Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польская “Рябушка” праверак кантрольных органаў ня вытрымала


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польскі бізнэсовец Ірэнэўш Пракурат – прадстаўнік інвэстараў, якія два гады таму адкрылі фірму ў свабоднай эканамічнай зоне “Менск” фірму “Рябушка” зьвярнуўся да уладаў Польшчы з просьбай абараніць прадпрыемства ад “незаконных захадаў” з боку беларускіх дзяржаўных установаў. Паводле спадара Пракурата, шматлікія праверкі і камісіі спрычыніліся да спыненьня працы фірмы, хаця ўсе абвінавачаньні кантрольных органаў у парушэньнях суд адкінуў.

У стварэньне фірмы “Рябушка” ў свабоднай эканамічнай зоне “Менск” інвэстары ўклалі каля паўмільёна даляраў. Прадпрыемства пачало вытворчасьць у 2003 годзе і займалася расфасоўкай і ўпакоўкай імпартаванага з Амэрыкі курынага мяса. Аднак, паводле Ірэнэўша Пракурата, празь некалькі месяцаў, пачаліся бясконцыя праверкі, у выніку якіх фірма была вымушаная спыніць дзейнасьць, звольніўшы больш за 200 беларусаў, якія там працавалі.

(Пракурат: ) “Ужо больш за год цягнецца ліставаньне, спрэчкі паміж фірмай і адпаведнымі органамі ў Беларусі. Пасьля адной камісіі прыходзіць наступная і ўвесь час нешта шукаюць – патрабуюць паперы, якія паводле мытных правілаў, мець не абавязкова. Каб правесьці праверку практычна закрылі фірму. Як кажуць у Беларусі “спачатку закрываюць, а потым шукаюць доказы”. На сёньняшні дзень ніхто не давёў, што мы вінаватыя, а наадварот – суд прызнаў, што кантрольныя органы ня мелі рацыі. Але нягледзячы на гэта, усё вісіць у паветры”.

Паводле спадара Пракурата, 90% прадукцыі фірмы прадавалася ў Расею і тамтэйшыя кліенты і дзяржаўныя органы ніякіх прэтэнзіяў да дакумэнтацыі “Рябушкі” ня мелі.

Цяпер ня выключана, што польскія бізнэсоўцы згубяць грошы, ўкладзеныя ў закупку адмысловага абсталяваньня, бо за час, калі доступ да яго быў забаронены кантрольнымі органамі, каштоўныя машыны маглі сапсавацца.

(Пракурат: ) “Інвэстыцыйны клімат у Беларусі заўсёды быў складаны, але тое, што беларускія ўлады робяць у справе нашай фірмы я не магу зразумець. Гэта ж выгадна Беларусі – мы 90% тавару прадаём у Расею, канкурэнцыю тут нікому не робім, а толькі плацім падаткі ў беларускі бюджэт. Ад 1997 году, калі паўстала свабодная эканамічная зона ў Берасьці, мяне ўвесь час заахвочвалі, каб туды інвэставаць, бо, маўляў, ёсьць ільготы, добрыя ўмовы. А калі ўрэшце мы ўклалі туды грошы, калі фірма пачала працаваць на ўсю моц, дык беларускія ўлады змусілі нас спыніць вытворчасьць”, – заявіў радыё Свабода Ірэнэўш Пракурат

У выніку спадар Пракурат па даручэньні кіраўніцтва “Рябушкі” зьвярнуўся ў МЗС і мытную службу Польшчы з просьбай абараніць фірму ад “незаконных захадаў” з боку беларускіх дзяржаўных установаў.

Гэты зварот быў перададзены ў МЗС Беларусі, аднак пакуль ніякага адказу няма.

Між тым пра справу “Рябушкі” паведамляюць сёньня і шэраг вядучых польскіх СМІ. “У Беларусі існуе дзяржаўны рэкет. Беларускія ўлады не схільныя прызнаць сваю памылку, таму калі ўжо пачалі праверку ў якой-небудзь фірме, дык ня спыняцца, пакуль ня знойдуць што-небудзь, што можна прызнаць незаконным. Такая палітыка беларускіх уладаў прывядзе да таго, што замежны капітал будзе ўцякаць зь Беларусі, а гэта не карысна для краіны”, – цытуе Польскае прэсавае агенцтва аднаго з польскіх бізнэсоўцаў, які мае долю ў фірме, што працуе ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG