Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа беларускі суд абараніць ад свавольства чыноўнікаў ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск 15 лютага на адкрыцьці Дому правасудзьдзя ў Менску Аляксандр Лукашэнка назваў судовую сыстэму Беларусі “вельмі аўтарытэтнай” і адзначыў посьпехі судзьдзяў у абароне правоў грамадзянаў. А ці падзяляюць гэтую адзнаку у беларускім грамадзтве?

Адкрываючы ў Менску новы Дом правасудзьдзя Аляксандр Лукашэнка выказаў шэраг камплімэнтаў на адрас беларускай судовай сыстэмы.

(Лукашэнка: ) “У нашай краіне судовая ўлада вельмі аўтарытэтная. Гэта вялікае дасягненьне, якое ні ў якім разе нельга страціць”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка і загадаў судам далей падвышаць эфэктыўнасьць “абароны грамадзянаў ад свавольства чыноўнікаў і бюракратаў”.

А ці здольныя беларускія суды выканаць гэтую задачу ?

Паводле былога судзьдзі, цяпер вядомага праваабаронцы Гары Паганяйлы, каб сапраўды абараняць правы грамадзянаў судзьдзям трэба быць незалежнымі ад выканаўчай ўлады. Між тым беларускія судзьдзі цалкам падпарадкаваныя кіраўніку дзяржавы, заўважае Гары Паганяйла.

(Паганяйла: ) “Іх кар’ерная лесьвіца залежыць толькі ад прэзыдэнта. Ён прысвойвае ім клясныя чыны, а ад гэтага залежыць заробак, і прызначэньні кар’ерныя – ад раённага судзьдзі да судзьдзі Вярхоўнага суду – усё з рук прэзыдэнта”.

Гары Паганяйла нагадаў, што менавіта Аляксандр Лукашэнка вырашае, ці прызначыць судзьдзю праз пяць гадоў працы на новы тэрмін, і таму залежнасьць судзьдзяў яшчэ больш павышаецца. Пра гэтую залежнасьць сьведчаць вынікі судовых працэсаў над вядомымі апазыцыянэрамі і гаспадарнікамі . Гары Паганяйла назваў справы Васіля Старавойтава, Міхаіла Чыгіра, Андрэя Клімава, Міхаіла Марыніча ды іншых. Паводле праваабаронцы, прысуды гэтым людзям былі палітычна матываваныя і судзі толькі “агучылі рашэньні, якія прымаліся наверсе”.

Доказам таго, што беларуская судовая сыстэма няздольная абараняць правы людзей, Гары Паганяйла назваў апошнія перадвыбарчыя кампаніі. Паводле праваабронцы, шматлікія скаргі грамадзянаў на парушэньні іх правоў падчас выбараў паўсюдна ігнараваліся.

(Паганяйла: ) “ Суды проста ўхіляюцца ад разгляду такіх скаргаў. Прыкладам, падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001 года ніводзін суд, пачынаючы ад раённага да Вярхоўнага суду, не разгледзеў ніводнай справы. Між тым скаргаў былі дзесяткі ва ўсіх абласьцях. БГК зьвярнуўся ў Вярхоўны суд са скаргай, каб прызналі выбары несапраўднымі, але яе нават не разгледзелі”.

А вось што кажуць пра аўтарытэт беларускіх судзьдзяў сацыёлягі. Паводле апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў ( НІСЭПД), праведзенага ў лістападзе 2004 году, 38 адсоткаў апытаных вераць судзьдзям, а ня вераць 46 адсоткаў. Паводле паказьніку індэксу недаверу судзьдзі знаходзяцца на адным з апошніх месцаў сярод дзяржаўных і грамадзкіх інстытутаў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG