яны такім чынам спрабуюць запалохаць як Клімава, так і яго паплечнікаў, так і людзей, якія наогул падтрымліваюць ідэю рэвалюцыі. Зацікаўлены яны ў першую чаргу ў тым, каб як мага болей праблем стварыць людзям, якія рыхтуюць 25 сакавіка. Гэтыя выклікі ў пракуратуру, тэлефанаваньні па 10 разоў на дзень і гэтак далей замінаюць нам рабіць сваю працу”.

Выклікаўся ў пракуратуру і яшчэ адзін паплечнік Андрэя Клімава – Леанід Малахаў.

(Малахаў: ) “Сьледчага цікавіць як мага больш інфармацыі: такое адчуваньне, што ў іх дэфіцыт доказаў супраць Андрэя, і яны хоць нешта спрабуюць “прышпіліць” да гэтай крымінальнай справы, спрабуюць з нас зрабіць нейкіх экспэртаў”.

Нагадаю, што Андрэй Клімаў аб’явіў пра свой намер балятавацца на пасаду прэзыдэнта Беларусі на выбарах у 2006 годзе.

На фота: Андрэй Клімаў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG