Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежных журналістаў выслухаў ідэоляг аблвыканкаму


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня прадстаўнікоў недзяржаўных выданьняў прыняў кіраўнік ідэалягічнай управы Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Амелька. Гутарка была пра дыскрымінацыю незалежных журналістаў. Спадар Амелька часткова паабяцаў выправіць сытуацыю

Рашэньне запісацца на прыём да кіраўніка ідэалягічнай управы было прынятае на паседжаньні гарадзкой філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў. На гутарцы ў спадара Амелькі сёньня былі тры супрацоўнікі газэты “Биржа Информации”, выданьне якой міністэрства інфармацыі прыпыніла на тры месяцы, ды іншыя журналісты — усяго восем чалавек.

Пытаньні да Ў. Амелькі былі наступныя: журналістаў недзяржаўных выданьняў перасталі запрашаць на прэсавыя канфэрэнцыі, якія рэгулярна адбываюцца ў аблвыканкаме. У будынак аблвыканкаму цяпер ня трапіць, там зрабілі прапускную сыстэму, і пропускі дасталіся толькі журналістам дзяржаўных мас-мэдыяў. Спадар Амелька паабяцаў, што дапаможа ў гэтай справе.

Што датычыць “Биржи Информации”, дык з 24 лютага павінен аднавіцца яе выхад. Аднак рэдакцыі пакуль не ўдалося падпісаць дамову з друкарняй, а Скідзельская спажыўкаапэрацыя, якая мае крамы ў вёсках Гарадзенскага раёну, адмовілася прадаваць у іх газэту.

Нарэшце, спадар Амелька выдаў рэкамэндацыі для дзяржаўных прадпрыемстваў, каб яны не давалі рэкляму ў недзяржаўныя газэты. Ён прызнаўся журналістам, што пасьпяшаўся з рэкамэндацыямі наконт рэклямы.

Гарадзенскія сябры БАЖу ня мелі вялікіх ілюзіяў наконт вынікаў гутаркі, але атрымалі пэўную сатысфакцыю ўжо з таго, што іх прынялі і выслухалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG