Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вясна” падсумавала вынік рэфэрэндуму 17 кастрычніка – у Беларусі створаная дасканалая сыстэма фальсыфікаваньня


Альгерд Невяроўскі, Менск Праваабарончы цэнтар “Вясна” падрыхтаваў і выдаў падрабязны маніторынг мінулагодніх парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму ў Беларусі. Гэта грунтоўная праца ахоплівае аналіз ўсіх этапаў кампаніі, пачынаючы ад абвяшчэньня правядзеньня выбараў і рэфэрэндуму і заканчваючы падвядзеньнем вынікаў галасаваньня. Аўтары маніторынгу робяць выснову пра тое, што ў Беларусі створаная дасканалая сыстэма фальсыфікаваньні, і выбары перасталі быць інструмэнтам легітымнай зьмены ўлады.

Прэзэнтаваны маніторынг цэнтру “Вясна”падрабязна апавядае пра ўсе этапы выбарчай і рэфэрэндумнай кампаніі. Выдадзены на 151 старонцы накладам 1000 асобнікаў па-беларуску й па-ангельску, гэты зборнік мае чатыры разьдзелы – выбары дэпутатаў палаты прадстаўнікоў, рэфэрэндум, высновы й дадаткі.

У ім зафіксаваныя ўсе сабраныя супрацоўнікамі “Вясны” факты парушэньняў уладамі выбарчага заканадаўства ў розных рэгіёнах Беларусі, прамых фальсыфікацыяў і рэпрэсіяў супраць удзельнікаў акцыяў пратэсту апазыцыі.

У маніторынгу зьмешчана нямала фотаздымкаў розных пэрыядаў выбарчай і рэфэрэндумнай кампаніі. Гэта – шматлікія афіцыйныя дакумэнты, пратаколы паседжаньняў выбарчых камісіяў, вынікі незалежных апытаньняў і высновы назіральнікаў ад міжнародных арганізацыяў. А таксама апісаньне грамадзка-палітычнай сытуацыі ў Беларусі напярэдадні выбараў і рэфэрэндуму.

Прааналізаваўшы увесь аб’ём сабраных матэрыялаў, каардынатар рабочай групы па падрыхтоўцы маніторынгу Алесь Бяляцкі зрабіў такія высновы:

(Бяляцкі: ) “Магчымасьць якіх-небудзь выбараў у Беларусі фактычна скончылася. Уладамі на сёньняшні дзень створаная дасканалая сыстэма фальсыфікацыяў. Ад выбараў застаўся толькі выбарчы антураж, які вельмі нагадвае выбары савецкіх часоў. Сёньняшняя сытуацыя патрабуе іншых падыходаў, іншых інструмэнтаў для яе вырашэньня ад беларускіх дэмакратычных сілаў. Мы маем справу з рэжымам такога тыпу, такой суровасьці, якога не было ў Эўропе за апошнія 15 гадоў – з часоў распаду Савецкага Саюзу”.

На думку аўтараў маніторынгу, іх праца дапаможа яшчэ лепей зразумець паводзіны беларускай улады ня толькі актывістам апазыцыі, але й палітыкам Эўразьвязу, ды прадстаўнікам іншых міжнародных арганізацыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG