Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стыў Форбс: “Калі нехта абяцае пабудаваць “рай на зямлі”, трэба памятаць, што тут адзін крок да пекла”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Госьць Свабоды – Стыў Форбс: мільярдэр, дырэктар выдавецкай карпарацыі “Форбс” і галоўны рэдактар прэстыжнага амэрыканскага часопісу “Форбс”, які часам называюць “Бібліяй амэрыканскіх бізнэсоўцаў”.

Адказваючы неяк на пытаньне, як зрабіць так, каб час у працы мінаў хутчэй, Стыў Форбс сказаў: “Калі вы займаецеся тым, што прыдумляеце, як хутчэй “адбыць” свой час у працы – кіньце гэтую працу. Трэба рабіць тое, што падабаецца, і як мага лепш, і толькі тады вы зможаце дасягнуць сапраўднага посьпеху”.

Гэта адзін з галоўных жыцьцёвых дэвізаў мільянэра, чалавека, які быў кандыдатам ад рэспубліканскай партыі на пасаду прэзыдэнта.

Ягоны дзед Бэрці Чарльз Форбс прыехаў у Злучаныя Штаты з Шатляндыі дакладна сто гадоў таму. Бэрці Форбс быў шостым у сям’і, дзе было 10 дзяцей, і з-за недахопу адукацыі ня мог знайсьці працу. Тады ён прыйшоў да аднаго з выдаўцоў і запрапанаваў яму, што будзе працаваць некаторы час бясплатна, каб той мог ацаніць ягоны ўзровень. Празь некалькі гадоў Бэрці Форбс стаў адным з найлепшых эканамічных аглядальнікаў у краіне, а выдаўцы змагаліся за ягоныя артыкулы. Пра гісторыю паўстаньня часопісу “Форбс” расказвае Стыў Форбс.

(Форбс: ) “Вы сказалі, што працуеце на Радыё Свабодная Эўропа? Я займаўся ім ў часы Рэйгана... Але да справы. Калі дзед пачаў выдаваць часопіс “Форбс”, яго, як у кожным бізнэсе, разам з посьпехам чакалі і цяжкія выпрабаваньні. Першы нумар часопісу выйшаў у 1917 годзе, і ад самога пачатку ўвага выданьня была засяроджаная на асобе, на канкрэтнай асобе. Бізнэс – гэта статыстыка, матэматычныя мадэлі, але лічбы толькі адлюстроўваюць дасягненьні людзей.

Лічбы – гэта як фотаздымкі, зробленыя ў канкрэтны час і ў канкрэтным месцы. Але за лічбамі стаяць людзі. Нават сёньня, калі наш часопіс поўны статыстыкі, мы заўсёды засяроджваемся на асобах. Мой дзед любіў паўтараць, што пра любую фірму можна больш даведацца, ацаніць, будзе яна пасьпяховай ці не, калі паглядзець на людзей, якія ёй кіруюць. Калі гэта добрыя людзі, дык яны змогуць зрабіць добры бізнэс нават з дрэннага бізнэсу. І наадварот: калі гэта дрэнныя мэнэджэры, дык яны ператвораць вялізную кампанію ў маленькую ці зробяць зь яе банкрута. Калі выйшаў першы нумар часопіса “Форбс”, у ЗША быў выдадзены сьпіс сотні найвялікшых фірмаў – дагэтуль існуюць толькі каля 15 зь іх”.

У рэдактарскім артыкуле першага нумару часопіса “Форбс” Бэрці Форбс напісаў: “Бізнэс зьявіўся дзеля таго, каб выпускаць шчасьце, а не бяздумна павялічваць багацьце. Мы, як падаецца, гатовыя забыцца на гэта. Размаўляючы з забясьпечанымі людзьмі, я нярэдка адчуваў, што яны робяць бізнэс толькі дзеля бізнэсу, разглядаюць павялічэньне сваіх мільёнаў як канчатковую мэту свайго жыцьця і само жыцьцё, як працэс, што служыць дзеля гэтага... Яны так моцна прыгнечаныя матэрыяльным, што ня могуць атрымліваць асалоду ад ірацыянальнага, духоўнага, ідэальнага. Проста атрымліваць – гэта ня значыць жыць. Бізнэс – гэта працэс самарэалізацыі, што ў выніку вядзе да зьменаў сьвету. Трэба заўсёды бачыць мэту, якая знаходзіцца далей інстынкту атрыманьня прыбытку”.

Эпіграфам да рэдактарскіх артыкулаў у сваім часопісе Бэрці Форбс абраў цытату з Бібліі “Разумей усё, што атрымліваеш”, якая захавалася ў часопісе да сёньняшняга дня.

(Форбс: ) “Посьпех сёньня не азначае посьпеху заўтра. Трэба мець новыя падыходы, сьвежыя думкі, іначай нічога не атрымаецца – гэта дэвіз нашага часопісу. У 1929 годзе майму дзеду запрапанавалі 10 мільёнаў даляраў за правы на часопіс, але ён катэгарычна адмовіўся, бо хацеў захаваць “адзіны незалежны эканамічны часопіс Амэрыкі”. Потым у ЗША пачаўся вялікі крызыс, і праз тры гады часопіс збанкрутаваў – засталося толькі імя. Але часопіс выжыў. Цяпер “Форбс” ізноў наверсе, але я заўсёды памятаю, што посьпех не даецца назаўсёды. Трэба ўвесь час працаваць для яго”.

Стыў Форбс, які пераняў сямейны бізнэс у 1990-м (да гэтага ён 10 гадоў езьдзіў па сьвеце, каб падрыхтавацца да гэтай пасады) здолеў зрабіць так, што наклад часопіса “Форбс” амаль зраўняўся з накладам свайго галоўнага канкурэнта, часопіса “Business week”.

Які рэцэпт Стыва Форбса на посьпех? Што галоўнае ў бізнэсе? Адукацыя, капітал, гэтак званы дзелавы нюх ці нешта іншае?

(Форбс: ) “Галоўнае – не баяцца паразаў, быць гатовым да паразаў, калі вы хочаце дасягнуць посьпеху. Паверце, адукацыя, добрыя адзнакі, тут ня самае галоўнае, галоўнае, як свае веды выкарыстаць. Яскравы прыклад – Біл Гейтс, які нават ня скончыў Гарвардзкі ўнівэрсытэт, і такіх прыкладаў шмат. Ва ўмовах вольнага рынку вы зможаце дамагчыся посьпеху, задавальняючы патрэбы іншых людзей, не баючыся рызыкаваць.

Ісьці насустрач патрэбам людзей – гэта галоўнае. Вы можаце мець вельмі дрэнны характар, так што нават ад адной вашай прысутнасьці плачуць дзеці, але калі вы запрапануеце нешта, што сапраўды неабходнае людзям – посьпех гарантаваны. Але прыярытэты і патрэбы людзей мяняюцца. Мусіце зьмяняцца й вы, прычым патрэбы таксама можна зьмяніць, калі стварыць нешта, пра што чалавек падумае: так, гэта мне патрэбна. Можна сказаць, што бізнэс – гэта не дзяліць пірог, але пячы іншыя і большыя пірагі, чым у іншых. І памятайце, правалы не павінны выбіць вас з каляіны. Адны дасягаюць посьпеху раней, іншыя пазьней. Рэй Кларк, які стварыў Макдональдс, меў 58 гадоў, а да гэтага ў яго нічога не атрымлівалася, ён прадаваў шэйкэры для малочных кактэйляў”.

Паводле Стыва Форбса, бізнэсоўцы павінны ўвесь час ствараць нешта новае. Напрыклад, калі б 20 гадоў таму прадпрымальнік пачаў апытваць кліентаў, што новага яны хочуць мець у сфэры інфармацыі і тэхналёгіяў, яны б сказалі – лепшую друкарку. Але потым прыдумалі кампутары, і людзі зразумелі, што гэта тое, што ім патрэбна.

* * *

У Беларусі нярэдка можна пачуць: маўляў, як жа мы можам жыць добра, калі ў нас няма дастаткова сваіх энэрганосьбітаў, у першую чаргу нафты і газу. На думку Стыва Форбса, гэткія заявы абсалютна беспадстаўныя, бо, напрыклад, найбагацейшыя краіны ў Эўропе якраз ня маюць вялікай колькасьці карысных выкапняў. Але гэта ня толькі эўрапейскія краіны і краіны з доўгімі традыцыямі вольнай гаспадаркі.

(Форбс: ) “Вось Ганконг, напрыклад. 50 гадоў таму гэта была вельмі бедная краіна – даход на душу насельніцтва складаў некалькі соцень даляраў. Цяпер гэта 28 тысячаў даляраў, краіна квітнее. Яны папросту адрэгулявалі сваю падаткавую сыстэму, рынкі працы. А ў Ганконга няма ніякіх прыродных рэсурсаў, яны нават ваду імпартавалі! У Ганконгу былі створаныя ўмовы, якія далі людзям магчымасьць зарабляць.

Адна з умоваў, якія мусіць выканаць краіна, калі яна хоча стаць больш заможнай – гэта ўвядзеньне адзінага падатку. Тады зьнікае гэтак званы “шэры сэктар”, які ў краінах зь пераходнай эканомікай вельмі значны. Гляньце, што было ў Ірляндыі. 25 гадоў таму гэта была найбяднейшая краіна ў Эўразьвязе, і галоўнае, што яна імпартавала. Людзі ўцякалі куды толькі магчыма, каб нешта зарабіць. Але ірляндцы зьмяніліся. Яны ўвялі адзіны падатак – 12,5% – і пачалі актыўную рэклямную кампанію ў ЗША, што ў іх краіне можна зарабіць, а потым пашырыць свой бізнэс на эўрапейскі кантынэнт. Цяпер даход на душу насельніцтва ў Ірляндыі вышэйшы чым у Вялікай Брытаніі! Вось гэта найлепшая помста.

Так могуць зрабіць палякі і іншыя народы, што жывуць у гэтым рэгіёне – стаць мастом паміж усходам і захадам. Вось вам прыклад Славаччыны: адзіны падатак, добрыя законы, і ў гэтую краіну павалілі інвэстыцыі. Урад павінен разумець, што калі ён дасьць людзям магчымасьць рабіць бізнэс, ня будзе імкнуцца пакараць посьпех, гаспадарка будзе хутка разьвівацца і стане больш моцнай. Нават у Расеі гэта зрабілі – 4 гады таму ўвялі падатак у памеры 13%, і даходы бюджэту павялічыліся ўдвая! Важна яшчэ зрабіць больш простымі правілы прыёму і звальненьня людзей, а таксама шанаваць права прыватнай уласнасьці – каб дзяржава не магла ўмешвацца ці адабраць уласнасьць у вас”.

* * *

Дагэтуль гаворка йшла пра краіны, якія ўжо распачалі рэформы, пра тое, як зрабіць гэтыя рэформы больш эфэктыўнымі. А што Стыў Форбс думае пра такія краіны, як Беларусь, кіраўніцтва якіх шукае гэтак званы “трэці шлях” ды такім чынам абяцае пабудаваць квітнеючую сацыяльную дзяржаву?

(Форбс: ) “Што да Беларусі, дык калі нехта абяцае пабудаваць “рай на зямлі”, трэба памятаць, што тут адзін крок да пекла. Сталін і Ленін абяцалі пабудаваць “рай на зямлі”, таксама як Гітлер. Асьцерагайцеся такіх заяваў. Найлепшае, што можна зрабіць для Беларусі – гэта паскорыць рэформы тут у Польшчы, а таксама ва Ўкраіне. Гэта вельмі важна, каб Украіна пачала хутка разьвівацца ў эканамічным сэнсе, але таксама і ў сэнсе узмацненьня дэмакратычных інстытутаў. Тады людзі ў Беларусі пачнуць думаць: ў іншых краінах усё лепш і лепш, нашы суседзі жывуць лепш, а пачыналі ад таго самага што й мы. Чаму ж мы, беларусы, ня можам? Вельмі добрая рэч у нашыя часы – гэта тое, што ўрады ўжо ня могуць цалкам кантраляваць інфармацыйную прастору. Людзі могуць атрымліваць інфармацыю праз радыё, спадарожнікі, інтэрнэт. Дык калі ваш урад хоча зрабіць з краіны ізаляваную выспу стагнацыі, празь некаторы час гэтага будзе вельмі цяжка дасягнуць. Усё і ўсе навокал мяняецца ў лепшы бок. Канешне, на Лукашэнку можна ціснуць палітычнымі сродкамі, але падзеі ў суседніх краінах будуць лепшым ціскам, асабліва калі Ўкраіна пойдзе ў добрым накірунку, дык Беларусь таксама пойдзе за ёй”.

Калі б Стыву Форбсу прышлося пачынаць бізнэс цяпер, які кірунак ён бы абраў?

(Форбс: ) “Ведаеце, я тут хачу ізноў прыгадаць свайго дзеда. Калі ягоны часопіс зрабіўся вядомы, дык яго заўсёды пыталі: ну, што будзе далей? Што будзе з коштам акцыяў, золата і гэтак далей? Ён заўсёды адказваў: “Я ведаю, што можна больш зарабіць даючы парады, чым карыстаючыся імі”. Я б сказаў, што трэба пачынаць рабіць такі бізнэс, якім вы захапляецеся”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG