Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія прадпрымальнікі вядуць перамовы з уладамі наконт ПДВ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Сёньня ў Магілёве адбылася сустрэча прадпрымальнікаў горада, якія бралі ўдзел у страйку 10 лютага, з прадстаўнікамі розных дзяржаўных службаў і ведамстваў. У мінулы чацьвер страйкоўцы вырашылі вярнуцца на цэнтральную плошчу горада ў панядзелак, аднак улады прапанавалі сустрэчу ў зале.

У актавай зале заводу “Строммашына”, дзе адбывалася сустрэча прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў улады, быў аншляг. Больш за 200 чалавек прыйшлі, каб паслухаць адказы чыноўнікаў на свае патрабаваньні, галоўнае зь якіх – адмяніць спагнаньне падатку на даданую вартасьць (ПДВ) паводле краіны прызначэньня.

(Спадар: ) “Калі плаціць ПДВ 18% – гэта фактычна працаваць са стратамі. Выдаткі такія, што ня хопіць даходаў. Няма сэнсу працаваць”.

Беларускія гандляры набываюць тавар у Расеі на рынках. Там не працуе новы мэханізм: расейцы не даюць дакумэнты, неабходныя для ўплаты падатку, і не зьніжаюць кошты на 18 адсоткаў.

(Спадар: ) “Я спытаўся пра ПДВ – будуць мне яго саступаць альбо не? Яны сказалі: ня хочаш – не бяры!”

(Спадарыня: ) “Навошта яны беларусам будуць скідваць кошт, калі ў іх ёсьць пакупнікі, якія набудуць па гэтай цане”.

Сёньня пад час сустрэчы з прадпрымальнікамі прадстаўнікі падатковай інспэкцыі раілі гандлярам уключыць падатак у кошт тавару.

(Спадарыня: ) “У выніку мы павінны падвысіць цэны на тавары. А народ ужо неплацежаздольны”.

(Іншая спадарыня: ) “Хто ў нас купіць? Мы і цяпер, можна сказаць, распрадаём тавар па закупачных цэнах, і ўсё адно гавораць – маўляў, гэта так дорага, немагчыма. Таму што людзі бедныя”.

Нягледзячы на пярэчаньні, сёньня магілёўскім гандлярам нагадалі, што пагадненьне дзейнічае і плаціць падатак давядзецца. Гэта выклікала незадавальненьне залі.

(Галасы: ) “Хопіць слухаць гэтую бутафорыю! Адкажыце на галоўнае пытаньне: Як нам выжыць у гэтай краіне?”

Кіраўнік абласной управы прадпрымальніцтва Віктар Красоўскі сказаў, што мясцовая “вэртыкаль” ня можа задаволіць галоўнае патрабаваньне прыватнікаў.

(Красоўскі: ) “Гэтае пытаньне вырашаюць рэспубліканскія органы ўлады. А мы робім на ўзроўні мясцовай улады ўсё, каб нашае прадпрымальніцтва нармалёва разьвівалася”.

Тым не менш гандляры яшчэ раз выказалі ўладам сваю цьвёрдую пазыцыю.

(Спапдарыня: ) “Мы хочам працаваць чэсна і празрыста. А гэта сыстэма, якую нам прапануюць, прымусіць многіх прадпрымальнікаў сысьці ў цень альбо стаць банкрутамі”.

Сёньня на сустрэчы ў Магілёве прадпрымальнікі дамовіліся з уладамі напісаць сумесны ліст ва ўрад з просьбай скасаваньня 18% падатку ПДВ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG