Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля паседжаньня камісіі супрацоўніца “Хуткай дапамогі” павесілася ў туалеце


Любоў Лунёва, Менск Надзвычайнае здарэньне адбылося ў будынку Менскага абласнога аддзела аховы здароўя. Пасьля паседжаньня камісіі ў прыбіральні павесілася фэльчарка, якая працавала на “хуткай дапамозе” у Жодзіне. Жанчыну абвінавацілі ў сьмерці пацыента, і зь ёй даволі рэзка размаўлялі. Гэта, на думку псыхолягаў, падштурхнула жанчыну да самагубства.

Сьвятлана Койдан працавала фэльчарам на “хуткай дапамозе”. Яна была ў складзе адной з брыгад, якія прыяжджалі на выклік да 19-гадовага пацыента. Мэдыкі не заўважылі клінічных праяваў небясьпечнай хваробы – мэнінгіту. У выніку хлопец памёр.

Пачаліся шматлікія разьбіральніцтвы. Вінаватымі прызналі фэльчараў Сьвятлану Койдан і Галіну Каралёву. Супрацоўнікі кажуць, што жанчыны знаходзіліся ў стрэсавым стане. Сьвятлану і Галіну звольнілі з працы.

Нягледзячы на гэта, адміністрацыя запатрабавала, каб яны яшчэ паехалі ў Менск на паседжаньне адмысловай камісіі. Муж Галіны Каралёвай не пусьціў сваю жонку ў Менск, бо вельмі непакоіўся за яе здароўе. Сьвятлана паехала адна. Яна выслухала ўсе абвінавачваньні. Пасьля пайшла ў прыбіральню і там павесілася.

Гэтую сытуацыю пракамэнтаваў прафэсар псыхалёгіі Анатоль Амількоў.

(Амількоў: ) “Зьвяртаньне адміністрацыі ў больш вышэйшыя інстанцыі, гэта яны зрабілі спэцыяльна, каб абараніць сябе. Гэта стала апошняй кропляй, каб чалавек зрабіў такі ўчынак. Яна сама маці і магла зьвяртацца да сябе: “А што б я ў такім выпадку сама зрабіла?” Адмоўныя, дэструктыўныя перажываньні. Відавочна, што апошняй кропляй быў страх згубіць працу. У яе ўтварылася падвоенае адчуваньне віны – тое, што як прафэсіянал ня здолела ўсё зрабіць, каб уратаваць чалавека, і нетактоўныя паводзіны адміністрацыі ўзмацнілі ўсё гэта”.

Былыя калегі Сьвятланы Койдан паведамілі Радыё Свабода, што вестка пра сьмерць выклікала ў іх шок. Яны кажуць, што, магчыма, калі б муж Сьвятланы быў дома, а не ў камандзіроўцы ў Маскве, то, напэўна, не пусьціў бы яе ў Менск і не здарылася такой трагедыі.

У Сьвятланы дома застаўся 12-гадовы сын. Яму яшчэ не паведамілі, што здарылася з мамай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG