Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні выйшла кніга паэзіі Зелімхана Яндарбіева “Сэрца майго сьвятыня” ў перакладах Рыгора Барадуліна


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд незалежнага друку

“Витебский курьер” у матэрыяле “Вось дык трайняткі!” апавядае пра незвычайны прыплод, які прынесла нядаўна адна з кароваў сельгаскаапэратыву “Шайцарава” Верхнядзьвінскага раёну. У красухі, якую даглядае даярка Натальля Гусак, нарадзіліся дзьве цялушкі і адзін бычок, усе трое – моцненькія і здаровенькія. У кароваў гэта рэдкасьць, звычайна на сьвет зьяўляецца адно цялятка, зрэдку – два.

Нямецкі канцэрн “Швартаў” прыпыніў рэалізацыю новага інвэстыцыйнага праекту на віцебскім замежным прадпрыемстве “Вітэла” ў чаканьні дэкляраваных кіраўніцтвам Беларусі зьменаў у заканадаўстве, што рэгулюе дзейнасьць свабодных эканамічных зонаў.

Чэкі “Маёмасьць” можна памяняць на акцыі Аршанскага піўнога бровару і Варапаеўскага дрэваапрацоўчага камбінату. Паколькі сёлета завяршаецца чэкавая прыватызацыя, гэта апошні шанец для насельніцтва ўкласьці свае акцыі ў справу, піша “Витебский курьер”.

“Комсомольская правда в Белоруссии” паведамляе дзьве сэнсацыйныя навіны. Беларускія “Сябры” дамовіліся зь легендай брытанскага року гуртом “Смоўкі” пра сумеснае турнэ па Расеі. Брытанцам вельмі спадабаліся песьні “Купалінка” і “Глушцовая зара”. Вось толькі ці пачуюць беларусы “Смоўкі” зь “Сябрамі”, невядома.

А беларуска Натальля Падольская выйшла ў фінал “Эўрабачаньня”. Але ў Расеі. Чакалася, што галоўнай канкурэнткай Натальлі стане Верка Сярдзючка, але прыма ўкраінскай “гоп-эстрады” адмовілася ад удзелу ў конкурсе. Замест яе выставілі “Зьвяроў”, але тыя “праляцелі”. У нашай зямлячкі Падольскай пакуль што самыя лепшыя шансы выступіць на “Эўрабачаньні” за Расею: за яе прагаласавала больш за 27% гледачоў. Нагадаем, што Беларусь у Кіеве будзе прадстаўляць масквічка Анжаліка Агурбаш.

Сёлета Нацыянальны цэнтар законапраектнай дзейнасьці пры прэзыдэнту павінен распрацаваць і ўнесьці на разгляд у парлямэнт 42 законапраекты. Самім парлямэнтарам, якія паводле Канстытуцыі таксама маюць права заканадаўчай ініцыятывы, месца сярод распрацоўнікаў не знайшлося. Пра гэта піша “Белорусская деловая газета”.

У сьвежым нумары “БДГ” шмат матэрыялаў, прысьвечаных “гучным справам” – вяртаньню ў Беларусь 1,5 мільёна даляраў, нібыта скрадзеных былым дырэктарам Менскага трактарнага заводу Міхаілам Лявонавым. Праўда, астатнія 16, 5 “лявонаўскіх” мільёнаў дагэтуль ня знойдзеныя.

“11 гадоў бяз права на абскарджаньне” – так называецца матэрыял пра самы жорсткі прысуд сярод усіх карупцыйных скандалаў эпохі Лукашэнкі – былому старшыню Белтэлерадыёкампаніі Ягору Рыбакову.

У Вільні ў выдавецтве "Gudas" выйшла кніга паэзіі Зелімхана Яндарбіева “Сэрца майго сьвятыня” ў перакладах Рыгора Барадуліна, паведамляе “Белорусская деловая газета”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG