Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці атрымоўваў камэрцыйны дырэктар “Полацак-Шкловалакна” хабар ад нямецкай фірмы?


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Сёньня ў Наваполацкім гарадзкім судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы на былога першага намесьніка генэральнага дырэктара — камэрцыйнага дырэктара Адкрытага акцыянэрнага таварыства “Полацак-Шкловалакно” Генадзя Дзямідава, які абвінавачваецца ў атрыманьні хабару ад замежнай фірмы.

Арыштаваны Генадзь Дзямідаў быў 17 сакавіка летась, і паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, ён, знаходзячыся на пасадзе камэрцыйнага дырэктара, спрыяў бесьперапынным пастаўкам высакаякаснай прадукцыі адной зь нямецкіх фірмаў, за што атрымаў хабар у памеры 706 мільёнаў рублёў. Пры гэтым, як засьведчыла абвінаваўца, грошы гэтыя пералічваліся на асабісты рахунак, адкрыты ў адным з камэрцыйных банкаў гораду Ульм (Нямеччына).

Сам Генадзь Дзямідаў такія абвінавачаньні адпрэчыў, заявіўшы суду, што падчас службовых камандзіровак у краіны Паўднёва-Ўсходняй Азіі рабіў паслугі нямецкаму прадпрыемству, гандлёваму партнэру “Шкловалакна”, па прасоўваньні яго прадукцыі на рынкі азіяцкіх краінаў. За гэтыя паслугі нямецкія партнэры пералічвалі яму грашовую ўзнагароду на банкаўскі рахунак з выплатай усіх падаткаў. Да таго ж, як сказаў Генадзь Дзямідаў, грошы, якія ён здымаў безнаяўным чынам з рахунку, ішлі выключна на аплату прадстаўнічых ды іншых выдаткаў падчас камандзіровак.

На заўтрашнім судовым паседжаньні (а вядзе справу непасрэдна старшыня Наваполацкага гарадзкога суду Пятро Ляўчонак) будуць заслуханыя сьведкі. Сярод запрошаных сьведкаў і прадстаўнікі нямецкай фірмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG