Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка заклікаў расейскамоўных з ЗША прыяжджаць у Беларусь


Валер Каліноўскі, Менск Аляксандар Лукашэнка сёньня ў інтэрвію нью-ёрскай газэце “Русская Америка” заклікаў усіх расейскамоўных эмігрантаў прыяжджаць у Беларусь на сталае жыхарства. Акрамя таго ён паскардзіўся, што Беларусі мала дапамагаюць з-за мяжы і запэўніў, што асабіста ў яго няма замежных рахункаў, і што зьмяніўшы Беларусь, ён ня хоча зьмяніць і ўвесь сьвет.

Шмат гаварыў А. Лукашэнка пра тое, чаму ён ня хоча праводзіць прыватызацыю паводле украінскага і расейскага ўзораў, але разам з гэтым запэўніў, што гатовы прадаваць зямлю замежным інвэстарам.

(Лукашэнка: ) “Хочаце ў нас у Беларусі працаваць – калі ласка. Зямля ў прыватную ўласнасьць? Калі ласка, пад праект. У любой частцы краіны можам даць інвэстару ня проста права працаваць, але і прадаць зямлю, і гэта будзе ягоная ўласнасьць”.

У першую чаргу А. Лукашэнка заклікаў замежныя кампаніі інвэставаць у разьвіцьцё турыстычнай інфраструктуры Беларусі, гатэляў і кемпінгаў.

(Лукашэнка:) “Ну што нам анучы нейкія вазіць ці харчы – у нас гэта ёсьць сваё. Нам патрэбна мэдычнае абсталяваньне. Такой дапамогі мы не адчуваем”.

Паводле А. Лукашэнкі, штогод на пераадоленьне наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС беларуская дзяржава выдаткоўвае 1 мільярд даляраў, не маючы пры гэтым істотнай замежнай дапамогі.

Тым ня менш спадар Лукашэнка паабяцаў за будучыя тры гады беларускія шпіталі давесьці да амэрыканскага ўзроўню. Самой Амэрыцы А. Лукашэнка прадказаў сур’ёзныя фінансавыя цяжкасьці.

(Лукашэнка: ) “Гэта асобная размова – вайна ў Іраку. Амэрыканская эканоміка яшчэ адчуе яе. Вы яшчэ друкуеце гэтыя грошы і на іх ваюеце. Але хутка гэта як сьнежны камок абрасьце і моцна ўдарыць па Амэрыцы”.

Паводле словаў А.Лукашэнкі, пакінулі краіну – паўтары тысячы. Гаворачы аб тых, хто паехаў з былога СССР і не прыжыўся на новым месцы, Лукашэнка заклікаў: “Усе, хто гавораць на расейскай мове,– адкуль бы ні былі – могуць прыехаць у Беларусь у любы момант. Няхай ведаюць, што іх тут чакаюць, тут іх зямля", – сказаў А. Лукашэнка.

Наклад газэты “Русская Америка,” з карэспандэнтам якой сёньня гутарыў А. Лукашэнка, – 18 тысячаў экзэмпляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG