Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску за апошнія 10 гадоў колькасьць бадзяжнікаў павялічылася ўтрая


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня ў Менску жыве каля дзьвюх тысяч бамжоў. У параўнаньні з 1995 годам іх колькасьць павялічылася ў тры разы. У Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі пацьвярджаюць, што большасьць з бадзяжнікаў ня маюць у горадзе жыльля, прапіскі й працы.

Напачатку паслухаем, што кажуць пра менскіх бамжоў людзі на вуліцах.

(Спадар: ) “Спачуваю. Ня могуць адшукаць працу для сябе, жыцьцё такое. Варта спачуваць”.

(Спадарыня: ) “Я стаўлюся да іх зь недаверам. Не хачу, каб блізка падыходзілі, бо перадусім бачу людзей, якія не змаглі ўладкаваць сваё жыцьцё ў патрэбным кірунку. Магчыма, гэта ня іхная віна, а бяда, але я не давяраю такім людзям”.

(Спадарыня: ) “Іх шкада, вядома. Але трэба нешта рабіць і самастойна”.

(Спадар: ) “Вядома, спачуваю. Як кажуць, астрогу й торбы не заракайся”.

Людзі ў Менску бадзягам, як правіла, спачуваюць, хоць і не выказваюць жаданьня кантактаваць з брудным бамжом у рванай адзежы. Калі той просіць, падаюць грошы. Не адмовяць у кавалку хлеба. Ня выганяць з пад’езду на люты мароз.

У інтэрвію радыё “Свабода” кіраўнік Беларускай асацыяцыі сацыяльных работнікаў Марына Нарановіч таксама нагадала пра спагадлівасьць жыхароў сталіцы. Так, у 1997 годзе асацыяцыя якраз з разьлікам на дабрачыннасьць грамадзкасьці пачала праект рэабілітацыі бяздомнікаў. І ў хуткім часе ў Менску зьявіліся бясплатная сталоўка й пункты раздачы гуманітарнай дапамогі. Як кажа спадарыня Нарановіч, гэта ратавала жыцьці тутэйшых бамжоў.

(Нарановіч: ) “У Менску, паводле нашых зьвестак, нават у марозныя зімы замярзалі максымум 13 чалавек, а, напрыклад, у Будапэшце – 38. Хаця надвор’е там значна мякчэйшае”.

Па словах Марыны Нарановіч, да 2001 году сталічныя бяздомнікі атрымлівалі дапамогу толькі ад грамадзкіх і рэлігійных арганізацыяў.

(Нарановіч: ) “Мы выкрылі праблему, паказалі яе памеры. У Менску налічылі тысячу бамжоў, пасьля чаго ўлада прыняла рашэньне адкрыць дом часовага знаходжаньня для асобаў бяз пэўнага месца жыхарства”.

З цэнтру гораду да прытулку для бамжоў можна даехаць хвілін за 20. Гэта ў нейкім сэнсе паказьнік таго, што праблема цяпер зусім не на пэрыфэрыі ўвагі грамадзкасьці й гарадзкога кіраўніцтва. На пераабсталяваньне двухпавярховага будынку былога псыханэўралягічнага дыспансэру кампанія “Філіп Морыс” ахвяравала 30 тысяч даляраў. Днём пакоі там пустыя. Дырэктар Мікалай Варкееў гаворыць, што пасьля 8 гадзіны раніцы ўсе начлежнікі мусяць вызваліць памяшканьне.

(Варакееў: ) “Цяпер яны бадзяюцца недзе ў горадзе”.

Раней з пастаяльцамі прытулку працавалі спэцыялісты Беларускай асацыяцыі псыхолягаў. Але пасьля ўказу прэзыдэнта, якім была забароненая бясплатная арэнда памяшканьняў для грамадзкіх арганізацыяў, мэдыкі спынілі сваю дзейнасьць у прытулку. Іх замянілі міліцэйскія сяржанты...

(Варакееў: ) “Цяпер у нас працуюць толькі супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных справаў”.

Менскае начулішча мае 92 ложкі і, як кажа дырэктар Мікалай Варакееў, прымае цягам аднаго году ня больш як 400 чалавек.

(Варкееў: ) “Па нашых падліках, на тое, каб устанавіць грамадзянства бяздомнага, зрабіць яму пашпарт, прапісаць, працаўладкаваць, патрэбны якраз год”.

Пытаюся ў спадара Варакеева, дзе начуюць, ратуюцца ад холаду астатнія менскія бамжы. Ён называе прывакзальны пляц, звалку на магілёўскай шашы й тэрыторыю вакол Паўночных могілак.

І сапраўды, у дварох дамоў каля вакзалу бадзяжнікаў хапае. Падыходжу да двух бамжоў, якія пакуюць паперу й кардон.

(Спадар: ) “Во макулатуру здадзім – жывём”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць у Вас якое жытло ў Менску?”

(Спадар: ) “Домік у маці быў – я з Гомельскай вобласьці. Маці памерла, дом згарэў. Прыехаў сюды, бадзяюся. Міліцыя зьбівае, не дае праходу. Карацей, гэта не жыцьцё. Сабака лепш жыве”.

(Карэспандэнт: ) “Дзе Вы начуеце?”

(Спадар: ) “Бамжую. То ў падвале, то ў пад’езьдзе, дзе давядзецца, там і начую. Я ўжо ўвесь абмарожаны”.

Размаўляючы ў гурце мужчынаў, якім і цяжкая праца пад сілу, я цікавіўся, ці спрабаваў хто пражыць ранейшай прафэсіяй? Не... Бо найчасьцей у іх згубленыя ці скрадзеныя дакумэнты, таму наймальнікі адмаўляюць, як кажуць, з парогу. У цэнтры занятасьці насельніцтва Партызанскага раёну дырэктарка Тацяна Кудзевіч таксама пацьвердзіла: чалавека бяз пашпарта й прапіскі нельга ўладкаваць на працу, хоць многія гэтага вельмі хочуць.

(Кудзевіч: ) “Працы яны шукаюць. Ёсьць сярод іх юрысты, інжынэры, людзі малакваліфікаванай працы – прыбіральніцы, дворнікі”.

Яшчэ за савецкім часам Камітэт канстытуцыйнага нагляду СССР вызначыў, што “пастановы аб прапісцы абмяжоўваюць правы грамадзянаў”. У сувэрэннай Беларусі ня першы год вядуцца спрэчкі аб замене інстытуту прапіскі на рэгістрацыйны парадак. Але, як мяркуе выканаўчы дырэктар Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак, ціск на правы грамадзянаў толькі памацняецца.

(Гулак: ) “Нашае заканадаўства замест таго, каб даць магчымасьць гэтым людзям рэсацыялізавацца, уліцца ў грамадзкае жыцьцё, дык ўвогуле выкрэсьлівае іх. Яны ня могуць вырашыць першасных праблем: зрабіць пашпарт, аформіць прапіску. А з гэтым зьвязана мэдычная дапамога і ўсё астатняе”.

Сказана занадта агульна. А ў рэальнасьці стаўленьне да бамжоў у Менску дый наагул у Беларусі далёкае ад нармальнага чалавечага стаўленьня. Як паведамілі мне ў гарадзкой станцыі хуткай дапамогі, у Менску ад маразоў у лютым пацярпелі звыш 80 чалавек, пераважна бадзягі. Паводле службы судова-мэдычнай экспэртызы, на вуліцах падабрана 9 скарчанелых трупаў бамжоў. Адна надзея сагравае бяздомных – вясна ўжо хутка. Дажыць бы да яе...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG