Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты аблсавету – тры апазыцыянэры


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць У Магілёўскай вобласьці 20 сакавіка ў чатырох акругах адбудуцца давыбары ў абласны савет. Цяпер ідзе этап рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. У ліку патэнцыйных кандыдатаў ёсьць і прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партыяў.

Дэмакратычныя актывісты падалі дакумэнты на рэгістрацыю ў трох выбарчых акругах — у Магілёве, Бабруйску і Крычаўскім раёне. У Крычаўскай выбарчай акрузе чакае вынікаў рэгістрацыі Сяргей Няроўны, лідэр раённай арганізацыі АГП і рэдактар недзяржаўнай газэты “Вольны горад”, ён вылучыўся кандыдатам ад партыі.

У Бабруйскай Індустрыяльнай акрузе прэтэндуе на мандат Таісія Кабанчук, кіраўнічка арганізацыі БСДГ у Бабруйску. Яе ініцыятыўная група сабрала амаль 500 подпісаў за вылучэньне, хаця паводле закону трэба ўсяго 150. Таісія Кабанчук гаворыць, што людзі падпісваліся ахвотна.

(Кабанчук: ) “Без усялякіх праблемаў. Хто дома — ніхто не адмаўляў. Можа, чалавекі 2–3 з цэлага дома, якія гавораць, што мы ня верым у гэтыя выбары і нам яны не патрэбныя”.

Таісія Кабанчук наступным чынам тлумачыла людзям, навошта яна імкнецца ў абласны савет:

(Кабанчук: ) “Няхай была б альтэрнатыва ў абласным савеце. Каб ня толькі ўсе ўздымалі там рукі, калі ім будуць казаць кіраўнікі, і ніхто ніколі ня выкажа альтэрнатыўнага погляду. Хоць бы які адзін голас быў”.

Кіраўнік абласной арганізацыі АГП Уладзімер Шанцаў падаў дакумэнты на рэгістрацыю ў Магілёўскую Мірную акругу. Ён таксама сабраў больш за паўтысячы подпісаў. Спадар Шанцаў гаворыць, што цяпер выбаршчыкі падпісваліся за апазыцыянэра разы ў тры болей, чым гэта было на выбарах леташняй восеньню, і тлумачыць гэта сытуацыяй у краіне.

(Шанцаў: ) “Абстаноўка пагоршылася для людзей, цэны вырасьлі болей за пэнсіі і заробкі. Людзі вельмі не задаволены жыцьцём”.

Уладзімер Шанцаў скардзіцца на акруговую камісію, якая не прыняла дакумэнтаў на вылучэньне ва ўчастковыя камісіі прадстаўнікоў АГП і ПКБ. Падставай для канфлікту сталі тэрміны падачы дакумэнтаў, і спрэчку цяпер разьбірае Магілёўскі абласны суд.

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты Магілёўскага абласнога савету завершыцца 17 лютага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG