Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каменка


Віталь Сямашка, Каменка, Дзяржынскі раён (эфір 10 лютага) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Каб у мяне не было дакладна азначаных арыенціраў на мясцовасьці, гэтым разам я б, відаць, заблукаў у трох соснах, ці, дакладней, у чыстым полі — у адным кілямэтры ад трасы Менск—Берасьце, дзе прытулілася вёска Каменка Дзяржынскага раёну. Згадкі пра яе няма нават у кнізе “Памяць”. Дый што там — ніхто зь мясцовых ды тых, хто сьпяшаўся на лецішча, што выцягнуліся ланцугом з электрычкі за некалькі соцень мэтраў паралельна мястэчку, не паказаў мне, дзе яно знаходзіцца. Не было адпаведнага ўказальніка і на дарозе. А яшчэ колькі гадоў, згадваюць карэнныя жыхары (такіх, дарэчы, засталося пара-тройка з тузіну сталых жыхароў) Каменка мела 44 двары. Але шмат вады — і назаўсёды — уцякло з таго часу з найбліжэйшай рэчкі Ператуці. Згадваюць муж і жонка Леаніда ды Ананій Ламакі.

(Леаніда: ) “Раней нашу вёску называлі Кітай — столькі было працаўнікоў. І ня стала ўжо кароўніка”.

(Ананій: ) “Рэчка Ператуць была вельмі добрая — былі ракі, рыба. А як у часе мэліярацыі яе выпрамілі, вады вераб’ю па калена. А вады ў калодзежах амаль няма — сышла. Пазамінулым годам наагул не было — езьдзіў у суседнюю вёску, там башня на фэрме ёсьць...”

Ну вежа ў каменцаў нядаўна завялася свая, але тэлефонная, ад МТС, тут жа 270 мэтраў над узроўнем мора. Што да гісторыі ўзьнікненьня мястэчка, то старажылы могуць расказаць толькі пра паходжаньне назвы:

(Голас: ) “Вакол камяні — таму і завуць Каменка...”

Пакрысе высьвятляю, што мястэчка, аказваецца, штучна было ўтворанае савецкай уладай пасьля другой усясьветнай. Калі хаты з навакольных засьценкаў былі зьвезеныя ў чыстае поле ды на адну вуліцу. Каб лепш усіх кантраляваць. Дый пад “Красным знаменем” — такі быў назоў калгасу. Бадай, адзіная, хто памятае той час — Тамара Антонаўна Рыжык, што пражыла тут шэсьць дзесяцігодзьдзяў.

(Рыжык: ) “Былі хаты ўздоўж дарогі — там быў дом, там. Прымусілі вёску зрабіць. Таму Каменка да энцыкляпэдыяў не дайшла. А ад Каменкі нічога хутка не застанецца, адны пэнсіянэры. Летам зыдуцца, восеньню разыдуцца…”

А вось і мой арыенцір — кампактны двухпавярховы катэдж, што з боку трасы, на ўзвышшы — нібы, прыкрывае сабой вёску. І ня толькі ад завеяў ды шугавеяў. Правакацыйнае пытаньне пра гаспадара задаю ўсё тым жа Ламакам, яны ў яго падпрацоўваюць.

(Карэспандэнт: ) “Ён куркуль ці не?”

(Леаніда: ) “Вы ведаеце — не! Як атрымліваюць у калгасе, дык тутака — залатое дно! Плаціць 10 тысяч за працоўны дзень, больш сур’ёзная праца — дабаўляе. А ў калгасе — словаў няма. Вёсцы дапамагае з камбайнам, капалкай. Ён, як мэр Каменкі, падтрымлівае нас”.

Прызнаюся адразу, што да спадара Анатоля Каховіча — размова ідзе пра яго — прыехаў ня толькі, а нават і ня столькі як да фэрмэра. Тым больш, з гаспадаркай у майго героя за 14 гадоў ўсё больш-менш усталявалася. 54 гектараў зямлі, у сярэднім па 400 тон ураджаю бульбы штогод. А яшчэ морква, цыбуля, капуста, буракі. Тэхнапарк з чатырох трактароў, двух камбайнаў, грузавыя, легкавыя аўтамабілі. Дзясятак сэзонных рабочых, якія, як вы чулі, зусім не адчуваюць сябе парабкамі.

Але Анатоль Дзьмітрыевіч цікавіў мяне як старшыня Менскай абласной Асацыяцыі сялянскіх фэрмэрскіх гаспадарак, што ўзьнікла як альтэрнатыва Беларускаму грамадзкаму аб’яднаньню фэрмэраў, які другі дзясятак гадоў нязьменна ачольвае Кастусь Ярмоленка. Сумна нязьменна — ад імя шасьці дзясяткаў сябраў цьвердзіць Анатоль Каховіч.

(Каховіч: ) “Я ўступаў у Беларускі сялянскі саюз. Пасьля стала Беларуская асацыяцыя фэрмэраў. Тады ні з пушчы ні з поля Беларускае грамадзкае аб’яднаньне фэрмэраў. Гэта дзьве розныя рэчы! Былі арганізацыі — юрыдычныя асобы. Грамадзкае аб’яднаньне ня можа весьці камэрцыйнай дзейнасьці. А наша асацыяцыя можа ўсё. У нас рахунак у банку, на балянсе тэхніка, што аказвае паслугі фэрмэрам. Зернеўборачны камбайн, зернесушылка, культыватар, трактар — гэта за кошт унёскаў і пад праект галяндзкі. Працуем зь немцамі, са Швэцыяй, у Літве сэмінары праводзілі. У нас вопытнае поле, запрашаем на вучобу спэцыялістаў з Інстытутаў бульбаводзтва, агародніны, абароны расьлінаў. Трэба, каб саюз працаваў. Нам не патрэбныя фэрмэрскія генэралы! Кіроўныя асобы мусяць ня болей за тры гады заседжвацца. Асоба, якая кіруе, павінна быць першай сярод роўных. Каховіч — няважна — павінен кантраляваць сябраў суполкі, і яны ў любы час могуць замяніць яго!”

Пытаюся, наколькі сур’ёзнае разыходжаньне фэрмэрскіх “вярхоў” ды “нізоў”. Каховіч, сябра абодвух саюзаў, адказвае:

(Каховіч: ) “Сам жа Ярмоленка сказаў, што нельга зьяднаць вужа ды яжа…”

Па маўклівай Каменцы іду на сустрэчу з 78-гадовым Аркадзем Міхайлавічам Быстрымовічам. Былы сакратар калгаснага парткаму, даведаўшыся пра прыезд карэспандэнта Радыё Свабода, сам папрасіў аб сустрэчы. Спадар Аркадзь — інвалід Вялікай Айчыннай вайны, мае першую групу. Быў паранены ў галаву. Аднялі нагу. Жыве адзін. Паказвае паперчыну сямігадовай даўніны за подпісам галоўлекара Дзяржынскага тэрытарыяльнага аб’яднаньня Шамаля, дзе чорным па белым напісана: “мае патрэбу ў пастаяннай апецы”. Але нядаўна яму чарговы раз адмовілі ў кватэры з выгодамі.

(Быстрымовіч: ) “Апошняя камісія паглядзела — хвароба не падыходзіць. Трэба, каб быў рак ці тубэркулёз, а так, кажуць, можаш і ў сваёй жыць. Я кажу: дык тады ўжо патрэбна магіла. Памыцца трэба — няма як у лазьню дайсьці. А дабротаў ніякіх няма. Дровы трэба. Увесь час трэба хадзіць, а тут за мной трэба ўходжвацца. Здароўя няма — адкрыўся крывацёк. Ледзь уратавалі. Дзеці зь Менску прыяжджаюць, так і жыву…”

Лёгкія на ўспамін, на парозе зьяўляюцца дачка Тамара ды ўнук Зьміцер. Тут жа падключаюцца да размовы — ім таксама баліць.

(Тамара: ) “Я гляджу бацьку ўвесь час. Зьезьдзіла — газ падключылі. Рамонт — сама машыну выпісвала, цэглу прывозіла. З сельсавету прадстаўнік два бярвеньні прывез. Старшыня будаўнікоў даў, дык мы сваіх пасьля выклікалі, самі перараблялі ды аплачвалі. А так ніхто не цікавіцца. Я ня бачыла, каб паркан каму парамантавалі, сьмецьце ніхто не вывозіць. А каб пацікавіцца прыехаць — мо газ, мо вада неабходныя — гэтага няма. Тысячу разоў трэба пакланяцца, каб штосьці выбіць. Як паслухаю, па Беларускім радыё як расьпісваюць — хай бы завезьлі туды, дзе такія ўмовы. Дзе?!”

(Зьміцер: ) “Падыдзіце да нашага клюбу, маё дзяцінства тут прайшло, вечары, дыскатэкі. Разабраны — ганьба вёскі! Засталіся адныя сьцены…”

У працяг тэмы задаю пытаньне ў хаце сям’і Ламакаў. Спадар Ананій, між іншым, з гонарам паказвае пасьведчаньне сябра БНФ, падпісанае яшчэ Зянонам Пазьняком. Тым ня менш, прадстаўнічыя функцыі на сходах выконвае жонка.

(Карэспандэнт: ) “Калі быў апошні раз у вас прадстаўнік улады?”

(Леаніда: ) “Перад выбарамі ды рэфэрэндумам. Чалавек шэсьць сабралася. Пытаемся: а што ж вы нам абяцаеце? Я хварэю, дык прасіла, каб дарогі чысьцілі ўзімку. А старшыня гаворыць: у нас няма свайго транспарту, а вуліцу асьвецім. Але дагэтуль нічога ня зроблена. Вёска аджыла. Кароваў няма, рабіць няма каму, гэтыя 10 сотак абрабіць і тое няма чым — каня не дастаць”.

(Ананій: ) “Вёска аджыла ня сёньня, а калі зарганізаваўся калгас. Атрымлівалі людзі нейкія “палачкі”, падаткі жахлівыя былі. У 38-м бацьку арыштавалі па даносе, саслалі на Беламорканал, пагіб. А нас утрох дзяцей на торфараспрацоўкі ў Бабруйск. Нашыя бацькі прамучыліся, сталі сваіх дзяцей зь вёскі адпраўляць. Некаторыя кажуць: дзякуй уладзе, што нам даюць пэнсію. А гэтая ўлада ці ведае, што мы яе самі зарабілі й ніхто ня мае права нам ня даць яе своечасова?!”

Пачынаю адчуваць сябе вешчуном — у хату заходзіць з чарговай пэнсіяй паштарка Настасься Заячкоўская. І з чарговым жа нумарам “Народнай волі”.

(Ананій: ) “Народную волю выпісваю не адзін год, мая любімая газэта”.

(Карэспандэнт: ) “А ў Каменцы колькі падпісчыкаў?”

(Заячкоўская: ) “Амаль усе старыя “СБ”, “Зьвязду”, “Беларускую ніву” выпісваюць. “Народную волю” — утрох на маім участку”.

Нядаўна былыя калгасныя землі перададзеныя “Крыёнагра” — падразьдзяленьню “Белнафтахіму”, створанаму пасьля прэзыдэнцкіх указаньняў пра абавязковую шэфскую дапамогу сялу. Адначасова ў адзін з пабудаваных за савецкім часам калгасных катэджаў з умовай дзесяцігадовай адпрацоўкі ўсялілася маладая сям’я Максімцоў — прадпрыемства стала плаціць. 22-гадовая Іна выйшла на працу, хоць даводзіцца пакідаць аднаго Алёшку, якому год — балазе, ейны зернесклад праз дарогу.

(Іна: ) “Хочацца для дзіцёнка, каб усё было — вось і выйшла. У мужа заробак невялікі. З-за хаты пераехалі. Бацькоў няма ў нас. Куры ёсьць, парася купілі. Крама побач. Толькі што ў садок ды да школы, як прыйдзецца, далёка”.

(Карэспандэнт: ) “Думаеце, празь дзесяць гадоў у Каменцы застанецеся?”

(Іна: ) “Ну а куды нам ісьці? У сям’і карэнны камянчук зьявіўся…”

Але адабраць будучыню можа ўлада. Сёньня гэта добра разумее Анатоль Каховіч ды ягоныя паплечнікі з Асацыяцыі сялянскіх фэрмэрскіх гаспадарак. У Палаце прадстаўнікоў абмяркоўваецца пакет заканадаўчых актаў, паводле якіх фэрмэры пазбаўляюцца права атрыманьня зямлі ў спадчыеу, а далейшую арэнду зь імі заключаюць альбо перарываюць раённыя вэртыкальшчыкі. Лісты пратэсту ўжо накіраваныя ў парлямэнт. Іх сэнсе спадар Анатоль просіць данесьці да слухачоў Радыё Свабода.

(Каховіч: ) “Пажыцьцёвае валоданьне і арэнда — дзьве розныя рэчы! На Захадзе зямля ў спадчыну пераходзіць, каб узмацняць таварную вытворчасьць. У мяне сыну 12 гадоў. Праз 16 ён, мабыць, будзе разумнейшы за мяне. Скажам, захоча падпрацоўваць на прамысловым прадпрыемстве, у кампутарным клюбе. Вось гэтага яму наш закон не дае — калі фэрмэр, ня можаш яшчэ дзе-небудзь працаваць. А я прасіў, каб 100 гектараў дабавілі — не палічылі патрэбным. Калі я прыйшоў да зямлі, мне сказалі: папрацуеш год-два, дадзім і 100, і 200 гектараў. У сярэднім 150–250 гектараў трэба на нашых землях, каб ўтрымліваць 50 кароваў альбо 300 сьвіней. У такіх краінах, як Ізраіль, Нямеччына робаты дояць, а ў нас яшчэ даяркі ў гумовых ботах. Я хачу зрабіць цалкам аўтаматызаваную фэрму на 50 галоваў — будзе аптымальны варыянт”.

(Карэспандэнт: ) “Фэрмэры — галоўная сьвежая кроў дзеля беларускіх мястэчак? Каменка на фэрмэрстве трымаецца?”

(Каховіч: ) “Гэта ня толькі мой погляд, увесь сьвет прызнаў гэта. Толькі вольны вытворца можа падняць сельскую гаспадарку. Каменка — парастак фэрмэрства. Мы свой выбар зрабілі. Асэнсаваны выбар! Будзем усё ўзмацняць ды пашыраць. Будзе ўсё квітнець, лепш, больш і якасьней”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG