Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ёшка Фішэр пойдзе ў адстаўку з-за беларускіх і ўкраінскіх нелегалаў?


Ул. інф. Амбасада Нямеччыны ў Менску зрабіла сёньня заяву адносна падробных запрашэньняў і іншых фальшаваных папераў, якія для атрыманьня шангенскіх візаў падаюць у нямецкі кансулят беларускія заяўнікі. Тымчасам у Нямеччыне набліжаецца да свайго піку скандал наконт візавых афэраў, якія быццам бы мелі месца ў нямецкіх амбасадах у Кіеве, Менску, Кішынёве.

Блёк ХДС/ХСС інкрымінуе гэтак званаму “зялёнаму” міністэрству замежных справаў садзейнічаньне незаконнаму пранікненьню ў Эўразьвяз вялікай колькасьці нелегалаў і крымінальнікаў з Украіны, Беларусі, Малдовы. Размова ідзе нават пра магчымую адстаўку міністра Ёшкі Фішэра.

Сёньня міністар замежных справаў ФРН Ёшка Фішэр прыняў палітычную адказнасьць за тыя парушэньні ў візавай палітыцы, якія мелі месца ў пэрыяд з 2000 па 2002.

Паводле назіральнікаў, заяву можна трактаваць па-рознаму – ад “гэта было, але гэта трэба перажыць” да згоды з адстаўкай. Усё залежыць ад раскладу палітычных сілаў і доказаў сьледзтва. Як вынікае са сьледчых матэрыялаў, дачыненьне да візавых афэраў маюць некаторыя былыя супрацоўнікі замежных нямецкіх кансулятаў, прадстаўнікі нямецкага МЗС ды іншых міністэрстваў. Сьцьвярджаецца, што ў пэрыяд увядзеньня вядомай папраўкі Фольмэра, у выніку якой візавае пытаньне пачало вырашацца на карысьць заяўніка, гэтыя адказныя асобы мелі дачыненьні з украінскай, беларускай і расейскай мафіяй.

Што да рэакцыі высокага нямецкага кіраўніцтва, то сёньня, у часе паседжаньня прэзыдыюму фракцыі сацыял-дэмакратаў, бундэсканцлер Шрэдэр заявіў, што кіроўная кааліцыя па-ранейшаму мае поўны давер да фэдэральнага міністра. Калі апазыцыя спадзяецца на Фішэраву адстаўку, то яна памыляецца, – заявіў канцлер Шрэдэр.

Журналіст нямецкага радыё Райнгард Лаўтэрбах зьвязвае скандал з маючымі адбыцца рэгіянальнымі выбарамі. Сам ён напрыканцы 90-х пачатку 2000-х працаваў уласным карэспандэнтам у Маскве, Кіеве і Менску і неаднойчы быў сьведкам вялікіх чэргаў ля нямецкіх кансулятаў, у якіх расейскія, беларускія грамадзяне мусілі стаяць і днём, і ноччу. Прычым, мафія, як кажуць, карысталася момантам заўсёды – як да ўвядзеньня папраўкі Фольмэра, так і пасьля яе.

(Лаўтэрбах: ) “Зялёныя расказвалі, што калі ў 1998 яны прынялі ад ХДС справы замежнапалітычнага ведамства, там была маса скаргаў – як цяжка атрымаць візу нармальным людзям. У МЗС пры хрысьціянскіх дэмакратах на гэта не рэагавалі, аднак усялякія крымінальнікі выкарыстоўвалі сытуацыю”.

Тым часам нямецкая амбасада ў Менску ўпершыню выступіла сёньня з заявай на конт павелічэньня колькасьці падробленых дакумэнтаў ў часе падачы папераў на візы з боку беларускіх заяўнікаў.

Як вынікае з прэс-рэлізу нямецкай амбасады ў Беларусі, дагэтуль Менск не трапляў у поле крытыкі і, такім чынам, афіцыйна ня згадваўся ў зьвязку са скандалам адносна візавых афэраў, як пра гэта зараз паведамляюць некаторыя СМІ. Аднак, “гэта можа зьмяніцца, калі зьявіцца ўражаньне, што ў Беларусі без асобых намаганьняў можна набыць падробленыя дакумэнты, бо асобы, якія іх прапануюць недастаткова кантралююцца з боку кампэтэнтных органаў”.

“Для ўсіх заяўнікаў, у якіх будуць знойдзеныя падробленыя дакумэнты, уводзіцца забарона на ўезд у Шэнгенскія краіны на працягу некалькіх гадоў,” гаворыцца ў заяве амбасады ФРН у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG