Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БСДГ вылучыла прэтэндэнтам на адзінага кандыдата Станіслава Шушкевіча


Альгерд Невяроўскі, Менск 6 лютага Цэнтральная рада Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады вылучыла свайго прэтэндэнта на адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў. Ім стаў лідэр партыі, былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Спадар Шушкевіч, аднак, гаворыць, што гатовы разам зь іншымі калегамі шукаць адзінага кандыдата ад дэмакратычнай апазыцыі.

Паводле схемы пошуку адзінага кандыдата ў прэзыдэнты, ухваленай стала дзеючай нарадай дэмакратычных сілаў, кожная партыя, а таксама рэгіянальныя сходы грамадзкасьці павінны вылучыць сваіх прэтэндэнтаў. А потым Кангрэс дэмсілаў, які мае прайсьці ў траўні ў адной з суседніх зь Беларусьсю краінаў, абярэ з гэтых прэтэндэнтаў адзінага кандыдата.

Старшыня БСДГ Станіслаў Шушкевіч спачатку жаданьня вылучацца не выказваў, таму выканкам партыі прапанаваў у прэтэндэнты кандыдатуру Мечыслава Грыба. Але на паседжаньні Цэнтральнай рады акрамя Грыба былі ўсё ж вылучаныя кандыдатуры спадара Шушкевіча, а таксама пісьменьніцы Вольгі Іпатавай. Спадарыня Іпатава адразу ж узяла самаадвод, параіўшы партыйцам шукаць сапраўды моцнага і прывабнага кандыдата.

Мечыслаў Грыб сказаў, што кандыдат усё роўна будзе толькі адзін, але пакуль ідзе гэты конкурс, паўдзельнічаць у ім БСДГ неабходна. Станіслаў Шушкевіч жа, нагадаўшы пра свой высокі адмоўны рэйтынг сярод выбарцаў, сказаў, што калі яму выказваюць давер калегі, ён вылучацца будзе. У выніку таемнага галасаваньня Шушкевіч набраў 19 галасоў сябраў Цэнтральнай рады, а Грыб –9.

(Шушкевіч: ) “Мы будзем вырашаць пытаньне адзінага кандыдата лягічным дэмакратычным чынам у больш шырокім асяродзьдзі прадстаўнікоў палітычнай апазыцыі. У мяне ёсьць свае меркаваньні, хто павінен быць лідэрам нацыі, хто павінен быць на першым месцы”.

Мечыслаў Грыб сказаў, што вынікамі галасаваньня ня зьдзіўлены, бо ў адваротным выпадку сапраўдным лідэрам партыі быў бы не Шушкевіч, а Грыб.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG