Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізаваны полацкімі ўладамі сэмінар для прадпрымальнікаў ператварыўся ў мітынг


Вінцэсь Мудроў, Полацак Ізноў неспакойна ў асяродзьдзі дробных прадпрымальнікаў. Гэтым разам яны пратэстуюць супраць увядзеньня падатку на дабаўленую вартасьць у дачыненьні да тавараў, увезеных з Расеі. 1 лютага застрайкавалі пінскія прадпрымальнікі, а 10 лютага аднадзённы папераджальны страйк плянуюць правесьці іх калегі па ўсёй Беларусі. Улады ў рэгіёнах спрабуюць зьбіць страйкавую хвалю. З гэтай мэтай 7 лютага ў Полацку работнікамі Міністэрства па падатках і зборах быў зладжаны адмысловы сэмінар для прадпрымальнікаў, што гандлююць на мясцовых кірмашах.

Сэмінар меў на мэце азнаёміць прадпрымальнікаў з самой тэхналёгіяй спагнаньня падатку на дабаўленую вартасьць. Ладзіўся ён у вялікай залі выканкаму і народу туды прыйшло як ніколі: людзі запоўнілі ўсе праходы, стаялі ў дзьвярах і нават у выканкамаўскіх калідорах.

Ну а сама атмасфэра і антураж мерапрыемства нагадвалі мітынг. Не пасьпелі арганізатары сэмінару згадаць пра неабходнасьць уплаты ў бюджэт 18 адсоткаў ад кошту тавараў, як у залі пачуўся шум, воклічы абурэньня, якія не сьціхалі да канца гэтага, умоўна кажучы, сэмінару. Неўзабаве пачуліся патрабаваньні даць слова старшыні Незалежнага прафсаюзу дробных прадпрымальнікаў Полаччыны Валеру Шаўчэнку. Арганізатары мерапрыемства заявілі, што гэта не прадугледжана рэглямэнтам, аднак пасьля таго, як заля пачала голасна скандаваць прозьвішча прафсаюзнага лідэра, ён атрымаў слова.

Гаворыць Валер Шаўчэнка:

(Шаўчэнка: ) “Калі я выйшаў на трыбуну, найперш сказаў, што падатак будзе не 18, а 30-40 адсоткаў. Бо ў нас няма суправаджальных дакумэнтаў, і падатак будзе брацца не па расейскім пакупным кошце, а па кошце рэалізацыі тавару ў Беларусі. Гэта справакуе рост цэнаў. Але гэта толькі адна з 35-ці прычынаў, чаму нельга ўводзіць згаданы падатак”.

Кажучы пра наступствы ўрадавай ініцыятывы, спадар Шаўчэнка казаў пра зьбядненьне народу ў выніку роста цэнаў і, адпаведна, аб магчымым спыненьні прадпрымальніцкай дзейнасьці прыкладна паловаю дробных прадпрымальнікаў. Тым часам, пакуль прафсаюзны лідэр прамаўляў з моўніцы, работнікі падатковай інспэкцыі цішком сышлі з залі, і сэмінар заканчваўся ўжо бязь іхнага ўдзелу.

Полацкія прадпрымальнікі не зьмянілі сваіх плянаў наконт страйку 10 лютага. Пра гэта распавядзе Валер Шаўчэнка:

(Шаўчэнка: ) “Пазыцыя прадпрымальнікаў Полаччыны адназначная: 10 лютага мы ладзім папераджальны страйк. Нашыя патрабаваньні да ўладаў: тэрмінова распачаць перамовы, папярэдне адтэрмінаваўшы ўвядзеньне падатку. Калі ўлады ня пойдуць нам насустрач, будзем рыхтавацца да бестэрміновага страйку ў сакавіку без уплаты ўсіх падаткаў і збораў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG