Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БДГ” пра туркмэнскую апазыцыю: “Ёсьць у каго павучыцца”


Падрыхтавала Юлія Шарова Агляд незалежнага друку

“БДГ” расказвае пра беларускіх вайскоўцаў, што наймаліся й наймаюцца служыць у войскі іншых краінаў па кантракце. Нагодай для зьмяшчэньня гэтага матэрыялу стала паведамленьне пра сьмерць грамадзяніна Беларусі Віктара Ёлкіна, які служыў у амэрыканскім войску й загінуў у Іраку. Гэтае паведамленьне, як вядома, у дзяржаўных мэдыях цягам усяго мінулага тыдня суправаджалася камэнтарамі: ня варта было езьдзіць у Амэрыку па грошы, можна было б заставацца ў ціхай і спакойнай Беларусі. Між тым беларусы працягваюць удзельнічаць у ваенных канфліктах у іншых краінах. Што іх да гэтага штурхае – высьвятляе сёньняшняя “БДГ”.

Таксама ў газэце можна знайсьці артыкул “Ёсьць у каго павучыцца” – у ім прадстаўнікі туркмэнскай апазыцыі апавядаюць пра тое, як жывецца ім ды звычайнаму насельніцтву краіны, дзе ўладарыць практычна пажыцьцёвы прэзыдэнт Сапармурат Ніязаў. Там, са словаў туркмэнскіх апазыцыйных палітыкаў, проста квітнее наркабізнэс, а за атрыманьне амаль любога працоўнага месца трэба даваць чыноўнікам хабар.

Віцебскія ўлады афіцыйна распачалі падрыхтоўку горада да правядзеньня чарговага, чатырнаццатага фэстывалю “Славянскі базар”, якія сёлета, па даручэньні кіраўніка краіны, павінен стаць “асаблівым ды выгадна адрозьнівацца ад усіх папярэдніх”, піша “Витебский курьер”. Фэстываль распачнецца 15 ліпеня. Да гэтага часу віцебскія ўлады хочуць прывесьці ў парадак шмат якіх гарадзкіх аб’ектаў: рэканструяваць Прывакзальны сквэр, адрамантаваць шмат ходнікаў, агароджаў, прыбіральняў. Апрача таго, будзе зроблены рамонт амфітэатра, на што патрацяць амаль 600 мільёнаў рублёў. Прычым усе неабходныя сродкі на добраўпарадкаваньне гораду пакуль ня знойдзеныя.

А вось расейская эстрадная артыстка Клара Новікава ўжо цяпер адмовілася ехаць у Менск з канцэртам, паведамляе сёньняшняя “Камсамолка”. Артыстка спаслалася на прастуду, але, магчыма, папросту даведалася, што на ейны канцэрт у беларускай сталіцы прадалі толькі чвэрць квіткоў. Арганізатары канцэртаў разумелі, што ў лютым прынята віншаваць спачатку зь Днём Сьвятога Валянціна, потым адзначаць Дзень Абаронцы Айчыны, а білет на канцэрт – выдатны падарунак. Але сёлета імпрэсарыё перастараліся: на люты заплянавалі ажно 16 розных вялікіх шоў. Раскупіць такую колькасьць квіткоў менская публіка была няздольная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG