БЭРЛІН. Сёньня на перамовах міністра замежных справаў Ірану Камаля Харазі з ягоным нямецкім калегам Ёшкам Фішэрам будзе абмяркоўвацца ядзерная праграма Ірану. У часе наведваньня Харазі нямецкай сталіцы таксама адбудзецца цырымонія адкрыцьцё новай амбасады Ірану. Нямеччына разам з Францыяй і Вялікабрытаніяй пераконвае Іран спыніць праграму ўзбагачэньня ўрану ўзамен на эканамічную кампэнсацыю. Іран пагадзіўся на часовае спыненьне праграмы. Раней кіраўнік МЗС Нямеччыны папярэдзіў, што калі ўзбагачэньне ўрану будзе адноўленае, можа паўстаць пытаньне аб ўвядзеньні адпаведных санкцый Радай Бясьпекі ААН. Іран спадзяецца, што да сярэдзіны сакавіка на яго перамовах з Эўразьвязам будзе дасягнуты істотны прагрэс. Пра гэта заявіў учора Камаль Харазі пасьля перамоваў з кіраўніцтвам Люксэмбургу – цяперашняга старшыні Эўразьвязу.