Чаму гэтыя лідэры ня хочуць пакідаць свае пасады?
Мухамэд Саліх, лідэр забароненай апазыцыйнай партыі Узбэкістану, які быў вымушаны пакінуць краіну і зьвярнуцца па палітычны прытулак у Эўропе, лічыць, што калі прэзыдэнты ў Сярэдняй Азіі пакінуць свае пасады, то страцяць ня толькі палітычную ўладу, але і кантроль над эканомікай. Але самая галоўная прычына, паводле Саліха, гэта тое, што прэзыдэнты баяцца, што пасьля адстаўкі ім ня будзе гарантаваная бясьпека.
(Саліх: ) “Яны баяцца таго, як да іх будуць ставіцца людзі пасьля зыходу. Гэта асноўная прычына. Але калі разглядаць сытуацыю з узбэцкім прэзыдэнтам, то тут больш верагодна, што будзе адплата з боку ягоных паплечнікаў, а не народу. Але відавочная ўсеагульная нянавісьць да Карымава”.
Іслам Карымаў гарантаваў сябе шэраг прывілеяў у выпадку, калі ён пакіне сваю пасаду. У 2003 узбэцкі прэзыдэнт ўхваліў закон, які гарантуе былым прэзыдэнтам і іхнім сем’ям пажыцьцёвую недатыкальнасьць. Па заканчэньні свайго тэрміну былы прэзыдэнт становіцца пажыцьцёвым сэнатарам і захоўвае права на сваю цяперашнюю рэзыдэнцыю.
Казахскі прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў і прэзыдэнт Кыргызстану Аскар Акаеў таксама забясьпечылі сябе заканадаўчым чынам гэткія ж гарантыі.
А “Туркмэнбашы” Сапармурат Ніязаў зьяўляецца ўвогуле пажыцьцёвым прэзыдэнтам, аднак часу ад часу кажа пра магчымае правядзеньне выбараў прэзыдэнта. Апошні раз ён гэта зрабіў 2 лютага, калі абвясьціў пра правядзеньне наступных выбараў прэзыдэнта ў 2008 ці 2009 гадах.
(Ніязаў: ) “Прэзыдэнцкія выбары будуць праведзеныя, як таго жадае Алах. Мы будзем мець прынамсі трох ці чатырох кандыдатаў, якія будуць удзельнічаць у выбарах. Яны будуць мець права на два тэрміны на гэтай пасадзе, як гэта гарантуе Канстытуцыя. Калі вы становіцеся прэзыдэнтам, то можаце быць ім два тэрміны – усяго 10 гадоў. Давайце ня будзем рабіць болей. Вы зрабілі выключэньне для мяне, таму што я — першы прэзыдэнт. Давайце працаваць далей. Што да новага прэзыдэнта, калі гэтага захоча Алах, калі гэты чалавек будзе сумленна працаваць і будзе папулярным сярод людзей... тады ў нас будуць выбары з удзелам канкурэнтаў”.
Аналітыкі адзначаюць, што калі сваю пасаду пакіне адзін з сярэднеазіяцкіх лідэраў, то гэта зьменіць палітычную сытуацыю ва ўсім рэгіёне.
Кыргызстан можа стацца першай кранай, якая будзе мець новага прэзыдэнта, калі Аскар Акаеў вырашыць ня браць удзел у выбарах, якія маюць адбыцца сёлета ў кастрычніку. У першыя гады незалежнасьці Акаеў лічыўся прыхільнікам дэмакратыі, і Кыргызстан называлі “выспай дэмакратыі” ў Сярэдняй Азіі. Але хутка Акаеў павялічыў сябе прэзыдэнцкія паўнамоцтвы, як і кантроль над эканомікай.
Палітычны аналітык з маскоўскага цэнтру Карнэгі Адрэй Рабаў лічыць, што найбольш верагодны сцэнар, калі кіраўнікі краінаў Сярэдняй Азіі прызначаць пераемніка з асобаў, якія належаць да роднасных клянаў.