Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто зь беларусаў варты помніка ў сталіцы і за межамі Беларусі?


Альгерд Невяроўскі, Менск Помнік Янку Купалу зьбіраюцца ўсталяваць у Маскве. Нядаўна ў Калінінградзе быў адкрыты помнік Францішку Скарыне. А хто яшчэ зь беларусаў варты помніка ў сталіцы і за межамі Беларусі? Гэтае пытаньне тыдня людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, як на вашую думку, хто зь беларусаў варты помніка ў сталіцы і за межамі Беларусі?”

(Спадар: ) “Відаць, найперш Скарына. Таму, што ягоны ўклад аграмадны, як нацыянальнага героя. І напэўна Васіль Быкаў”.

(Хлопец: ) “Тадэвуш Касьцюшка”.

(Спадар: ) “Нават цяжка сказаць. Думаю, найперш нашыя пісьменьнікі — Янка Купала, Якуб Колас. Яны, на мой погляд пакінулі вялікі сьлед у нашай гісторыі й аказвалі ўплыў на разьвіцьцё літаратуры і мастацтва”.

(Дзяўчына: ) “Відаць, нейкі дзеяч культуры, ці мастацтва, але не палітыкі. Я ня ведаю тых, хто заслугоўвае, але спадзяюся, што яны будуць”.

(Спадар: ) “І Максім Багдановіч, і Янка Купала, і Якуб Колас, хаця ім помнікі і ёсьць. І Багатыроў, якому шыльду адкрылі ня там. Вось ягоны дом, а прымацавалі на іншым доме. Я б паставіў помнік і Лябедзьку”.

(Дзяўчына: ) “Я думаю, што Васіль Быкаў варты таго. Таму, што гэта адзіны пісьменьнік, які за апошняе стагодзьдзе дамогся вышыняў”.

(Спадар: ) “Янка Купала — іншых вядомых няма”.

(Хлопец: ) “Быкаў, Караткевіч, Глебаў. Для мяне гэта артэфакты беларускай культуры, якія мы павінны рэклямаваць тут, на радзіме, і за межамі”.

(Дзяўчына: ) “На мой погляд, трэба паставіць помнік усім дзеячам беларускай культуры і перш за ўсё пісьменьнікам. Таму што яны зрабілі вялікі ўклад у нашую культуру, у разьвіцьцё нашай нацыі. І пры іх дапамозе іншыя краіны сьвету могуць даведацца пра нашу Беларусь”.

(Спадар: ) “Францішак Скарына, Адам Міцкевіч”.

(Дзяўчына: ) “Вельмі шмат згадваю імёнаў. Згадваецца Адам Міцкевіч, Максім Багдановіч, Тадэвуш Касьцюшка. Гэта не пісьменьнік, але ж наш знакаміты палітычны дзеяч. Дом, дзе ён нарадзіўся, цяпер рэстаўруюць. Калі я прыехала туды да помніка, на ім было напісана: “Палітычны дзеяч Польшчы”. І ўнізе нехта алоўкам дапісаў: “і Беларусі”. Вось каб такога не было, трэба неяк ушаноўваць імёны нашых беларускіх дзеячаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG