Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былой кіраўніцы справаў прэзыдэнта далі 4 гады, але яна ў суд не зьявілася


Алег Грузьдзіловіч, Менск Чатыры гады зьняволеньня прысудзілі былой кіраўніцы справаў прэзыдэнта Галіне Жураўковай. Аднак арышт Галіны Жураўковай адкладзены з прычыны яе нечаканага захворваньня.

На паўгадзіны пазьней пачалі зачытваць прысуд у справе Галіны Жураўковай і яе чатырох суўдзельнікаў зь дзяржаўнага прадпрыемства “Белая Русь”. Судзьдзі чакалі, калі зьявіцца Галіна Жураўкова, аднак былая кіраўніца справаў прэзыдэнта гэтак і не прыйшла ў будынак Вярхоўнага суду. Тое, што пазьней прагучала ў судзе, Жураўкову яўна б расчаравала.

Суд прызнаў усіх прыцягнутых да адказнасьці вінаватымі ў крадзяжы грошай у вялікіх памерах і асудзіў да зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Галіне Жураўковай далі 4 гады калёніі, яе былым падначаленым Аляксандру Мурашку і Юрыю Матусевічу таксама па 4 гады, а Сяргею Сьцяпанаву і Віктару Асіпенку па 5 гадоў. Усе асуджаныя пазбаўленыя права пасьля адбыцьця пакараньня цягам 5 гадоў займаць кіроўныя пасады.

Пракурор Мікалай Корзун быў адзіным, хто пасьля агалошваньня прысуду пагадзіўся размаўляць з журналістамі.

(Корзун: ) “Так, прысудам я вельмі задаволены. Лічу, што гэта правільны прысуд. Больш нічога не магу сказаць, бо пакуль агалошаная толькі выніковая частка прысуду. Паводле закону яе арыштуюць. Дзе сама Жураўкова, ці яна цяпер дома, я ня ведаю. Пра гэта вы можаце спытаць у сакратара судовага паседжаньня альбо ў судзьдзі”.

Сакратарка Марыя Ляшкевіч паведаміла, што Галіна Жураўкова даслала ў суд мэдычную даведку адносна сваёй хваробы. Паводле гэтай даведкі, з 7 лютага Галіна Жураўкова знаходзіцца “на пасьцельным рэжыме”. Якой мэдычнай установай зацьверджаная гэтая даведка, сакратарка не паведаміла.

Адвакат Галіны Жураўковай Алег Дубавец у сваім камэнтары да прысуду быў звышляканічны.

(Дубавец: ) “Будзем абскарджваць. Канечне, ня згодны”, — заявіў адвакат для Радыё Свабода.

Ён удакладніў, што гэты ягоная асабістая пазыцыя, якой ён яшчэ не ўзгадніў са сваёй падабароннай Галінай Жураўковай. Магчыма, яны пабачацца заўтра, 9 лютага, а да таго часу Алег Дубавец яе турбаваць не зьбіраецца.

(Дубавец: ) “Хварэе, ёй выклікалі хуткую дапамогу. Сёньня, ва ўсялякім разе, зь ёй злучацца я ня буду”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG