Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі патрабуе тлумачэньняў ад польскіх калегаў за заяву, якая прагучала на беларускай Свабодзе


RFE/RL Міністэрства замежных справаў Беларусі запатрабавала тлумачэньняў ад польскага боку ў сувязі з выказваньнем міністра замежных справаў Польшчы, якога цытавала і Беларуская служба Радыё Свабода.

5 лютага мы пазнаёмілі слухачоў і чытачоў старонкі ў інтэрнэце са зьместам інтэрвію міністра Адама Ротфэльда для польскага радыё “ТОК ФМ”. Камэнтуючы вынікі парлямэнцкіх выбараў у Іраку, кіраўнік МЗС Польшчы заявіў літаральна наступнае:

(Ротфэльд: ) “Мы ведаем з гісторыі, што часам у выніку выбараў уладу атрымліваюць дыктатары. Гітлер прыйшоў да ўлады ў выніку выбараў. Лукашэнка, калі б ён абвясьціў справядлівыя выбары без фальсыфікацыяў, дык ён, хіба, таксама б выйграў. Іншымі словамі, выбары гэта абавязковая, але не адзіная ўмова для пабудовы дэмакратыі”.

Некаторыя выданьні, а таксама афіцыйныя асобы ў Беларусі зрабілі з гэтага выказваньня выснову, што ў ім міністар замежных справаў Польшчы параўноўвае Гітлера і Лукашэнку.

Сёньня гэтаму прысьвяціў свой выступ і прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных. Паводле яго, у афіцыйным адказе Варшавы тлумачыцца, што “міністар Адам Ротфэльд ні ў якім выпадку не хацеў параўнаць Адольфа Гітлера з Аляксандрам Лукашэнкам, але, гаворачы пра выбары ў Іраку, праілюстраваць сваю тэзу аб тым, што выбары гэта не адзіная ўмова для пабудовы дэмакратыі”. Пры гэтым паводле Савіных, МЗС Польшчы адзначыў, што пакідае інтэрпрэтацыі журналіста Радыё Свабода на сумленьні аўтара. Андрэй Савіных выказаў спадзяваньне, што “гэта сытуацыя дазволіць нашым польскім калегам ацаніць тэндэнцыйнасьць падыходаў шэрагу СМІ, якія асьвятляюць беларускую праблематыку”.

Між тым ані з арыгінальнага тэксту выказваньня міністра, ані зь перакладу на беларускую мову, зробленага нашым карэспандэнтам, не вынікае, што Ротфэльд параўнаў Лукашэнку з Гітлерам: ён проста выкарыстаў побач прыклады гітлераўскай Нямеччыны і цяперашняй Беларусі, пра што і паведаміла Радыё Свабода, даўшы даслоўную дакладную цытату выступу польскага міністра і ніяк яе не камэнтуючы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG