Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура знайшла 1,5 мільёнаў Міхаіла Лявонава ў Люксэмбургу?


Алег Грузьдзіловіч, Менск У пракуратуры Беларусі сьцьвярджаюць, што ўдалося вярнуць 1,5 мільёна даляраў, якія скраў былы дырэктар МТЗ Міхаіл Лявонаў. А як да гэтай навіны паставіліся сваякі былога дырэктара?

Усяго атрымана 1 мільён 527 тысяч даляраў лявонаўскіх грошай, сьцьвярджаюць у пракуратуры Беларусі. Нібыта грошы зьнятыя зь імянных рахункаў Міхаіла Лявонава і чальцоў ягонай сям’і ў банках розных эўрапейскіх краінаў. У прыватнасьці, называюць “Kommerzbank” у Люксэмбургу. У пракуратуры падкрэсьліваюць, што гэта толькі частка нарабаванага былым дырэктарам МТЗ, і праца па вяртаньні астатняга працягваецца.

(Азаронак: ) “Судом прызнана, што Лявонаў нанёс стратаў на 19 мільёнаў даляраў. Такім чынам ёсьць яшчэ над чым працаваць пракуратуры”, – сказаў прэсавы сакратар рэспубліканскай пракуратуры Юрый Азаронак.

Сам Міхаіл Лявонаў ужо два гады як знаходзіцца ў менскай калёніі. Усяго ён атрымаў 10 гадоў пазбаўленьня волі за крадзеж у асабліва вялікіх памерах.

Нагадаю, вінаватым сябе Лявонаў гэтак і не прызнаў. Ён заявіў у судзе, што справу супраць яго сфальшавалі ў пракуратуры. Паводле Лявонава ён, ніколі ня меў рахункаў у замежных банках, у тым ліку ў “Камэрцбанку” ў Люксэмбургу. Між тым сьледзтва даказвала, што Міхаіл Лявонаў асабіста езьдзіў у Люксэмбург, каб адкрыць там імянны рахунак.

Як паставіліся да паведамленьня пракуратуры сваякі Міхаіла Лявонава?

Ягоная жонка Алена раней заяўляла, што ёй нічога невядома пра замежныя рахункі мужа. Гэта яна паўтарыла і сёньня.

(Лявонава: ) “І на здароўе, хай карыстаюцца, калі атрымалі. Былі яны там ці не, адкуль я ведаю. Нічога я ня ведаю”.

Паводле Алены Лявонавай, нармалёвага жыцьця ў яе сям’і гэтак і няма. Працягваецца судовая цяганіна вакол маёмасьці. Нядаўна намесьнік старшыні Вярхоўнага суду апратэставаў рашэньне аб падзеле маёмасьці іх сям’і і цяпер Алену Лявонаву чакаюць новыя слуханьні. Дагэтуль усё, чым валодалі муж і жонка Лявонавы лічыцца канфіскаваным.

(Лявонава: ) “Мяне ўжо нічога не зьдзіўляе. Я стамілася ад усіх гэтых правакацыйных паведамленьняў. Ім жа трэбы даць нейкую справаздачу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG