Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Павал Севярынец


Павал Севярынец, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя нататкі мінулага тыдня прадстаўляе Павал Севярынец. Ён мае 28 гадоў, адукацыю інжынэра-геоляга, папулярнасьць аднаго зь лідэраў незарэгістраванага грамадзкага руху “Малады фронт”, прыхільнасьць да хрысьціянскае дэмакратыі, сярэднюю тэмпэратуру цела 36,6 градусаў і шмат якія яшчэ схаваныя ад шырокае публікі пазытыўныя якасьці.

29 студзеня

Халодна. Вяртаемся зь сябрамі з сустрэчы. Яшчэ дзьве гадзіны таму ў гатэлі пад Вільняй усе абмяркоўвалі, як зьмяніць Беларусь, і было цёпла, часам нават горача… Здавалася, яшчэ крыху, і, як у вядомай гульні, будзе зусім горача, аж пякуча, і мы нарэшце знойдзем тое, што было схаванае ад нас апошнія дзесяць гадоў… А цяпер пад’яжджаем да мяжы, і ўжо ў машыне дубеюць ногі ды рукі — такое ўражаньне, што недзе там, наперадзе, насустрач нам паўстае абшар арктычнае прасторы з эпіцэнтрам у недасяжным полюсе холаду.

На мяжы стаім гадзіны дзьве ў чарзе. Беларускія мытнікі прыдзірліва аглядаюць кожную машыну — а то ж, абы-каго і абы-як у нашую квітнеючую, сонечную і самую чырвона-зялёную краіну ў Эўропе ня пусьцяць. “Заяжджаем, быццам у партызанскую зону”, — бурчыць наш кіроўца насустрач засяроджаным і спраўным, быццам беларусьфільмаўскім, хлопцам у форме. “Парцізанаў у нас нет”, — строга зірнуўшы на нас, папярэджвае адзін. “Будуць!” — змрочна абяцае кіроўца.

30 студзеня

Віцебск. Холад настолькі моцны, што прабірае да касьцей, ломіць скроні і нават у аўтобусе усе нахохліваюцца і ўцінаюць галовы ў плечы. На шкле — заінелыя ўзоры: крышталізуецца выдыхнутая пара. Прыглядаюся, хто чым дыхае. Тут, дзе сядзела дзіцё, елачныя лапкі іскрыста дрыжаць і зіхцяць зялёным, калі праяжджаем паўзь сьветлафор; тут, ля прывабнай дзяўчыны, распускае пялёсткі празрыстая чырвоная ружа, калі на сьветлафоры спыняемся; а вось у гэтага пэнсіянэра шкло ўвесь час шэрае, у драбнюткі пыл, толькі зрэдку цьмяна ўспыхвае па ліхтарах… Уся краіна навыперабой каўтае халоднае-халоднае паветра, ад якога нямее горла і ўсё цела апаноўвае прадчуваньне павольнай эпідэміі грыпу.

Згадваю Майдан, намётавае мястэчка на Хрышчаціку. Нам, маладафронтаўцам, якія брыгадай 50 чалавек прыехалі дапамагаць братам хто ў восеньскай куртачцы, хто ў пантофлях — усё-такі Ўкраіна, як-ніяк поўдзень — адразу даліся ў знакі кіеўскія мінус пяць. Палова хварэла, іх забіралі на кватэры кіяне; на вейках у тых, хто стаяў у ахове па пэрымэтры мястэчка, праз колькі гадзінаў высыпала шэрань; а астатнія зацята мерзьлі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі на Майдане, спалі ў намётах, закруціўшыся ў два спальнікі і паклаўшы ў ногі плястыкавыя бутэлькі з кіпнем, здабытым на кухні. Але дзіўная штука, адчуваньня холаду адтуль не засталося. Наадварот: гарачая гарбата ў штурханіне сярод львоўскіх, тэрнопальскіх, жытомірскіх, з параю; шматтысячная дыскатэка ў самым жарале Майдану, перад сцэнаю, дзе выкладваюцца на 100 працэнтаў і да 100 градусаў, да кіпеньня, паўраспранутыя “Воплі Відаплясава” й “Акіян Эльзы”; і — грандыёзная хваля цёплага аранжавага шчасьця, калі як сонца, перад народам зьяўляюцца Юшчанка, Юля, браты Клічкі або Руслана.

Мала падобна да майго, які дрыжыць ад холаду, белага і бязьлюднага гораду, дзе толькі заўчора чатырохгадовага пляменьніка паклалі пад кропельніцу з тэмпэратурай 39 і падазрэньнем на двухбаковае запаленьне лёгкіх.

31 студзеня

Еду ў Менск на вечаровым “Санкт-Пецярбург—Львоў”. У вагоне напалена. Праваднік, здаровы вусаты казак з цыгарэцінай заўважае бел-чырвона-белую значку. Ажыўляецца. “Ось такі самы прапар бачыў на Майдане!” Даведаўшыся, што і я там быў, адразу прадастаўляе асобнае купэ і бясплатную гарбату. “Вы нас падтрымалі, і мы да Менску прыйдзем, як у вас пачнецца!” Уяўляю, як праз пару гадоў у тым жа цягніку прастаўлю каву якому-небудзь піцерскаму праваабаронцу: “Бачыў вас з трыкалёрам у нас на Кастрычніцкай у час васільковае рэвалюцыі. Вялікі дзякуй! У 2008-м сустракаемся ў вас на Краснай плошчы!”

1 лютага

Менск. Халодна. Рукі ў кішэнях. Там дагэтуль муляюць грыўні. Украінцы аплацілі праезд да Майдану, я не дацяміў абмяняць іх па дарозе дахаты — і вось цяпер у Беларусі соўгаюся па абменьніках. Пару тыдняў таму ўвогуле не прымалі, цяпер бяруць за 200 рублёў, прадаюць за 420. За дзяржаву крыўдна.

У саміх беларусаў насьцярожанае стаўленьне да ўкраінскіх падзеяў. Расейскія тэлеканалы затлумілі мазгі наконт таго, што маларосаў па горла завалілі амэрыканскімі апэльсінамі, накачанымі наркатой, людзі на вуліцы аранжавай стужкі пабойваюцца. Мы з хлопцамі на нарадзе перабіраем рэшту палітры наконт беларускага адзінага колеру. Чырвоны — гарачы, ды бальшавіцкі, карычневы — цёплы, але фашыстоўскі, чорны — ніякі й анархісцкі, зялёны — жывы ды мусульманскі, блакітны — гомасэксуальны, жоўты — яркі й раздражняльны, фіялетавы — для тых, каму ўсё фіялетава, белы ўвогуле — колер капітуляцыі… Што застаецца? Сіні. Колер Эўропы. Колер надзеі. Колер летняга неба, цёплага мора і беларускага вока. Васільковы, індыгавы, ультрамарын. І, як акцэнт, як фішка, як блік — зыркая і гарачая залатая эўрапейская зорка…

2 лютага

Вільня. Нібыта адліга, але сьнег не растае. Ажно чатыры залатыя эўрапейскія зоркі блішчаць на шыльдах гатэлю, які прымае міжнародную канфэрэнцыю па Беларусі. Эўрапейцы зь цікавасьцю разглядаюць істотаў, якія жывуць недзе паміж Польшчай і Расеяй у краіне Чарнобылю і Лукашэнкі. Вечнае пытаньне ў халаднаватых вачах: калі вы такія разумныя, дык чаму тады бедныя і занядбаныя?..

Пасьля паседжаньня грамадой шпацыруем па віленскіх вулачках. Базыльянскія муры, Вострая Брама, Лукішкі… 140 гадоў таму адзін беларускі хлопец таксама марыў тут пра нацыянальную рэвалюцыю. Ідзем, чуем навокал чужыя мовы, гутарым пра забітую вёску, расейскую імпэрыю і прэзыдэнцкае самадзяржаўе — і раптам ачомваемся: а што, уласна кажучы, зьмянілася за гэтыя 140 гадоў? Тады, узімку, калі падымалі паўстаньне, Беларусь ляжала ў такіх жа белых сьнягах, і там таксама было вельмі, вельмі халодна.

3 лютага

Зноў Менск. Зноў халодна. Люты вельмі люты. Вільню грэе наша “Пагоня” ад самых балтыйскіх берагоў, Кіеў — аранжавае сонца Чарнамор’я, а сэрца Эўропы застаецца пустым і халодным.

Ідзем маладафронтаўскай гурбою ад Управы. Дзяўчаты хутаюцца ад сьцюжы, хлопцы падымаюць каўняры. Саграемся ў спрэчках пра адзінага кандыдата: абмяркоўваем, хто можа ўзначаліць беларускую аксамітную рэвалюцыю.

Пазьняк? Зянон, безумоўна, быў бы найлепшым правадыром. Прарок. Аскет. Хрысьціянін. Асоба! Многія памятаюць яшчэ, як ён вёў народ у канцы 1980-х, у 1991-м, на Чарнобыльскім шляху-96, як тады было горача ў першых шэрагах. За Пазьняком бы пайшлі, але — каб быў тут. Цяпер далёка Пазьняк. Далёка і халодна.

Лябедзька? У прынцыпе — на Майдане быў, на менскіх мітынгах выступаў, у “крыміналках” засьвяціўся. Але ж ці не загуляецца з Расеяй? Расея заўжды заканчвалася Сыбірам. А там халодна, дужа халодна.

Калякін? Сяргей Іваныч, вядома, дзядзька добры, але ж і камуніст. Пакаяўся б, спаліў бы партбілет — і быў бы такі сабе беларускі сацыяліст Мароз. Дык вось жа ня хоча Калякін паліць партбілету, ня хоча рабіцца Марозам. І так халодна. Халодна, хлопцы.

Клімаў? Клімаў… Сядзеў. Буйны. Трыбун. Чытачы ягоных кніжак кажуць з захапленьнем: “Ну адмарозак!” Адмарозак. Не. Халодна.

Генэрал Фралоў. Усё-такі генэрал. Галадаваў! Выступаў у палатцы. Скамандаваць можа, факт. Ды толькі ці будзе ў генэрала войска? Пакуль на гэты конт ні цёпла, ні халодна.

Вось Колас… Ліцэй захаваў. Пра мову і культуру кажа, ды і Рада інтэлігенцыі — гэта ж цяплей. Прозьвішча харошае, летняе. Ды толькі партыі ставяцца да Коласа прахалодна.

Статкевіч? Шляхціц. Эўрапеец. Баец.Пасьля рэфэрэндуму разам з моладзьдзю выйшаў на плошчу, разам сядзеў на Акрэсьціна, у халоднай камэры аддаваў падлеткам паліто, каб было цяплей. Праўда, калегі зь “пяцёркі” цёплых пачуцьцяў да Статкевіча не адчуваюць.

Мілінкевіч… Інтэлігент. Заходнік. Рэгіёны за ім. Рэха кампаніі Домаша ў мястэчках чуваць аж дагэтуль. Гэта цяплей, цяплей… У Горадні шэсьці арганізоўваў, а там бывала і горача… Ці зможа рушыць наперадзе, як Юшчанка, у Менску?

У такія глухія зімовыя халады так хочацца ісьці за тым, хто гарыць і сьвеціцца!.. Вернікі, у якіх пачынаецца вялікі пост, неўзабаве пачнуць свой шлях да Ўкрыжаванага і Ўваскрэслага Хрыста. Няверуючыя — хто па гарэлку, хто па цёплы камін, хто па гарачую дзесятку. За кім пойдзе Беларусь? Няўжо зноў за падвальнай бледнасьцю, ледзяным чорным позіркам і хрыплым фальцэтам часоў халоднай вайны?

Адчуваеш, як утульным, хатнім беларусам ад гэтага халодна.

Ці доўга яшчэ трываць?

Калі Бог дасьць — датрываем. Праз чатыры тыдні ўжо вясна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG