Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто зь вядомых гаспадарнікаў знаходзіцца за кратамі?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Адразу некалькі вядомых чыноўнікаў і гаспадарнікаў цяпер знаходзяцца пад сьледзтвам. Гэта былы старшыня камітэту дзяржавіяцыі Фёдар Іваноў, які падазраецца ў крадзяжы праз службовыя злоўжываньні. Ён быццам незаконна спрыяў камэрцыйнай структуры атрымаць выгадны заказ на рамонт урадавага самалёта.

Зь лістапада 2004 году пад сьледзтвам знаходзіцца і генэральны дырэктар аб’яднаньня “Нафтан” Канстанцін Часнавіцкі, якога нібыта падазраюць у нанясеньні вялікіх стратаў таксама праз службовыя злоўжываньні.

Адразу некалькі эканамічных злачынстваў нібыта ўчыніў былы дырэктар менскага шарыкападшыпнікавага заводу Валер Пенза, якога арыштавалі ў сьнежні мінулага году.

Сьледзтвы паводле справаў гэтых кіраўнікоў працягваюцца.

У лютым завяршыліся два гучныя працэсы над вядомымі кіраўнікамі. Была асуджаная на 4 гады зьняволеньня Галіна Жураўкова, былая кіраўніца справамі прэзыдэнта. Суд высьветліў, што яна скрала больш за 3 мільёны рублёў.

Таксама ў лютым 11 гадоў калёніі атрымаў былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў, якога прызналі вінаватым ў хабарніцтве.

Дарэчы, Галіна Жураўкова дагэтуль не арыштаваная – яна знаходзіцца ў сябе ў хаце, паводле даведкі яна хворая.

А сёньня ўпраўленьне па барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю МУС Беларусі распачала крымінальную справу супраць дырэктара менскага ўнівэрсаму “Белгандальпрэд”. Ён абвінавачваецца ў крадзяжы з выкарыстаньнем службовага становішча ста пяцідзесяці шасьці мільёнаў рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG