Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі высокая нашая рызыка захварэць на “хваробу шалёных кароў”?


Кастусь Бандарук, Прага Новая перадача сэрыі “Жывеце доўга – новае ў сучаснай мэдыцыне”. У сёньняшнім выпуску: найноўшыя зьвесткі пра “хваробу шалёных кароў”. Прыёны – пратэіны, якія выклікаюць хваробу Кройцфэльда-Якоба ў людзей, можна знайсьці ва ўсіх тканках хворай жывёлы, ня толькі ў нэрвовых клетках. Але заразіцца ад кароў значна цяжэй, чым раней меркавалася. Пра гэта паведамілі швэйцарскія навукоўцы на старонках часопісу “Science”.

Мэханізм пашырэньня “хваробы шалёных кароў”, званай скарочана BSE, (“скрапі” ў авечак, і Кройцфэльда-Якоба ў людзей) здаўна вядомы. Заразныя бялкі-прыёны перарабляюць на свой капыл свае нармальныя аналягі, здаровыя бялкі, якія неабходныя для правільнага функцыянаваньня мозгу. У выніку зьяўляецца ўсё болей дрэнных прыёнаў, гінуць нэрвовыя клеткі, і пасьля пэўнага часу мозг нагадвае губку.

Што павінна адбыцца ў інфікаваным арганізьме, каб прыёны пачалі сваю разбуральную дзейнасьць? Пакуль дакладна не вядома, але ў адным навукоўцы ўпэўненыя: размнажэньню заразьлівых бялкоў спадарожнічае запаленчы працэс. Звычайна, запаленьне – гэта выява працы імуннай сыстэмы, якая змагаецца з інфэкцыямі, ракам, альбо ачышчае раны з пашкоджанымі фрагмэнтамі тканак. Пры гэтым выдзяляюцца цытакіны – субстанцыі, якія здольныя зьнішчаць бактэрыі, заражаныя вірусам клеткі ды стымуляваць арганізм да змаганьня зь няпрошанымі гасьцямі. На жаль, у выпадку прыёнаў яны дапамагаюць нам, “як кашаль хваробе”: злаякасныя бялкі ўмеюць размнажацца толькі ў прысутнасьці цытакінаў.

Запаленчы працэс можа зьявіцца ў самых розных частках арганізму. Швэйцарскія навукоўцы з унівэрсытэцкага шпіталю ў Цюрыху вырашылі праверыць, ці не змушае запаленьне прыёны сяліцца ў іншых тканках, чым звычайна. Нэўрабіёлягі на чале з прафэсарам Адрыяна Агуцці вырасьцілі генэтычна мадыфікаваных мышэй, якія выраблялі “запаленчыя” цытакіны ў нырках, печані і падстраўнікавай залозе. Потым яны ўпырснулі гэтыя прыёны грызунам і назіралі, дзе яны паселяцца.

На старонках часопіcу “Science” навукоўцы паведамілі, што бялкі, апрача сваіх звычайных маршрутаў, накіраваліся ў органы, у якіх адбываўся запаленчы працэс. Акрамя гэтага, вучоныя выявілі, што колькасьць прыёнаў у хворых тканках паступова павялічваецца. Гэта азначае, што там існуюць умовы, спрыяльныя для іхнага размнажэньня.

Праўдападобна, некаторыя з клетак у раёнах ахопленых запаленьнем былі запраграмаваныя гэтак, каб яны сталіся інкубатарамі для прыёнаў, аналягічна як нэрвовыя клеткі ў інфікаваным мозгу. Хаця ныркі і печань – нетыповыя месцы для ўзьнікненьня прыёнаў, але гэтыя прыёны аказаліся такімі ж небясьпечнымі, як прыёны з нэрвовай сыстэмы. Калі іх прышчапілі здаровым грызунам, яны выклікалі ў іх эквівалент “хваробы шалёных кароў”.

Вынікі, атрыманыя швэйцарцамі ў лябараторных умовах, паказваюць, што ў гэтых заразьлівых бялкоў вялізны разбуральны патэнцыял, і што з гэтай прычыны, можа, варта было б перагледзець цяперашнюю стратэгію барацьбы зь імі. Дагэтуль хворую жывёлу – і нават здаровую, калі яна апынулася ў статку разам з хворай – проста тысячамі забівалі і цалкам спальвалі. Згодна з законамі Эўразьвязу, гэты попел можа быць скарыстаны толькі ў якасьці ўгнаеньня. Гэта прыносіць фэрмэрам мільённыя страты. Таму пасьля зарэзу жывёлы яны, замест таго каб яе спаліць, неаднойчы перамолваюць мяса і скарыстоўваюць яго ў якасьці рассыпнога корму. З-за гэтага раз-пораз у розных краінах выбухае паніка, урады забараняюць імпартаваць мяса з краінаў, дзе выяўлены хаця б адзін выпадак “хваробы шалёных кароў”, а людзі масава адмаўляюцца ад ялавічыны. Затое паціраюць рукі вытворцы прадуктаў са сьвініны і хатняй птушкі.

Ці лепш у сьвятле адкрыцьця швэйцарскіх вучоных і з улікам безадказнасьці фэрмэраў зрабіцца вэгетарыянцам? Дзякаваць Богу, для аматараў ялавічыны зьявілася надзея: у адным з найноўшых нумароў часопісу “Lancet” францускія спэцыялісты ў галіне прыёнаў апісалі цікавы экспэрымэнт. Ён павінен быў акрэсьліць ступень рызыкі захворваньня на хваробу Кройцфэльда-Якоба пасьля спажываньня заражанай ялавічыны – напрыклад, калі на стол трапіла мяса жывёлы, якая ўжо пачала хварэць, але колькасьць прыёнаў у ейным мозгу яшчэ не дасягнула таго ўзроўню, які можна выявіць сучаснымі тэстамі.

“Праўдападобна, трэба зьесьці 1,5 кіляграма нэрвовых тканак, каб захварэць на хваробу Кройцфэльда-Якоба”, кажа аўтар артыкулу, доктар Філіп Дэслі. Аднак дасьледаваньняў, якія ён правёў на малпах, пакуль недастаткова, каб можна было рабіць зь іх канчатковыя высновы.

Тым ня менш ужо цяпер навукоўцы кажуць, што рызыка заражэньня чалавека жывёльнымі прыёнамі ў 7 – 20 разоў меншая, чым рызыка заражэньня каровы ад каровы. Апрача таго, той, хто пры здаровым розуме, пры цяперашнім стане ведаў наўрад ці будзе есьці замест кумпяка якраз мазжачок, ды яшчэ і звыш кіляграма.

“Цяперашнія праграмы маніторынгу наяўнасьці прыёнаў і зьнішчэньня хворай жывёлы гарантуюць бясьпеку на нашых сталах”, запэўнівае доктар Дэслі.
XS
SM
MD
LG