Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ягора Рыбакова асудзілі на 11 гадоў калёніі


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Вярхоўным судзе Беларусі абвесьцілі прысуд былому старшыню Белтэлерадыёкампаніі Ягору Рыбакову. Яго прызналі вінаватым у шэрагу злачынстваў і асудзілі на 11 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Да красавіка Рыбакову прапанавана добраахвотна кампэнсаваць 213 мільёнаў рублёў стратаў, нанесеных, паводле суду, Беларускаму тэлебачаньню.

Ягор Рыбакоў адвёў убок вочы, калі ў судовую залю запрасілі журналістаў. Самі журналісты адзначылі, што былы кіраўнік Беларускага тэлебачаньня схуднеў, але трымаецца бадзёра. Толькі дарагі строй і фірмовая кашуля яўна не пасавалі да жалезнай клеткі, у якой апынуўся былы старшыня БТ.

Судзьдзя Аляксандар Райдудзін папярэдзіў, што паседжаньне было закрытае, таму ён мусіць зачытаць толькі выніковую частку прысуду. Гэта заняло 5 хвілінаў. Ягора Рыбакова прызналі вінаватым адразу ў некалькіх злачынствах — хабарніцтве, службовым злоўжываньні, легалізацыі незаконных прыбыткаў і пакаралі 11 гадамі зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Паколькі Ягор Рыбакоў ўжо адбыў год у сьледчым ізалятары, яму застаецца сядзець яшчэ дакладна 10 гадоў.

Гэта канчатковы прысуд, які нельга аспрэчыць у іншай судовай інстанцыі. Праўда, застаецца магчымасьць паскардзіцца ў прэзыдыюм Вярхоўнага суду. Ці будзе яна скарыстаная, даведацца не ўдалося: Ягор Рыбакоў ад камэнтару адмовіўся, ягоны адвакат Аляксандр Астапенка кантактаваць з журналістамі таксама не пажадаў.

Пракурор Алег Шандаровіч выйшаў з суду, не выказаўшы ні задавальненьня, ні расчараваньня прысудам. Дарэчы, суд прыняў гэтак званае прыватнае вызначэньне ў адрас сьледзтва за парушэньні падчас расьсьледаваньня. Што гэта былі за парушэньні, пракурор не сказаў.

Застаецца адкрытым і пытаньне, колькі ж хабару атрымаў Ягор Рыбакоў за два гады кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніяй? Паводле прысуду, яму да 1 красавіка трэба пакрыць страты, нанесеныя тэлебачаньню. Гэта 213 мільёнаў рублёў, альбо прыкладна 100 тысяч даляраў. На выпадак, калі ён гэтага ня зробіць, суд пастанавіў забраць 213 мільёнаў з тых грошай , якія былі ў Рыбакова раней канфіскаваныя і знаходзяцца ў пракуратуры. Нагадаю, паводле пракуратуры, гэта больш за 500 тысяч даляраў, знойдзеных падчас ператрусу ў менскай кватэры.

Як атрымалася, што кіраваць тэлебачаньнем даручылі асобе, здольнай на злачынства? Былая тэлевядучая Элеанора Язерская згадвае, як у 2001 годзе на нарадзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі журналісты выказваліся супраць прызначэньня старшынём Ягора Рыбакова, але не былі пачутыя.

(Язерская: ) “Ягоная заслуга была толькі ў тым, што ён таксама з Магілёўскай вобласьці. Рыбакова ніхто ня ведаў у прафэсійным асяродзьдзі. Толькі ведалі тыя, хто калісьці бываў у Магілёве, што гэта ня вельмі адукаваны, фанабэрысты чалавек. Усё гэта мы гаварылі прэзыдэнту, пісалі пра гэта, я гаварыла пра гэта ў інтэрвію газэце, што Рыбакоў здольны зрабіць зь Беларускага тэлебачаньня руіны. Сумна і сорамна, сорамна за дзяржаву”.

“Лягічным канцом асабістых ілюзіяў” назваў тое, што здарылася зь Ягорам Рыбаковым, былы прэм’ер Міхаіл Чыгір. Два гады таму Міхаіл Чыгір спрабаваў судзіцца зь Беларускім тэлебачаньнем за абразы, якія трансьляваліся на адрас ягонай сям’і. Аднак у сатысфакцыі былому прэм’еру было адмоўлена. Міхаіл Чыгір таксама лічыць, што Рыбакову дазвалялася ўсё, пакуль ад яго была патрэбная пэўная праца.

(Чыгір: ) “Быў выканаўцам. Але ж адначасова быў і добры злодзей, як цяпер вядома. Мабыць, лічыў, што калі выконвае загады, то яму ўсё дазволена. Але насамрэч гэта ня так, як паказвае досьвед”.

Адбываць пакараньне Ягор Рыбакоў будзе ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Ягор Рыбакоў нарадзіўся ў Навасібірску ў 1971 годзе. Журналістам пачаў працаваць у газэце “Магілёўскія ведамасці” пад кіраўніцтвам Рыгора Кіселя, які ўваходзіў у перадвыбарчы штаб Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году ўзначаліў магілёўскае тэлебачаньне, а потым быў прызначаны намесьнікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі. У гэтай якасьці правёў прэзыдэнцкую кампанію 2001 году, забясьпечыўшы Аляксандру Лукашэнку, паводле ягонага выказваньня, “бліскучую перамогу”. Пасьля выбараў быў прызначаны старшынём Белтэлерадыёкампаніі і працаваў на гэтай пасадзе да арышту ў лютым 2004 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG