Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйная моладзь ня будзе мець месца ў ВНУ?


Любоў Лунёва, Менск Каардынатарка моладзевагага руху “Зубр” Ірына Тоўсьцік заяўляе, што яе спрабуюць выключыць з Пэдагагічнага ўнівэрсытэту за палітычную дзейнасьць. Ірына вучыцца на пятым курсе і сёлета мелася атрымаць дыплём настаўніцы.

Ірына Тоўсьцік удзельнічала ва ўсіх апазыцыйных акцыях, якія ладзілі сябры незарэгістраванага моладзевага руху “Зубр”. Неаднойчы яе прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці. Ірына заявіла Радыё Свабода, што дэкан факультэту Аляксандар Лугоўскі намагаецца выключыць яе з унівэрсытэту за яе грамадзкую пазыцыю:

(Тоўсьцік: ) “На маю думку, мяне хочуць выключыць з унівэрсытэту, бо папросту ня хочуць даваць дыплём настаўніка чалавеку, які зьвязаны з апазыцыйным рухам. Літаральна ўчора прарэктар па выхаваўчай працы выклікала ўсіх старастаў унівэрсытэту. Яна распавяла пра ідэалягічную працу і дала рэкамэндацыі, як праводзіць гэтую працу на факультэтах. Думаю, што такім, як я, няма месца ў сучасных ВНУ. Улады ніколі не дапусьцяць такога настаўніка, як я, у школу да дзяцей. Калі мяне выклікаў дэкан, ён мне казаў, што ў нас цяпер новае кіраўніцтва, а ён вельмі даражыць сваёй пасадай”.

Ірына прапусьціла некалькі заняткаў з прычыны хваробы. Яна прынесла ў дэканат даведку, але дэкан засумняваўся ў сапраўднасьці дакумэнта і зрабіў запыт у паліклініку. Радыё Свабода ён патлумачыў, што ніякага палітычнага перасьледу з боку адміністрацыі пэдунівэрсытэту няма.

(Лугоўскі: ) “У студэнткі Тоўсьцік на сёньняшні дзень ёсьць запазычанасьці. Яна яшчэ не здала аднаго заліку, курсавой працы і чатырох экзамэнаў. Студэнтка моцная, але так у яе склалася… Ёсьць пацьверджаньне, што сапраўды яна хварэла, але ў мяне ёсьць прэтэнзіі да гэтага дакумэнта. Тым ня менш, дакумэнт у мяне ляжыць. Ён сьведчыць, што абгрунтаваны. Студэнтка дапушчана да сэсіі і памалу здае”.

Ірына Тоўсьцік лічыць, што, калі не пасьпее здаць усіх экзамэнаў у адведзены тэрмін, то яе выключаць з вучобы. Яна згадала яшчэ аднаго актывіста руху “Зубр” Рамана Казакевіча. Ён вучыўся на другім курсе пэдунівэрсытэту і ня здаў апошняга экзамэну. Гэтага было дастаткова, каб выключыць яго з ВНУ. Раман Казакевіч распавёў Радыё Свабода, што яго выклікалі ў дэканат і паказалі загад аб адлічэньні з прычыны шматлікіх затрыманьняў і выклікаў у міліцыю. Яму прапанавалі напісаць заяву аб зыходзе на ўласнае жаданьне, каб потым было лягчэй аднавіцца на вучобе. Але аднавіцца не атрымалася. Гаворыць Раман Казакевіч:

(Казакевіч: ) “Потым, калі я хацеў аднавіцца, дэкан даў мне сваю згоду, але рэктар адмовіў. Ён казаў, што я антысацыяльны элемэнт, і я ня маю права быць навучэнцам пэдагагічнага ўнівэрсытэту. На маю думку, яны папросту баяцца студэнтаў, якія маюць пэўную грамадзкую пазыцыю, якія стаяць у апазыцыі дзейнай уладзе”.

Цяпер Раман вучыцца ў камэрцыйнай ВНУ па спэцыяльнасьці маркетынг. Але хлопец кажа, што больш за ўсё жадае стаць настаўнікам і працаваць у школе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG