Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менская міліцыя затрымала Сяргея Антончыка і каля 20 ягоных сяброў


Альгерд Невяроўскі, Менск 5 лютага ў Менску міліцыя затрымала вядомага грамадзкага актывіста, былога дэпутата Вярхоўнага Савету Сяргея Антончыка, ягоную жонку Тамару і яшчэ каля 20 грамадзкіх актывістаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Усе затрыманыя знаходзіліся ў аддзеле міліцыі Савецкага раёну, дзе міліцыянты спраўджвалі асобы затрыманых. Пасьля таго, як на спадара Антончыка склалі пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага сходу, ён быў адпушчаны. 7 лютага ў судзе Савецкага раёну Менску над Сяргеям Антончыкам адбудзецца суд. Яму пагражае адміністратыўны арышт альбо вялікі штраф.

Больш дзесятка амонаўцаў і асобы ў цывільным уварваліся 5 лютага ў арэндаваную Сяргеем Антончыкам прыватную кватэру, дзе сабраліся грамадзкія актывісты з розных рэгіёнаў Беларусі. Усім прысутным міліцыянты абвясьцілі, што яны затрыманыя для высьвятленьня асобы. Сяргея Антончыка і ягоных сяброў пасадзілі ў аўтобус і адвезьлі ў Савецкі райаддзел.

Я зьвязаўся па тэлефоне з жонкай Сяргея Антончыка Тамарай, якая знаходзіцца сярод затрыманых. Вось што яна распавяла:

(Тамара Антончык: ) “Мы проста сабраліся, нармальныя ўсе людзі, сярод нас няма п’яных, усе ў сваім розуме, усе з дакумэнтамі. Сабраліся людзі паразмаўляць, пагаварыць пра гісторыю, гарбаты папіць. А нас трымаюць тут у райаддзеле”.

У пастарунку Сяргея Антончыка адразу ж аддзялілі ад рэшты ягоных калегаў і адвялі ў асобнае памяшканьне. Ягоная жонка не выключае, што Антончыка могуць абвінаваціць у арганізацыі несанкцыянаванага сходу і прыцягнуць да адміністратыўнай адказнасьці. Тым больш што такі прэцэдэнт ужо быў.

Напрыканцы мінулага году Сяргея Антончыка затрымалі за правядзеньне паседжаньня аргкамітэту грамадзкага руху самадапамогі “Айчына”. Ён быў абвінавачаны ў арганізацыі несанкцыянаванага сходу. Суд тады пакараў спадара Антончыка 15-сутачным адміністратыўным арыштам.

Тамара Антончык так патлумачыла мэту іх затрыманьня:

(Антончык: ) “Яны баяцца, калі нармальныя людзі аб’ядноўваюцца. Калі яны зьбіраюцца для любых формаў зносінаў. Таму яны назіраюць і пастаянна нас кантралююць ды не даюць нам нідзе сабрацца больш за два чалавекі”.

Нагадаю, што Сяргей Антончык быў дэпутатам апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Беларусі 12-га скліканьня. Асабліва вядомым ён стаў пасьля таго, як напрыканцы 1994 году падрыхтаваў і зачытаў даклад пра карупцыю ў бліжэйшым атачэньні Аляксандра Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG